Аркадзь Астаповіч
Ён пражыў кароткае, складанае, але надзвычай інтэнсіўнае творчае жыццё, пакінуўшы велізарную графічную спадчыну. Але амаль 20 гадоў, з 1940-га — і да 1960-га года мала хто чуў пра гэтага графіка, бо практычна нічога ў СМІ, звязанага з ягоным імем, не з’яўлялася. І толькі дзякуючы асабістай ініцыятыве Алены Аладавай ды яе маскоўскіх сяброў у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР адбылася першая выстава твораў паўзабытага мастака Аркадзя Астаповіча. А потым з’явіліся і іншыя яго выставы з каталогам, артыкулы ў часопісах і газетах, юбілейныя паштоўкі з яго партрэтамі і г.д. Коратка кажучы, сёння яго імя трывала ўпісалася залатымі літарамі ў гісторыю нашага нацыянальнага мастацтва.
Так здарылася, што мастак, які нарадзіўся ў Мінску, пайшоў адсюль і на сваю пагібель. Сыходзіў ён з горада ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. За пару дзён да ўваходжання немцаў у Мінск 45-гадовы старшы лейтэнант запасу Астаповіч пакінуў жонку і двух сыноў у сям’і свайго былога вучня ў вёсцы Каралёў Стан і прайшоў пешкі некалькі дзясяткаў кіламетраў на ўсход, каб нарэшце ў пачатку ліпеня злучыцца з ацалелымі часцямі абяскроўленай Чырвонай Арміі. Але толькі пару месяцаў паспеў праваяваць у 111-м сапёрным батальёне 6-й стралковай дывізіі 13-й арміі Рэзервовага фронта першага фарміравання (створаны 30 ліпеня 1941 г.). Безумоўна, Астаповіч у жніўні-верасні 41-га мог удзельнічаць у баях і ў раёне беларускіх горадоў Доўска, Чэрыкава і Крычава, і ў ліквідацыі плацдарма часцей 4-й арміі вермахта на ўсходнім беразе Дзясны. А потым змагацца і з Ельнінскай групоўкай ворага, прыкрываючы арлоўска-тульскі кірунак, каб не даць немцам прасунуцца на Маскву з поўдня. Але дакладныя дэталі ўдзелу мастака ў летне-восеньскіх баях, зразумела, нам невядомы.
23 верасня 1941 года ён загінуў смерцю храбрых, па сведках сястры Зінаіды, у кровапралітнай бітве ля вёскі Рухава-Буды пад горадам Арлом. Факт неаспрэчны: Зінаіда Антонаўна атрымала пахавальную за подпісамі камандзіра батальёна, ваеннага камісара Шалудзько і начальніка штаба Шулякоўскага. Да сённяшняга дня так і не вядомае месца пахавання Астаповіча. Што зусім не дзіўна: 41-ы трагічны для нас “чорны” год — год соцень тысяч незваротных страт салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Шчыра кажучы, я нават вёску пад назвай Рухава-Буды так і не знайшоў на карце сярод 1845 сучасных вёсак Арлоўскай вобласці. Магчыма, яна, гэтая вёсачка, знікла ў час вайны? Ці існуе пад іншай назвай?
...Пачатковую адукацыю Аркадзь атрымаў у Гродзенскай мужчынскай гімназіі, дзе лічыўся “першым вучнем”, скончыўшы яе ў 1914 годзе з залатым медалём. Захаваўся цікавы альбом малюнкаў алоўкам, які ён вёў у гэтай гімназіі. Пасля смерці таты сям’я пераехала да сваякоў у Петраград, і Аркадзь стаў студэнтам Політэхнічнага інстытута, дзе ён захапіўся матэматыкай. Адначасова пачаў займацца ў Рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў, дырэктарам якой быў колішні педагог Шагала — Мікалай Рэрых. А непасрэдным настаўнікам у маладога беларуса быў Іван Білібін — выдатны ілюстратар і сцэнограф. Як успамінала Зінаіда Антонаўна, маючы на ўвазе “петраградскі перыяд” жыцця, “...гэта быў светлы час, калі мы былі маладыя, поўныя надзей і энергіі... Брат быў вельмі эрудзіраваным чалавекам і ў галіне выяўленчага мастацтва, і ў галіне музыкі, літаратуры, паэзіі. З ім было цікава, стасункі з ім узбагачалі...”
