Людзі мы цікавыя. Пайшоў я ў адпачынак у адной краіне, а прыйшоў з яго днямі зусім у іншую. У першай і ўявіць сабе цяжка было, каб наш народ ці не ўвобмірг захацеў стаць нацыяй. І “Магутны Божа” ля Белдзяржфілармоніі стаў гаючым і надаў сілы. А кавярня з разбітым дзвярным шклом? Людзі збіраліся ў чаргу, каб купіць кавы ды хоць нейкім чынам кампенсаваць гаспадарам нечаканыя страты. Натоўп здольны нявечыць, народ замест паходні сагравае любоўю, нацыя мроіць пра Беларусь не толькі ў Год малой радзімы.
Калісьці інсургенты Кастуся Каліноўскага выкарыстоўвалі для сакрэтных стасункаў пароль і адказ: “Каго любіш?” — “Люблю Беларусь!” — “То ўзаемна”. Усё элементарна проста: нельга жыць на зямлі, якую ненавідзіш, немагчыма штосьці давесці людзям, якіх не любіш. На стараверскіх ручніках Веткаўшчыны напісана “Бог — гэта Любоў”. І ўвесь зямны шар услед за Beatles паўтарае: “Усё, што ёсць у свеце — гэта любоў”. Як займацца каханнем, ведаюць усе, любіць здольныя толькі абраныя. Цікавыя мы людзі.
Гадоў дваццаць таму ў “ЛіМ” прыбег раззлаваны Толя Сыс: “Напісаў зварот, апублікуйце!” Апублікавалі. Паэт ганьбіў пару супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра, якія дазволілі сабе “раскошу” дзесьці публічна размаўляць па-руску. Натуральна, публікацыя мела рэзананс і вярнула жадаемае status quo. Купалаўцы былі, ёсць і будуць правапераемнікамі Купалы, які ў 1919 годзе акрэсліў нашу будучыню ў маніфесце “Незалежнасць”.
Правапераемнікамі ў мастацкім слове і грамадзянскім учынку, у мастацкай шчырасці і праўдзівасці. Словам, Купалаўскі тэатр — не толькі галоўная тэатральная пляцоўка краіны. Гэта — эталон беларускага сумлення. Мінскія будаўнікі, відаць, яшчэ доўга будуць перадаваць з вуснаў у вусны тое, што адзін з купалаўцаў змяніў амплуа і ўзводзіў разам з імі дамы. Часова, па прычыне вялікага жадання вывучыць жыццё з яго адваротнага, не вельмі прывабнага боку. Мы людзі цікавыя. Крыху замінае свет паралельных рэальнасцяў. Нацыянальны банк краіны рыхтуе манеты ў гонар стагоддзя Купалаўскага тэатра. Цікава, што на іх будзе адлюстравана.
“Янка Купала” ўрэшце да нас дайшоў. Драма лёсу аднаго выбітнага для Беларусі чалавека — неаспрэчная драма ўсёй краіны. І тутэйшыя ўважліва слухаюць паэта, які стаяў ля вытокаў нашай незалежнасці. Няхай драмы застаюцца толькі на тэатральных сцэнах.