Дарэчы, з Валянцінай Рэут вельмі цікава размаўляць: яна адначасова і просты ў побытавых стасунках чалавек, і складаны, невычэрпны, цікавы, калі гутарка датычыцца музыкі і, асабліва, харавога выканання. Па спецыяльнасці Валянціна Фёдараўна — выкладчык музычна-тэарэтычных і харавых дысцыплін, не адзін дзясятак гадоў аддала працы.
Калі музычны свет захапіў яе і стаў сэнсам жыцця, яна і сама не ведае, толькі сёння цвёрда ўпэўнена, што без музыкі жыць нельга. Магчыма, таму не заўважыла, што нарадзілася ўжо з музыкай у душы. Вельмі музыкальным ад прыроды быў бацька Валянціны — Фёдар Сяргеевіч Пронін. Ён, не ведаючы нотнай граматы, мог з лёгкасцю сыграць любую пачутую мелодыю, прычым на розных інструментах. Ён валодаў і пісьменніцкім дарам — праўда, пісаў больш для сябе — ды дочкі часам карысталіся яго творамі, калі патрэбна было пісаць сачыненні ў школе. Але склалася так, што Фёдару Проніну спачатку прыйшлося кіраваць калгасам у Ашмянскім раёне, пазней — птушкафермай, а музыка так і засталася марай. Вось і хацеў бацька, каб хоць адна з чатырох дачок прысвяціла жыццё музыцы, увасобіўшы ў рэальнасць яго імкненні.
Валянціна з дзяцінства была музыкальна адораным дзіцём. У Ашмянскую дзіцячую музычную школу яна паступіла ў няпоўных шэсць год, а ў першым класе ўжо выступала на сцэне гарадскога клуба. Вялікай увагі заняткам ігры на фартэпіяна дзяўчынка не надавала, але прыродныя здольнасці дапамаглі з лёгкасцю здаць экзамены ў школе і паступіць у Маладзечанскае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. Цікава, што ў гэты ж час, толькі на старэйшым курсе, вучыўся ігры на акардэоне будучы вядомы спявак Юрый Антонаў.
Валянціне было чатырнаццаць год, калі ёй упершыню прыйшлося на практыцы кіраваць сапраўдным хорам — і не дзіцячым, а на прадпрыемстве. Але страху перад хорам у яе не было ніколі. З пазіцыі сённяшняга вопыту тыя першыя спробы Валянціна Фёдараўна лічыць не вельмі прафесійнымі, але заняткі прыносілі асалоду, а калі калектыў атрымаў яшчэ і першае месца на гарадскім конкурсе, то ў дзяўчыны, як кажуць, выраслі крылы.
Пасля вучылішча была Беларуская дзяржаўная кансерваторыя і незабыўныя гады вучобы пад кіраўніцтвам выдатнага дзеяча беларускай культуры, самаадданага прыхільніка харавога мастацтва Віктара Уладзіміравіча Роўды. Ён стаў любімым педагогам і “другім бацькам”, з якім Валянціна Фёдараўна падтрымлівала сяброўскія адносіны аж да смерці майстра. Яго школа сталася падмуркам яе прафесійнага майстэрства.
Сваім самым плённым у працы часам Валянціна Фёдараўна лічыць гады, пражытыя ва Уладзівастоку, куды яна прыехала з мужам — афіцэрам-падводнікам. Там яе чакала работа выкладчыкам харавых дысцыплін, а пазней загадчыцай музычна-педагагічнага аддзялення педвучылішча горада, праца кіраўніком самадзейнага харавога калектыву ў воінскай частцы, выкладанне на кафедры харавога дырыжыравання ў мясцовым педінстытуце мастацтваў… Потым быў пераезд у латышскі Ліепай, дзе Валянціна Фёдараўна займалася любімай справай — вучыла дзяцей у музычнай і сярэдняй школе спяваць у хоры, кіравала зводным рускім хорам на свяце песні, што ладзіўся ў мястэчку.
Пасля вяртання ў Ашмяны Валянціна Рэут пачала працаваць у сярэдняй школе №3 і адначасова была рэгентам царкоўнага хора. Дзякуючы намаганням Валянціны Фёдараўны на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ў школе з’явіліся агульнаэстэтычныя класы. За гады яе дзейнасці вырасла не адно пакаленне музыкантаў, сфарміравалася некалькі творчых калектываў. Узорны хор “Тоніка” з’явіўся пачаткам вакальных ансамбляў “Гармонія”, “Тоніка”, “Вясёлыя ноткі”. Пра многія з іх ведаюць не толькі ў раёне, але ў вобласці і ў Беларусі.
Пакрысе вакол Валянціны Фёдараўны сабраўся такі ж, як яна, самаадданы творчы калектыў педагогаў: Галіна Яскель, Алена Козар, Вольга Траймак, Людміла Высоцкая. Загучалі ансамбль цымбалістаў “Перазвон”, ансамблі баяністаў “Туцці” і “Кнопачкі”, студыя эстрадных спеваў. Валянціна Фёдараўна і сёння працуе ў школе, толькі акампаніятарам — здароўе ўжо не дазваляе спяваць. Але да яе вопыту і па трапную параду заўсёды звяртаюцца маладзейшыя калегі.
Амаль кожны дзень у кватэры Валянціны Фёдараўны на трэцім паверсе адбываюцца канцэрты: Бетховена, Моцарта ці іншых сусветна вядомых кампазітараў. Да яе фартэпіянных нумароў даўно прызвычаіліся суседзі — ва ўсякім разе, ніхто ніколі не паскардзіўся, ды і гаспадыня кватэры стараецца іграць днём, калі большасць людзей на працы, і не кранае клавіш у выхадныя дні. Часам унук Яўген выконвае свае кампазіцыі на гітары — Валянціна Фёдараўна для яго не толькі любімая бабуля, але і дарадца, і настаўнік.
Вучні Валянціны Фёдараўны сёння працуюць у розных установах Беларусі, Расіі і Латвіі. І няхай нехта з іх не звязаў сваё прафесійнае жыццё з музыкай, але, несумненна, што ў кожным сваім навучэнцы яна змагла выхаваць любоў да песні, навучыла глыбока разумець музычныя творы і адчуваць сапраўднае мастацтва.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