Але доўга займацца Астаповічу ў школе не давялося. Праз паўтара года ён быў мабілізаваны ў армію — у сапёрны батальён. А тут грымнула рэвалюцыя, і Астаповіч перайшоў на бок бальшавікоў, апынуўшыся ў чырвонаармейскім палку ў Харкаве. Так атрымалася, што ў час воінскай павіннасці малады ваенны інжынер змог у гэтым горадзе, тагачаснай сталіцы Украіны, займацца і ў мастацкай студыі. Восенню 1922-га Астаповіч дэмабілізаваўся. І — напрасцяк на радзіму бацькі, у вёску Навасёлкі Мінскай губерні. Гэта вёсачка і стала для яго да канца 1920-х “храмам і майстэрняй” і месцам, дзе, акрамя творчасці, ён у мясцовай сямігадовай працоўнай школе выкладаў маляванне, чарчэнне і матэматыку. Тут жа, у Навасёлках, бярэ шлюб са сваёй стрыечнай сястрой — дачкой мясцовага святара і вясковай настаўніцай Нінай Якубовіч (памерла ў 1963-м). Вынікам кахання сталі сыны Арсен і Валянцін, якія, на жаль, таксама не дажылі да сённяшняга дня.
“Навасёлкаўскі перыяд” жыцця Астаповіча можна па праве лічыць найлепшым у ягонай творчасці, бо менавіта тады ён стаў тым пейзажыстам-наватарам, што назаўсёды павінен увайсці ў першую пяцёрку, а мо і ў тройку, лепшых даваенных графікаў Беларусі. Так, у Навасёлках у творчасці майстра з’яўляецца знакамітая Астаповічава чорная акварэль-туш, якую творца тонка спалучае з жывапіснай штрыхоўкай тушшу, экспрэсіўна і шырока пакладзенай на акварэльны падмалёвак. “Мой жыццёвы шлях канчаткова вызначыўся, і далейшыя змены ў ім могуць адбыцца толькі пад уплывам стыхійных сіл...”, — піша ён да сястры Зоі 9 верасня 1924 года. ”Стыхійныя сілы” з’явяцца трошкі пазней, калі ён пераедзе ў Мінск...
Словам, вёска Навасёлкі стала для мастака своеасаблівымі “купалаўскімі Ляўкамі”. Прырода навакольных мясцін выйшла на першы план ягонай творчасці. Рэдкая непасрэднасць і лірычнасць, прастата, ды не прастакаватасць, выяўленчай мовы робяцца характэрнымі рысамі яго работ. І ў гэтай галіне яму няма роўных. У сваіх лепшых творах мастак перадае непаўторны настрой роднай зямлі, прыгажосць звычайнай хаткі з тыповай для Беларусі кладкай бярвенняў, сілуэт пуні, напалову прысыпанай мяккім снегам, будынкі ў атачэнні маляўнічых дрэў, двары ля прыгумення ў трошкі пацямнелым снезе..
Але часам яго краявіды набываюць характар жанравых карцінак, дзе адлюстраваны людзі ў гарманічным сінтэзе з прыродай. Напрыклад, у аркушы “З дровамі” па заснежанай вясковай вуліцы запрэжаныя коні павольна цягнуць бярвенне. На першым плане — дзеці, якія ідуць у школу. А ў глыбіні — цёмныя сілуэты хат з белымі дахамі, студні з жураўлямі, дрэвы пад снежнымі шапкамі. Цуд! Не дзіўна, што гледачы цёпла прымалі творы мастака на ўсіх пяці Усебеларускіх мастацкіх выставах тых часоў.
У 1929-м Астаповіч пакідае Навасёлкі і да пачатку Вялікай Айчыннай застаецца ў Мінску, зрэдку выязджаючы за межы Беларусі. Пасяляецца ў доме № 97 на рагу вуліц Магазінная (цяпер — вуліца Кірава) і Каломенская (сёння — вуліца Свярдлова). Перспектывы сталічнага жыцця, якія яму здаваліся да прыезду ў Мінск радаснымі і светлымі, паступова сыходзілі на нішто. І гэта было зразумела. Ужо ішлі працэсы супраць “нацдэмаўшчыны”. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі, які першым высока ацаніў творчасць Астаповіча, быў арыштаваны і сасланы. А што было рабіць у гэтых умовах мастаку-пейзажысту з яго асабліва лірычным талентам? Трэба было альбо шукаць іншую працу, напрыклад, цалкам перайсці на ціхую педагагічную дзейнасць, альбо пачынаць упісвацца ў новыя ўмовы, як гэта зрабілі большасць беларускіх мастакоў. Трэцяга шляху ў Астаповіча не было, калі не лічыць таго, які прывёў да гібелі некаторых яго калег, у тым ліку ўнікальнага віцебскага графіка Яфіма Мініна.
