— За тыя сорак з гакам гадоў, якія вы працуеце на тэлебачанні, змянілася вельмі многае — і ў плане тэхнікі, і ў жыцці грамадства. А ці ёсць у гэтай сферы хоць нешта нязменнае, непадуладнае часу?
— Тое, што тэлебачанне — гэта вялікая моц, я адчуў адразу пасля свайго прыходу туды ў далёкім 1977 годзе. Мяне запрасілі зрабіць праграму “Спявайце, горны!” — прамы эфір піянерскага злёту з танцавальнай залы ў парку Чалюскінцаў, цягам якога піянеры павінны былі распавядаць пра свае поспехі ў спорце, вучобе ды іншых добрых справах. І вось, да брамы парка падганяюць перасоўныя тэлестанцыі — тады гэта была навінка. Аднак мажныя грузавікі ў вароты не пралазяць. І што б вы думалі: вароты знеслі, каб яны маглі праехаць!
Мы выставілі тэхніку, падрыхтаваліся… А дзяцей няма! Не ведаю, што там здарылася: мо нехта нешта наблытаў. Час усё блізіцца. Я чухаю патыліцу: як выкручвацца з гэтай сітуацыі? І раптам званок: праграма адмяняецца, бо паляцелі касманаўты, і ўвесь эфір прысвечаны ім. Сам ледзь не ўзляцеў на арбіту ад радасці! І зразумеў, што тэлебачанне — папраўдзе магічная рэч! Такім яно было, такім і застаецца.
— Я заспеў яшчэ той час, калі на тэлевізары было ўсяго тры кнопкі. Сёння іх — безліч. З аднаго боку, багацце выбару, з другога — пачуццё дэзарыентацыі…
— Па-першае, дэзарыентацыя, а па-другое — кланаванне ідэй. Ёсць перадачы, якія па-рознаму называюцца, але насамрэч — адное і тое ж. Мала таго, нават тэхніка здымак падобная рыхтык у рыхтык. Вы паглядзіце прагноз надвор’я на розных каналах: выходзіць сімпатычная дзяўчына, аднолькава складае рукі, вымаўляе першую фразу, потым паварочваецца на другую камеру… І ніякіх адрозненняў, ні каліва крэатыву! Хаця тэхнічае абсталяванне на вышыні. Між тым, у часы маёй маладосці тэлевізійшчыкі несупынна нешта выдумлялі.
Не хочацца быць “старым бурчуном”, які лічыць, што раней і снег быў бялейшым. Але ж прамінулыя часіны згадваю з прыемнасцю. Скажам, цыкл “З чаго пачынаецца Радзіма”, які выходзіў у 80-я. У нас былі неверагодныя госці. Прыкладам, у гэтым пакоі маёй кватэры сядзеў Зіновій Гердт. Памятаю, мая жонка вымавіла прозвішча “Сталін”. І знакаміты акцёр ажно ўскочыў: ды я яго на дух не пераношу! Але потым супакоіўся — калі падалі дранікі, якія Гердт страшна любіў. Здымалі ў Перадзелкіна Роберта Раждзественскага. Як выявілася, гэта выдатны суразмоўца, грунтоўны і шчыры чалавек — нягледзячы на свой тагачасны камсамольскі задор.
— Сёння вы згадваеце тыя часіны ў сваёй аўтарскай праграме “Рэдакцыя” на Беларусь-3. Гэта настальгія?
— Хутчэй памкненне адлюстраваць гісторыю нашага тэлебачання. Многіх герояў маёй праграмы з намі ўжо няма, іншыя — прызабытыя. Аднак не выпадае сумнявацца, што ў развіццё сваёй справы ўсе яны зрабілі вялікі ўнёсак. Я распавядаю пра тыя праекты і асобы, якія мне падаюцца знакавымі, вартымі памяці. Можа, сёння яны выглядаюць ужо не надта актуальна і наўрад ці маглі б прыжыцца ў цяперашнім эфіры: рытм жыцця іншы, людзі іншыя, кліпавае ўспрыняцце… Але мне падаецца, што ў тых праграмах ёсць душа.
Пэўна, без маёй уласнай настальгіі тут не абышлося. Але найперш мне хацелася нагадаць пра тыя дасягненні, якія мела наша тэлебачанне. Скажам, мала хто памятае, што ў 1989 годзе Алег Марозаў зрабіў тэлемост Мінск — Дэтройт — Ванкувер. На такое тады нават Познер не быў здатны, і Мінск перасягнуў Маскву. Аднак ніводнай згадкі нават у рэспубліканскай прэсе пра гэты “ідэалагічна небяспечны” крок не было.
