Сустрэлі “культурны дэсант” трое леснікоў, а таксама ляснічы Аляксандр Шэлін і яго жонка Таццяна гарачай гарбатай і бутэрбродамі, каб настроіць гасцей на працу ў задавальненне. Пасля нядоўгага інструктажу мужчынам раздалі саджальныя мячы для раскопвання зямлі, а жанчыны ўзялі вядзерцы з маленечкімі саджанцамі.
Па словах кансультанта фінансава-эканамічнага ўпраўлення міністэрства Андрэя Дзічкоўскага, ён да гэтага высаджваў толькі садовыя дрэвы, а вось так, велізарны пласт саджанцаў лесу, — упершыню. Ён лічыць, што праца на свежым паветры дапамагае гуртаваць калектыў, бо ў кабінетах за працай бывае некалі нават пагаварыць адно з адным.
Начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў міністэрства Іна Адамовіч вырасла ў вёсцы Валожынскага раёна, таму фізічная праца ёй знаёмая. Яна рада прыняць удзел у пасадцы лесу, бо гэта ёй да спадобы, такую высакародную працу яна любіць і шануе за карысць і прыгажосць. Іна Мар’янаўна кажа, што вельмі хацела б убачыць гэтую дзялянку, калі тут будзе вялікі лес, і парадавацца.
З прафесійным імпэтам працаваў на пасадцы загадчык гаспадаркі міністэрства Вікенцій Сергіевіч разам з супрацоўніцамі ўпраўлення па ахове культурнай спадчыны Вікторыяй Бусько і Святланай Краюшкінай. Для Вікенція Іванавіча пасадка лесу — успамін дзяцінства. Ён вырас у аграгарадку Крэва, Ашмянскага раёна, і некалі такім жа мечам саджаў лес. Ды і цяпер калі-некалі ходзіць па падобных дзялянках падчас палявання. Па яго перакананні, трэба, каб і сучасныя дзеці больш актыўна ўдзельнічалі ў падобнай працы, бо яна нясе вялікую выхаваўчую функцыю.
Пакуль супрацоўнікі міністэрства працавалі, Таццяна Шэлін рыхтавала гарачую гарбату. У лясгасе яна інжынер па якасці вось ужо тры з паловай гады. Жанчына распавядае, што мясцовыя школьнікі час ад часу дапамагаюць лясніцтву ў пасадцы соснаў. Гэта, па яе словах, неацэнная сумесная праца, бо, бывае, трэба высадзіць велізарны аб’ём лесу ўсяго за два тыдні, і сіламі толькі леснікоў гэта зрабіць амаль немагчыма. Таму цудоўна, што і такія ўстановы, як Міністэрства культуры, падключыліся да акцыі.
Намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння міністэрства Лілія Ешмантовіч падагульніла, што такія працы гуртуюць калектыў, а свежае паветра, прырода і новыя ўражанні добра адбіваюцца на асноўнай працы. Выдатна пасадзіць дрэва, а ў нашым выпадку мноства дрэў, разважае Лілія Аляксандраўна, і ведаць, што яны растуць, і робяць беларускія лясы яшчэ больш прыгожымі.
У выніку супрацоўнікі міністэрства, па словах ляснічага Аляксандра Шэліна, высадзілі 7000 саджанцаў. Потым падсілкаваліся і з пачуццём якасна зробленай працы паехалі ў Мінск.