Так ці інакш, Аркадзь Антонавіч прыняў сацыяльна-палітычныя змены ў краіне і, адпаведна, пераасэнсаваў і сваё мастацтва. Каб пракарміцца, даводзілася займацца заказной халтурай кшталту плакатных кампазіцый пра апрацоўку калгаснага лёну ці парашутнага дэсантыравання. Урэшце, патрабавальны мастак і сам гэта разумеў. У лісце да сястры ад 9 кастрычніка 1932 года ён піша: “…На выстаўку ўзялі пяць малюнкаў, хаця, па-мойму, яны, безумоўна, слабыя... Трошкі зрабілася сумна. У мяне кожная няўдача спараджае яшчэ большае жаданне перамогі. Яшчэ гадоў чатырнаццаць у маім распараджэнні… Яшчэ паваюем...”
Але “паваяваць” на поўную моц яму не давялося: “сацыялістычная рэчаіснасць” патрабавала ад мастакоў не “слязлівай лірыкі”, не пейзажаў настрою, не паэзіі зямлі, а — зусім іншага. Канешне, Астаповіч не мог не ствараць тое, што чыста і шчыра любіў, без чаго проста жыць не мог — у асноўным, пейзажы Мінска і яго маляўнічае наваколле, якія ён рабіў толькі “для сябе” і для блізкіх сяброў. Так бы мовіць, нічога “забароненага”. Тым не менш, у 1938 годзе Аркадзь Антонавіч нечаканна быў арыштаваны органамі НКУС і накіраваны ў магілёўскую турму. Зараз цяжка сказаць — ці праз паклёп “сяброў” і калег па пэндзлю (такое часта бывала ў тыя гады), ці яшчэ з нейкай прычыны. Што было б далей — вядома. Але Астаповічу вельмі пашанцавала: пасля чатырохмесячнай адсідкі ён быў вызвалены. Якраз у гэты час Мікалая Яжова, “сталінскага наркама” і ката, які сам апынуўся ў скуры “ворага народа”, змяніў “мяккі” Лаўрэнцій Берыя, што выпусціў частку бязвінна асуджаных з турмаў і ГУЛАГа.
Ну а потым вайна. Захаваўся апошні ліст мастака з фронта, які ён даслаў сваёй сястры Зіне, ейнаму мужу Івану Бачарову і пляменніцы Ніне. Хачу прывесці яго цалкам.
“12 ліпеня 1941 г. Дарагія Зіначка, Іван Аляксандравіч і Ніначка! Напісаў два лісты, але не ведаю, ці атрымалі вы іх. Я ўжо ў часці, хутка буду ведаць свой адрас, тады напішу. А цябе, Зіначка, прашу тады неадкладна паведаміць, ці ёсць якія звесткі ад Ніны, якую я з хворым Сенем і Валем пакінуў у в. Каралёў Стан (калгас Леніна) ля станцыі Калодзішчы, за 15 км ад Мінска, у сям’і Філіповіча. Хочацца спадзявацца, што яны як-небудзь адтуль выбраліся, тады яна вам напіша. Слабая ў мяне надзея ўбачыць іх зноў ці хоць бы даведацца, што яны жывыя. Але хочацца спадзявацца на гэта. Я здаровы. Ногі, якія крыху падбіў падчас пераходу, праходзяць. Цяпер галоўнае пытанне для мяне — гэта лёс Ніны і дзяцей. Каб ведаў, што з імі, ці ўсё добра, больш бы я нічога не хацеў. Цалую вас усіх. Ваш Аркадзь”.