— Вы прыехалі ў Мінск ужо будучы маладзёнам, а нарадзіліся ў заходнеўкраінскім Чорткаве. Адкуль тады веданне беларускай мовы?
— Найперш дзякуючы працы ў “ЛіМе” — яшчэ падчас навучання на журфаку. А потым я патрапіў у “бязлітасную”, як мы яе называлі, газету “Піянер Беларусі”. Чаму бязлітасную — ды проста так, гэта з Бабеля. Насамрэч газета была наадварот добразычлівай, а калектыў — цудоўным і дружным. Там я шмат чаму навучыўся. Мая настаўніца ў журналістыцы — Ганна Краснапёрка, якая прайшла гета, у юным веку стала партызанкай, напісала некалькі цудоўных кніг пра свой лёс, дзе ёсць і трагедыя, і гераізм, і высакароднасць людзей…
У “Піянеры” я адказваў за літаратурную частку. Многія цяперашнія класікі ў школьным веку дасылалі мне свае першыя экзерсісы. Аднойчы добра “лапухнуўся”: адзін з юных талентаў выдаў верш Купалы за свой, а я яго апублікаваў. Потым давялося чырванець.
— Патрапіўшы на тэлебачанне, вы на доўгія гады сталі спартыўным журналістам…
— Дзякуючы чаму мне пашчасціла шмат дзе пабываць: у ЗША, Японіі, Кітаі… Савецкі чалавек пра такое мог адно марыць. Я асвоіў камеру, і мяне было выгодна пасылаць на міжнародныя спаборніцтвы як гэткага “два ў адным”. Потым ездзіў і на Алімпійскія гульні, нават узначальваў групы, якія там працавалі. Апроч уражанняў, адусюль прывозіў і новыя тэмы — напрыклад, спорт для інвалідаў. Або тыя знакамітасці, чые імёны амаль што забытыя. Скажам, чэмпіён свету па авіяспорце Вадзім Аўсянкін, які загінуў у Мінску падчас паветранага свята на вачах у многіх тысяч…
— Даўно заўважыў, што вы ўспрымаеце спорт не вузкапрофільна — як большасць спартыўных журналістаў — а ў даволі шырокім кантэксце: як складнік жыцця грамадства ў той ці іншы перыяд…
— Мяне цікавіць найперш характар. Не так і важна, выйграў ты або прайграў спаборніцтва — куды істотней, якія чалавечыя якасці ты пры гэтым праявіў. Не ведаю, што можа быць больш вартым увагі за лёс чалавека. Тым болей, праз яго можна ўбачыць і гісторыю горада, народа, краіны.
І дарэчы… Чым адрозніваецца сённяшняе тэлебачанне ад ранейшага: у значнай меры страчаная цікавасць да асобы. Падзеі затушоўваюць тых, хто за імі стаіць. Лёсы, псіхалогія, учынкі мала каго цікавяць у гэтым несупынным інфармацыйным віры.
— Таму і нядзіўна, што праз спорт вы прыйшлі да гісторыі Беларусі...
— Я ўвесь час ёй паціху цікавіўся, нешта знаходзіў, занатоўваў... Нават не ведаючы, калі і дзе мне гэта спатрэбіцца. А штуршком да больш сур’ёзнай цікавасці адназначна стала з’яўленне праекта “Зваротны адлік”, які доўгі час рабіла “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, выходзіў на АНТ. Я з задавальненнем уліўся ў яго каманду і стаў вышукваць амаль нікому невядомыя постаці ды падзеі. А бывала і наадварот — факты вядомыя ўсім, але ніхто і не здагадваўся, што яны неяк звязаныя з Беларуссю.
Дарэчы, ці ведаеце вы, што знакаміты трайны адэкалон прыдумаў Напалеон, калі ягоныя войскі мерзлі ў нас пад Барысавам? Імператар загадаў парфюмерам зрабіць адэкалон, які, па-першае, меў бы прыемны водар (што для салдат заўсёды актуальна), па-другое, абараняў бы ад холоду, і па-трэцяе, ім можна было б без шкоды для жыцця сагравацца, прымаючы ўнутр.
