Гэта ж пачуцці!
Аграгарадок Адэльск — былое мястэчка на Гродзеншчыне, край ветракоў, жыхары якога спрадвеку займаліся млынарствам. Унікальнае паселішча. Гэта адзіная вёска ў Беларусі, дзе захоўваюцца тры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Тут унікальныя тэхналогія ткацтва, традыцыйная кухня, а мясцовы храм з’яўляецца помнікам старажытнага драўлянага дойлідства.
Нарадзіўся тут і знакаміты майстар па вырабе народных драўляных духавых і ўдарных інструментаў, народны музыкант, разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы мудры чалавек Мар’ян Скрамблевіч.
Яго майстэрня — у бацькоўскай хаце, у аграгарадку Адэльск. А ў Цэнтры культуры ён стварыў музейны пакой, дзе захоўваецца звыш 200 музычных інструментаў. У вёсцы ціха, нават не верыцца, што дзесьці ёсць гарадская мітусня…
— У Адэльску пасля вайны на 2 тысячы жыхароў прыпадала каля 30 музыкантаў: гарманістаў, скрыпачоў, дудароў, — згадвае народны ўмелец. - Іх майстэрства мне вельмі падабалася. Музыка — гэта ж пачуцці! Таму паціху вучыўся мастацтву, цікавіўся навакольным светам, шмат чытаў. Асабліва захапляўся серыяй “Жыццё выдатных людзей”.
Пасля службы ў арміі Мар’ян Антонавіч працаваў настаўнікам музыкі і спеваў у мясцовай школе. У 1965 годзе завочна скончыў Маскоўскі абласны педагагічны інстытут імя Надзеі Крупскай па спецыяльнасці “культурна-асветніцкая работа” (кваліфікацыя — арганізатар-метадыст культурна-асветніцкай работы), затым — курсы баяністаў пры Гродзенскім абласным Доме народнай творчасці.
З цеплынёй успамінае сёння гады вучобы ў Вышэйшай прафсаюзнай школе культуры ў Ленінградзе. Больш за 30 гадоў кіраваў хорам і аркестрам гродзенскага аўтапарка №1, захапляўся фатаграфіяй.
Першая дудачка
Працоўную дзейнасць у аддзеле культуры Гродзенска гар-райвыканкама пачаў у 2009 годзе кіраўніком гуртка разьбы па дрэве, майстрам народных мастацкіх рамёстваў, акампаніятарам Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе працуе і па сённяшні дзень.
Па словах Мар’яна Антонавіча, яшчэ за савецкім часам, калі будучы майстар працаваў у гродзенскім аўтобусным парку № 1, пачалося яго ўважлівае стаўленне да творчасці.
— Не хвалюся, але наш хор быў лепшым у горадзе, — запэўнівае спадар Мар’ян. — Толькі на радыё запісалі чатыры канцэртныя праграмы. Станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі ўсесаюзных конкурсаў. Тады ў аўтапарку працавалі ўнікальныя майстры, якія і дапамаглі змайстраваць першую дудачку. Пасля гэтага сур’ёзна захапіўся тэмай, перачытаў шмат літаратуры. А потым выбіраў і шукаў у лесе ды на балоце матэрыял для інструментаў, майстраваў, перайначваў, нешта пачына ўзноў… Так паступова і пачалося маё сяброўства з музычнымі інструментамі, якіх адрамантаваць і зрабіць давялося ў жыцці нямала.
На жаль, у 1990-я, пасля перабудовы, не засталося і следу ад былой магутнасці творчага калектыву — хор разваліўся. Тады і захапіўся Мар’ян Антонавіч вырабам духавых інструментаў з дрэва. Спачатку атрымлівалася не ўсё: то тэмбр не такі, то гук не той.
— Свае ўменні развіваю і сёння, — прызнаецца Скрамблевіч. - Шапэн казаў, што трэба “размаўляць пальцамі”. Я так і раблю.
На чым граеце, спадарове?
Калі жыццё параўноўваць з аркестрам, дык выявіцца, што кожны з нас грае на сваім інструменце. Таксама і Мар’ян Скрамблевіч. І партыя ў яго свая, і інструменты — адметныя. І, на шчасце, гэта не якія-небудзь цацкі, бутафорыя, забаўкі — а тое, што зусім не боязна назваць прыкметамі народнага духу. Не цяжка ўявіць, як майстар пілуе, выразае, габлюе, свідруе... Але ж, глядзі ты, спакваля узнікае з нематы гук і пачынае жыць самастойна ды здіўляць. Няйначай, закладзена ў гэтай дзеі ці чарадзействе свая тайна, і спасцігаюць яе адзінкі. Пра некаторых умельцаў гавораць, што рукi ў iх залатыя. У дачыненнi да гродзенскага майстра Мар’яна Скрамблевiча можна яшчэ дадаць: музычныя. Бо вырабляе Мар’ян Антонавiч каля 30 гадоў народныя музычныя iнструменты. І не толькi вырабляе, а яшчэ ўмее падабраць мелодыю для кожнага “голасу” — акарыны, жалейкi, рогу, дудкi, свiсцёлкi...