Леў Юдзін
Малодшы калега Астаповіча — віцябчанін Леў Юдзін нарадзіўся ў горадзе на Дзвіне ў 1903 годзе ў сям’і Аляксандра Гаўрылавіча Юдзіна — агента віцебскага Таварыства солезаводчыкаў. Быў стрыечным братам знакамітай Марыі Веніямінаўны Юдзінай — выдатнай піяністкі, педагога і пісьменніцы. Яшчэ школьнікам Лёва пачаў наведваць майстэрню Казіміра Малевіча ў Віцебскім вышэйшым мастацкім вучылішчы, потым працягнуў вучобу ў свайго настаўніка ў Віцебскім мастацка-практычным інстытуце. У гэты час ён быў членам аб’яднання УНОВИС (“Утвердители нового искусства”). Не буду ўдавацца ў аналіз гэтага аб’яднання, бо пра яго “К” шмат пісала.
Выстаўкі УНОВИСа адбыліся ў Віцебску ў 1921 і 1922 гадах, а таксама ў клубе імя Сезана пры маскоўскім ВХУТЕМАСе. 14 — 20 мая 1922-га прайшла апошняя выстаўка твораў членаў гэтага аб’яднання, і на гэтым гісторыя віцебскага авангарда скончылася. Хутка амаль усе мастакі-наватары пакінулі Віцебск. Леў Юдзін разам з К.Малевічам, В.Ермалаевай, М.Суеціным і І.Чашнікам пераехаў у Петраград. Трошкі правучыўся ва ВХУТЕИНе, ён потым, у 1923 годзе, стаў супрацоўнікам ГИНХУКа (Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры), які да 1926-га ўзначальваў Малевіч. З’яўляючыся асістэнтам апошняга, Юдзін дапамагаў яму практычна ва ўсіх пачынаннях: у роспісе фарфору, стварэнні архітэктурных і гіпсавых мадэлей, навуковых даследаваннях і г. д.
На пачатку 1930-х Леў Аляксандравіч уваходзіў у так званую “Групу жывапісна-пластычнага рэалізму”. А неўзабаве ў сувязі з арыштам В.Ермалаевай і У.Стэрлігава група распалася. Аднак свайго першага настаўніка — Малевіча — Юдзін паважаў самааддана, хаця аўтар “Чорнага квадрата” неаднойчы спрабаваў, праўда, без асаблівага поспеху, пераадолець стыхійнае імкненне свайго вучня да натуры, да “візуальнай рэальнасці”. І падставы ў Малевіча на тое былі: яшчэ ў Віцебску Юдзін быў заўзятым паслядоўнікам супрэматызму, а тут, напрыканцы 1920-х, пачаў сумнявацца ў ісціне гэтага напрамку. Так здарылася, што да гэтага часу рускае авангарднае мастацтва, бы “любовная лодка”, разбілася аб побыт — аб жыццё грамадства, увагнанага ў бяздонне той ідэалогіі, што парадзіла нецярпімасць да эстэтычных утопій і адвагі наватараў новага мастацтва.
Леў Юдзін, як і многія яго аднадумцы, уліліся ў новы накірунак “рэальных фактаў часу”, калі яшчэ не чыстага “сацрэалізму”, дык блізкага да яго. Па сваёй натуры Юдзін, у адрозненне ад настаўнікаў, быў не такі рацыяналістычны, як вялікія стваральнікі мастацкіх утопій. Ён заўсёды заставаўся шчырым і крыху наіўным летуценнікам, невычэрпна вынаходлівым у сваіх маляўнічых уяўленнях, што патрабавалі ўсё ж канкрэтнасці і яснасці, асабліва — у афармленні дзіцячых кніжак. Для Юдзіна новае жыццё здавалася добрым і светлым, прасякнутым свежымі фарбамі і асабістай творчай энергіяй, якая, на яго погляд, магла аб’яднаць усё, што было і ёсць у свеце, перакроіць і перарабіць яго па чарцяжах і мадэлях вольнай рамантычнай фантазіі.
І тут вопыт Малевіча станавіўся для Юдзіна як бы пройдзенай стадыяй калісьці ўдалага эксперыменту, які ў новых умовах аказаўся непатрэбным. І не дзіва, што тыя, з каго яшчэ не выйшаў “дух” эксперыментатарства і “левізны”, у 1930-я гады былі знішчаны малохам сталінскіх рэпрэсій. Гэтая горкая чаша абмінула, на шчасце, Льва Юдзіна. Ён ацалеў. Як бы ўціхамірыўся. Урэшце, усё сваё жыццё ён пазбягаў усялякай палітыкі. Так ці інакш, ён цалкам перайшоў на станковую графіку, кніжна-часопіснае афармленне і “папяровую скульптуру”, у якіх мастак дасягнуў вышэйшага майстэрства. Практычна ўсе 1930-я гады прапрацаваў у дзіцячым аддзяленні Дзяржаўнага выдавецтва, што друкавала цудоўныя дзіцячыя часопісы “Чиж” і “Ёж”. Яго і тут не кранулі, хаця некаторыя члены рэдкалегіі былі рэпрэсіраваны як “ворагі народа”.
