Вясёлкавыя песні

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Песню да другога дня дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску” напісала Вікторыя Лабкоўская:

/i/content/pi/cult/859/18237/12.jpg— Я карэнная віцябчанка, вельмі люблю свой горад і саміх гараджан — часам крыху наіўных, але заўжды пазітыўных, гасцінных. Штогод удзельнічаю ў свяце горада, прысвячаю роднаму Віцебску свае песні. Сярод іх, да прыкладу, “Хвіліны шчасця”, на якую быў зроблены кліп. Такіх песень-прысвячэнняў ужо пяць, бо мая любоў да горада шматгранная — як сем колераў вясёлкі. Тая ж тэма — сонечнай вясёлкі — сёлета абрана для дзіцячага конкурсу, таму ўсё сышлося: упершыню песня “Вясёлка над Віцебскам” прагучала на сцэне Амфітэатра ў час свята горада Віцебска ў канцы чэрвеня, а цяпер упрыгожыць конкурс у якасці яшчэ адной яго музычнай “эмблемы”. Аранжыроўку зрабіў Аркадзь Кірылаў, з якім мы супрацоўнічалі і раней.

Мае песні вельмі шчырыя, яны ідуць ад сэрца. У свой час я скончыла Віцебскі музычны каледж імя Івана Салярцінскага, потым былі і сталічны Універсітэт культуры, і Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Працавала ў Віцебскай філармоніі музыказнаўцам, а цяпер выкладаю фартэпіяна і музычную літаратуру ў дзіцячай школе мастацтваў аграгарадка Бабінічы. Імкнуся праз свае ўрокі, праз музыку Моцарта, Шапэна і іншых класікаў несці дзецям усё самае добрае, светлае, прамяністае. Неяк праспявала адной з вучаніц Ульяне Станько сваю песню “Детворяндия”. І ёй, і іншым вучням спадабалася, пачалі спяваць яе самі. Дзецям хочацца не толькі на музычных інструментах граць, але і спяваць, а я іх заахвочваю, каб яшчэ і самі сачынялі — і мелодыі, і вершы. Праз такое самавыяўленне развіваюцца не толькі творчыя здольнасці: дзеці лепей спасцігаюць сябе саміх, разбіраюцца са сваімі думкамі і пачуццямі, знаходзяць для іх адэкватны выхад. Планую разам з рэжысёрам Ірынай Коўленай здзейсніць аўтарскі вечар, у якім будуць удзельнічаць дзеці. Гэта, можна сказаць, мая мара. У мяне і песня ёсць з такой назвай: маўляў, усе мары калі-небудзь збываюцца.

Чым далей, тым больш разумею, наколькі важнымі, часам лёсавызначальнымі бываюць выпадковыя сустрэчы. Трэба толькі ўважліва прыслухоўвацца да таго, што падкідвае табе жыццё. Так, у 2015 годзе я сустрэла Аркадзя Кірылава — і ўзнікла мая песня “Віцебская гісторыя” з шагалаўскай тэматыкай. Да таго ж, ён пазнаёміў мяне з Ірынай Коўленай. У 2018-м выпадкова сустрэлася з Тамарай Красновай-Гусачэнка — і паклала на музыку яе верш “Я иду по Витебску на зореньке”. Гэту песню таксама рэжысіравала Коўлена.

Што ж да дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску”, дык да яго ў мяне стаўленне асаблівае. І не толькі таму, што выкладаю музыку і, такім чынам, павінна выказваць прафесійную цікавасць да падобных мерапрыемстваў. Наш фестываль — гэта свята. Мы без яго ўжо не ўяўляем сваё жыццё, імкнемся штогод да яго дакрануцца, наведаць той жа “Горад майстроў”, яшчэ якую-небудзь фестывальную пляцоўку. А ўсё тое, што звязана з дзіцячай часткай фэсту: аблокі, вясёлка, мірнае неба, усмешкі дзяцей — гэта і ёсць тая прыгажосць, што выратуе сусвет.