На пасяджэнне калегіі былі запрошаны кіраўнікі, мастацкія кіраўнікі, галоўныя рэжысёры тэатраў рэспубліканскага і мясцовага падпарадкаванняў, начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Пасля ўступнага слова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з асноўным дакладам выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. У асобных выступленнях пра стан спраў у падначаленых ім тэатрах расказалі дырэктар Тэатра-студыі кінаакцёра Ала Сцебакова, дырэктар Брэсцкага абласнога тэатра лялек Тамара Паўлюкевіч, дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў. Абмяркоўваліся пытанні рэпертуарнай палітыкі, запаўняльнасці залаў, фінансавых паказчыкаў, аптымізацыі кадравага складу ўстаноў, урэгулявання сітуаціі з маладымі спецыялістамі, укаранення практыкі тэатральных анлайн-паказаў, неабходнасці правядзення ў сталіцы маштабнага тэатральнага фестывалю і гэтак далей.