Менавіта ў гэты перыяд Юдзін здружыўся з такімі цудоўнымі мастакамі таго часу, як Павел Кандрацьеў, Эдуард Крымер і Тэадор Пеўзнер. За два гады да вайны Юдзін прыдумаў дзве кнігі, прысвечаныя святочным сустрэчам гэтых самых блізкіх яго аднадумцаў. Справа ў тым, што гэтая неразлучная чацвёрка здзяйсняла доўгія падарожжы па Наўгародскай, Ленінградскай абласцях, паўднёвай Беларусі і Украіне. Успаміны Юдзіна якраз і адлюстраваны ў гэтых кнігах пад назвамі “Охтиньки” и “Бягучыя справы”. Гэта падрабязныя апісанні побыту, алоўкавыя і акварэльныя накіды, карыкатуры, шаржы і беглыя подпісы да іх. Ёсць і водгаласы гарачых дыскусій ды спрэчак паміж паслядоўнікамі Малевіча, што засталіся яшчэ на волі, і іх раз’юшанага антыпода — мастака Дзмітрыя Мітрохіна, які, дарэчы, у перадваенныя гады аказаў моцны ўплыў на Юдзіна як выдатны майстар разцовай гравюры. Апошнія прадваенныя работы Юдзіна — серыя віншавальных паштовак самым блізкім сваім вышэйпамянёным сябрам, у якіх выкарыстоўваў вясёлыя аплікацыі з цукерачных фанцікаў з дамаляванымі смешнымі дэталямі.
З першых дзён вайны Юдзін паспеў прайсці кароткатэрміновыя курсы камандзіраў, атрымаўшы званне малодшага лейтэнанта. Кандрацьеў і Крымер пайшлі на фронт, служылі на авіябазах ваенна-паветраных сіл Балтфлота. Пеўзнер, які адмовіўся ад эвакуацыі, застаўся ў блакадным Ленінградзе і ў студзені 1942-га загінуў ад голаду...
А вось Льву Юдзіну, як і Аркадзю Астаповічу, доўга паваяваць не давялося: камандуючы ўзводам, 9 ці 10 лістапада 1941 года ён загінуў у першым жа баі пад вёскай Усць-Тосна (зараз — гістарычны раён горада Атраднае)... Гэта быў пачатак стратэгічнай контрнаступальнай аперацыі 54-й арміі Ленінградскага фронту супраць буйной Ціхвінскай групоўкі фашыстаў, якая, на жаль, скончылася няўдала. Напярэдадні бою, па злой іроніі лёсу, Юдзін атрымаў “бронь” ад Саюза мастакоў, але адмовіўся выкарыстаць нечаканы “падарунак”. Мастак палічыў гэта здрадніцтвам у адносінах да байцоў свайго ўзвода.
У жніўні 1941 года, ужо з фронта, Юдзін пісаў: “Першы час запатрабаваў столькі душэўных сіл, каб прывыкнуць да новых абставін, што я на нейкі перыяд зусім перастаў быць мастаком. Мастацтва адышло далёка. Я думаў, што гэта надоўга. Аказваецца, не. Зноў і зноў паўстаюць перад мною любімыя рэчы. Не, яны перажылі аркебузы і каменныя ядры, перажывуць і танкі, і газы. З Рэмбрантам, мне здаецца, нічога не зробіш. Гэта вельмі суцяшальна”... Апошні ліст з фронту быў адпраўлены ім 6 лістапада 1941-га: “Ленінград. М.А. Гарохавай. 20.00. Мая дарагая жонка! Віншую цябе і сынулю з надыходзячым святам! Не так важна, што гэтая паштоўка прыйдзе пазней. У гэты ўрачысты дзень я з вамі, мае любімыя! Рухаючыся па дарозе ў сваю часць, я ведаю, што і вы думаеце пра мяне зараз. Праязджаў міма твайго дома. Якім новым паказаўся мне мой горад, якім цудоўным! Ляжым на нарах, балбочам. Цёпла, светла, мы цалкам пад’еўшыя. Таварышы расказваюць пра баі, у якіх удзельнічалі...”