Без сумневу, спорт — гэта частка нашай беларускай гісторыі. І звышцікавых асобаў тут безліч. Скажам, мінчук Міхаіл Дзявочка, які перамог у першай у гісторыі Расіі міжнароднай велагонцы ў 1895 годзе. Або той жа Зігмунд Мінейка — былы паўстанец, які цудам уцёк з катаргі, стаў знакамітым інжынерам у Афінах і дасылаў у нашы мясціны рэпартажы з першых Алімпійскіх гульняў.
— Думаю, я не першы, хто задае вам такое пытанне: як вам удаецца адкопваць у нетрах нашай гісторыі такіх неверагодных герояў?
— Галоўная прычына — мая прыродная цікаўнасць. Скажам, неяк у Гродна я натрапіў на бальніцу імя Зіновія Салаўёва. Задумаўся: а што ж гэта за Салаўёў такі? Запытаў у медыкаў, але яны і самі не надта ведалі. Пачаў капаць — і даведаўся, што гэта апантаны рэвалюцыянер, які ў першыя гады СССР займаўся аховай здароўя і стварыў першы піянерскі лагер, знакаміты “Артэк” — а разам з гэтым і саму з’яву, вядомую некалькім пакаленням. А прычым тут Гродна? Аказваецца, Зіновій Салаўёў там нарадзіўся.
Некалі мне давялося папрацаваць у Алімпійскім музеі ў Лазане. Як выявілася, першым нашым суайчыннікам, які выйшаў на старт падчас алімпійскага дэбюта зборнай СССР (Хельсiнкi, 1952 г.), быў Анатоль Юлін. Сабраў пра яго інфармацыю — і, здавалася, справа зроблена. Але раптам я задаўся пытаннем: а ці не маглі нашы землякі ўваходзіць у склад іншых зборных?
Пошук прынёс плён. На Алімпіядзе 1932 года ў Амстэрдаме за зборную ЗША выступала Альбіна Асіповіч. Прозвішча нібы наскае… Адкрываю яе анкету, а там чорным па белым напісана: нацынальнасць — беларуска! Выявілася, што сям’я перабрадася за акіян з Віленшчыны, дзяўчынка нарадзілася ўжо ў Амерыцы, але мову сваю і карані сям’я не забыла. Альбіна перамагла на першынстве Злучаных Штатаў па плаванні, патрапіла ў склад алімпійскай зборнай — і заваявала ў Амстэрдаме ажно два залатых медаля! Потым, дарэчы, выйшла замуж за будучага ўладальніка кампаніі “Джэнерал Электрык”. Праўда, памерла ў маладым веку. Такі вось лёс.
— Цудоўны кандыдат на выпуск вашага новага цыкла “Геаграфія з біяграфіяй”…
— Так, я ўжо даслаў заяўку яшчэ на дзесяць серый, і спадзяюся, што мы з “Майстэрняй Уладзіміра Бокуна” будзем працягваць гэты праект. Матэрыяла хапае. Такія кампактныя формы сёння вельмі запатрабаваныя. Звычайна дырэкцыя праграм шукае магчымасць заткнуць тую дзірачку, што ўтвараецца ў эфіры. А тут — невялічкая (5 — 6 хвілін), але змястоўная перадача. Тым болей, і зробленая яна як цукерка: малады рэжысёр Арына Бокун прыўнесла сваю фантазію, гумар, яркі арыгінальны стыль.
— Як мяркуеце, а ці шмат цікавых гісторый і постацяў з беларускай мінуўшчыны мы пакуль што не ведаем?
— Вельмі шмат. Баюся, многае ўжо і не даведаемся. Зрэшты, нейкія сляды ў гісторыі ўсё ж застаюцца — варта толькі іх дбайна шукаць. Пабачыш недзе ў старым энцыклапедычным даведніку або ў старым артыкуле згадку, што герой нарадзіўся на Беларусі — і пачынаеш яго гісторыю раскручваць. Даведваешся пра сям’ю, атачэнне. На жаль, многія ў сваіх пошуках абмяжоўваюцца адно інтэрнэтам ды лічаць, што калі там няма звестак, дык іх наогул не захавалася. Я ж вельмі люблю наведвацца ў бібліятэкі — і часам выходжу адтуль не з пустымі рукамі. І калі нехта захопіцца такімі даследаваннямі так, як захапляюся імі я, ён дакладна нешта ды знойдзе.
Фота Аляксандра КУШНЕРА