“Кажуць, што светам кіруе любоў, — зазначыў міністр. — Мы кахаем, нас кахаюць, збольшага — узаемна, часам — не. Але на зямлі існуе любоў, непадуладная ні часу, ні абставінам, ні адлегласцям, якая ніколі не паддаецца забыццю. Гэта любоў маці.
У гэтае свята нас усіх перапаўняюць пачуцці, бо гэтую любоў мы адчуваем з першым нашым подыхам на зямлі, а, магчыма, нават раней. Менавіта мама стаяла начамі ля нашай калыскі, пераходзіла з намі з класу ў клас, спасцігаючы азы навукі, выхоўвала, гадавала, апранала, лячыла, давала мудрыя парады. І цяпер мама, быццам абярэг, як анёл-абаронца, заўжды разам з намі. На свеце няма больш ласкавага і пяшчотнага слова, чым “мама”. І наколькі прыемна ўсведамляць, што ў нашым імклівым, бурлівым жыцці ёсць сапраўдны астравок спакою і шчасця, дзе пануюць дабрыня, любоў, разуменне, дзе нас успрымаюць і прыймаюць такімі, якія мы ёсць.
Мілыя жанчыны, сёння мы хочам шчыра павіншаваць вас, а ў вашым абліччы — усіх мам сферы культуры нашай краіны, з цудоўным святам — Днём маці, выказаць словы ўдзячнасці за вашую пяшчоту, ваша разуменне, за ўменне любіць, спачуваць і дараваць.
Дзякуй вам за тое, што вы такія — заўжды прыгожыя, заўжды ўсмешлівыя. Дзякуй вам за нашую супольную працу, мы з вамі разам робім велізарную справу. Хачу пажадаць усім вам моцнага здароўя, сямейнага шчасця, дабрабыту, поспехаў, удачы, каб кожны дзень нёс як мага болей добрых навінаў і радасных падзей. Са святам, мы вас абдымаем і моцна ўсіх вас любім”.
Таксама супрацоўніцы Міністэрства культуры атрымалі музычны падарунак — для іх выступілі са спевамі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.