Леў Зевін
Пішу пра гэтага мастака, загінуўшага пад Ржэвам у 41-м, і раптам успамінаю пранізлівыя радкі бессмяротнага верша Аляксандра Твардоўскага: “Я убит подо Ржевом” і “...ни петлички, ни лычки с гимнастерки моей…”
...Звесткі пра гэтага таленавітага мастака-віцябчаніна Льва Зевіна ў літаратуры і сродках масавай інфармацыі надзвычай скупыя. Помню, што нават у час мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Віцебскай мастацкай школы (1998 г.), ягонае імя засталося зусім незаўважным. Хаця нешта пра ягонае жыццё ды творчасць як бы мімаходзь і сустракалася ў некаторых успамінах яго сучаснікаў і ў нешматлікіх артыкулах расійскіх мастацтвазнаўцаў.
…Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, 37-гадовы Леў Якаўлевіч Зевін не стаў шукаць бяспечнага прыстанку ў тыле, а амаль адразу ж, 7 ліпеня 1941-га, пайшоў у ваенкамат, каб запісацца добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Разам з ім быў і яго блізкі сябра — зямляк з Гомеля і стрыечны брат пісьменніка Анатоля Рыбакова — мастак Леў Аронаў. Абодва яны і адбылі на месца службы пад Ржэў. Але там Аронаў хутка цяжка захварэў на язву страўніка. Зевін пераканаў палкавое начальства, што трэба адправіць таго ў шпіталь, і Аронава накіравалі ў тыл, у эвакуацыю.
А што да самога Льва Зевіна, то яму не пашанцавала. Сляды яго губляюцца напрыканцы 1941-га, калі ён абараняў падыходы да Масквы. Невядома, як і дзе загінуў мастак. Можа, пад Клемяціна або пад Сычоўкай, пад Дуніна ці Аленіна, а можа, у Манчалаўскіх лясах — усё каля Ржэва, дзе палягла 369-я стралковая дывізія, у якой ён, па некаторых звестках, пачынаў служыць. Хто ведае… Затое ўжо зараз вядома, што Ржэўская бітва 1941 — 1943 гг. была, бадай, адной з самых кровапралітных за ўсю гісторыю той вялікай вайны.
Апошняя карціна мастака — “Швейная фабрыка ў Віцебску”, пра якую мастацтвазнаўца Аляксандр Ром потым напісаў так: “Са шчымлівым пачуццём разглядаеш яе... Што з новым, светлым, прасторным будынкам, дзе, мабыць, лёгка і добра працавалася? Што з гэтымі цудоўнымі, крыху заўзята-кплівымі, але разважлівымі дзяўчынамі? Тут прайшла жалезная крывавая пята гітлерызму. Руіны і засмучаныя цені, якія заклікаюць да помсты... Які лёс ні спасціг бы аўтара гэтай карціны, што ўстаў у шэраг мсціўцаў, хай недаказаў ён многае і занадта рана перарваўся ягоны творчы шлях, вынікі гэтага нядоўгага жыцця — прыгожыя...”
...Яшчэ будучы школьнікам, 14-гадовы Лёва Зевін стаў наведваць мастацкую студыю Юдаля Пэна. У 15 — апынуўся ў Народнай мастацкай школе Марка Шагала. Гэта, значыць, 1918-ы. Дарэчы, раннія малюнкі і акварэлі юнака былі створаны якраз пад уплывам Шагала. Ну а калі з’явіўся новы “месія” — Казімір Малевіч, з лістапада 1920 года юны Зевін уліўся ў кагорту ўнавісаўцаў: тады ўльтрановае вучэнне Малевіча з яго супрэматызмам стала яму бліжэй за візіянера Шагала, хаця Марк Захаравіч лічыў яго адным з лепшых сваіх вучняў.