У гэтую справу Мар’ян Антонавіч укладвае ўсю сваю душу. Творчасць майстра заснавана на беларускай народнай традыцыі вырабу духавых і ўдарных музычных інструментаў. У той жа час майстар уносіць мадыфікацыі ў свае творы, захоўваючы агульную стылістыку і марфалогію, але пастаянна эксперыментуе ў тэхналогіі для лепшага гучання музычных інструментаў.
Акарыны ў майстра асаблiвыя, вырабленыя не з традыцыйнай глiны або фарфору, а драўляныя: з акацыi, вiшнi, грушы, дубу, сасны, чаромхi, яблынi, вольхi. А iнструментам з клёну i лiпы, як сцвярджаюць знаўцы, увогуле няма аналагаў у свеце.
Эксперыментатар
Акрамя вынаходніцтваў у галіне духавых і ўдарных інструментаў, Мар’ян Скрамблевіч працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар у галіне гукавых якасцяў гармоніка. Дзякуючы намаганням Мар’яна Антонавіча, другое жыццё атрымалі дзясяткі баянаў, старадаўняя скрыпка ды некаторыя іншыя інструменты.
Як кажа Мар’ян Антонавіч, інструменты ён робіць з розных парод дрэва, бо кожнае з іх мае свой характар і непаўторнае гучанне. Напрыклад, яму даводзілася вырабляць інструменты і з сібірскага кедру, і з інданезійскага бамбуку, не кажучы ўжо пра беларускія асіну, вольху ці дуб.
Музыкант і майстар-разьбяр, творца і выканаўца — у адной асобе! Майстар-музыкант з горада на Нёмане, мабыць, і сам цалкам не ўсведамляў, што стварае асабістую музычную легенду. І складаецца яна ў яго залатых руках з гуку і… дрэва, памножаных на талент выканаўцы.
Успамінае, што яшчэ ў школьныя гады займаўся рэстаўрацыяй музычных інструментаў. Менавіта тады для школьнага ансамбля, які стварыў, спатрэбілася скрыпка. Знайшлі інструмент, якому было амаль 90 гадоў. Здавалася, “жыццё” яго ўжо назаўжды пакінула. А Мар’ян змог надаць скрыпцы новае дыханне. Не без радасці бярэ ў рукі гэты рарытэт майстар і цяпер.
Працуе над кожным інструментам даволі доўга - мяняе таўшчыню сценак, велічыню адтулін, шліфуе гук і тэмбр. Затое кожная яго дудка мае сваю асаблівую меладычную афарбоўку і набліжана да прыроднага каларыту — на іх можна перадаваць шум ветра і лістоты дрэў, птушыныя спевы.
У пошуках гуку
На пытанне аб тым, як прыйшла ідэя стварэння падвойных і патройных дудак, майстар адказаў жартам: “Я ўсё думаў, як зручней граць адразу на дзвюх ці трох дудках. Як трымаць трубкі, у адзін бок ці ў розныя - хто яго ведае? Вось я і падумаў: чаму б гэтыя трубкі не склеіць?” Што тычыцца дуды, то і тут Мар’ян Антонавіч дае падрабязныя тлумачэнні аб канструкцыі старажытнага духавога інструмента, заўсёды тлумачыць, што перад пачаткам ігры неабходна напоўніць скураны мех паветрам. І пачынае гучаць сапраўдная дуда! Яе некалькі рэзкаваты, але насычаны і густы тэмбр зачароўвае.
Сярод экспанатаў ёсць ляскоткі і гармонік. Віртуозная ігра на гармоніку і ўменне Мар’яна Антонавіча імправізаваць захапляюць усіх прысутных, а танцавальныя найгрышы гучаць з такім запалам, што публіка мімаволі пачынае прытанцоўваць. А дудкі — са шлангам. Яны імітуюць галасы жывёл: вала, дзіка, зязюлі, жураўлёў.
— Гэтай музыкай з нізкімі гукамі можна нават лячыць, — упэўнены майстар. - Калі дзіця плача, яно адразу заспакоіцца, пачуўшы такія гукі, — ужо не раз так адбывалася. Я насычаюся гукамі, удасканальваю іх.
Як кажа Мар’ян Антонавіч, навучанне ігры на народных музычных інструментах павінна быць абавязковым у дзіцячых музычных школах, школах мастацтваў, на факультатывах сярэдніх школ, факультэтах грамадскіх прафесій вышэйшых навучальных устаноў, у гімназіях, ліцэях, педагагічных каледжах, гуртках і калектывах мастацкай самадзейнасці. Надзвычай слушна!
Спадара Мар’яна наведвае шмат высокіх гасцей. Прыязджаюць музыканты, прафесары, дыпламаты з усёй Беларусі і з-за мяжы.
Драўляны інструмент майстра быў прызнаны спецыялістамі ў Еўропе. Вынік плённай працы высока ацанілі музыканты з Польшчы, Канады, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Славакіі. На дудачках Мар’яна Скрамблевіча граюць музыканты Беларускай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама ансамбляў “Белыя росы”, “Гарадніца”, “Гуды”. Мар’ян Антонавіч стварыў нават музычную сям’ю акарын, кожная з якіх мае свой голас: бас, альт, сапрана, тэнар.
Чалавек-аркестр: у яго руках і саломінка зайграе — так кажуць землякі пра майстра-музыканта, ініцыятара стварэння першага ў Беларусі музея народных інструментаў.
Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра
Фота прадастаўлена цэнтрам