Але думаю, што свае “жывапісныя праблемы” Зевін пачаў па-сапраўднаму рэалізоўваць толькі тады, калі ў Віцебску сустрэў Роберта Фалька-педагога, а потым разам з ім восенню 1921-га з’ехаў у Маскву, каб прадоўжыць сваю вучобу ў яго майстэрні легендарнага ВХУТЕМАСа. Падкрэслю, што гэтую вхутэмасаўскую школу, акрамя Зевіна, прайшлі і некаторыя іншыя славутыя беларускія мастакі, у тым ліку І.Ахрэмчык, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка, Г.Ніскі, М.Аксельрод.
У год заканчэння ВХУТЕМАСа Зевін паказаў на выстаўцы дыпломных работ сваю вельмі ўдалую карціну “Рабочая сям’я”, пасля чаго атрымаў найвышэйшую ўзнагароду — творчую паездку ў Парыж. Камандзіроўка не адбылася, прычына — адсутнасць валюты… Але Зевін доўга не перажываў. У 1925-м са сваімі карцінамі прымчаўся ў Мінск, каб стаць удзельнікам Першай Усебеларускай мастацкай выставы. У наступныя гады не прапусціў астатнія чатыры аналагічныя выставы і юбілейную экспазіцыю “Мастакі БССР за 15 гадоў”. А яшчэ паралельна ўдзельнічаў у выставах савецкай графікі і малюнка ў Лондане, Оксфардзе, Манчэстэры ды Ліверпулі…
Яго сябра, жывапісец і графік Барыс Рыбчанкаў успамінаў: “…Леў Зевін невялічкага росту, па-юнацку стройны, зграбны, па-біблейску прыгожы і ахайны, амаль парыжанін. Прыроджаны жывапісец, абажаў Банара. Да ВХУТЕМАСа пабываў у палоне Казіміра Малевіча і Лазара Лісіцкага. Цудоўна рысаваў. У кампазіцыі праяўляў патрабавальнасць, якая выключала ўсё выпадковае, неабгрунтаванае”.
З Барысам Фёдаравічам я быў трошкі знаёмы ў пачатку 1980-х: мяне з ім у Маскве пазнаёміў Уладзімір Стальмашонак. Праўда, ужо тады Рыбчанкаў меў сур’ёзныя праблемы з вачамі, але працягваў мужна тварыць.
…Па вялікім рахунку, жыццё Зевіна ў 1930-я было даволі беднае на падзеі. Амаль кожны год ездзіў у камандзіроўкі на эцюды. Зімой — нястомная праца ў майстэрні над партрэтамі, пейзажамі, нацюрмортамі. Пабываў у розных регіёнах Саюза. Але лепш за ўсё яму працавалася ў Беларусі і сярэдняй Расіі. Ён маляваў пейзажы, як правіла, маленькага памеру, амаль мініяцюры. Магчыма, тут было жаданне праз малое сказаць многае пра прыроду, якая яго паланіла, жаданне дасягнуць бездакорнай, беззаганнай дакладнасці валёраў, моцнай пастознай фактуры, інтэнсіўнасці колеру і яркасці. Асабліва яго прыцягвалі прывабныя, чароўныя куточкі Віцебска, што захоўвалі яшчэ ў 30-я гады тую старажытную ўтульнасць, якую так любілі, скажам, Дабужынскі і Шагал, зямля Віцебшчыны, абмытая дажджамі і ахутаная блакітнымі туманамі... Меў рацыю Роберт Фальк, калі сказаў пра свайго любімага вучня: “Нягледзячы на ўплыў знакамітых майстроў жывапісу, Льву Зевіну ўдалося застацца самім сабой, знайсці свой стыль, сваю манеру: дзіўна пяшчотныя, лёгкія колеры, мяккая пластыка, дакладны падбор фарбаў…”
Сапраўды, у Зевіна быў свой свет, які ён пастаянна маляваў і пісаў: сям’я, блізкія сябры, сярод які наш зямляк Георгій Ніскі, сціплыя прадметы побыту ў васьміметровым пакоі ў велізарнай камуналцы, малюсенькая “фазэнда” ў Падмаскоўі. Яго ведала ўся мастацкая Масква як вельмі спагадлівага, душэўнага чалавека, цудоўнага музыканта, па выглядзе “падобнага на Пушкіна”. І яго стрыманыя камерныя творы, часам поўныя прыхаванага драматызму, набылі некалькі правінцыйных музеяў, а таксама Траццякоўка і Рускі музей.
Можа, калі-небудзь і мы, беларусы, убачым мастацтва нашага земляка ў Мінску ды Віцебску?..
Барыс КРЭПАК