Адкладзеная перамога Val

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Невядома, пашчасціла ці не групе Val выйграць сёлетні нацыянальны адбор на “Еўрабачанне” — конкурс адмянілі. Аднак перамогу на ўзроўні Беларусі ўжо ж ніхто не адменіць: Val была лепшай і самай годнай. І цяпер пра яе дазналіся шырокія колы слухачоў не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсёй Еўропе, сваю хвіліну славы музыканты атрымалі ў любым выпадку. Val — гэта Vlad and Lera, спявачка Валерыя Грыбусава і саўнд-прадзюсар і мультыінструменталіст Улад Пашкевіч. Група новая і не надта вядомая да нядаўняга часу. Але ў спявачкі Валерыі Грыбусавай у яе 25 гадоў ужо вялікая сцэнічная біяграфія: і Гран-пры фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2013”, і першая прэмія на “Славянскім базары ў Віцебску — 2015”, і шматгадовая праца ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі. Пра “Еўрабачанне”, пра тое, што далі шматлікія перамогі ў конкурсах, і як ад працы ў аркестры перайсці да стварэння моднай і актуальнай музыкі мы пагутарым з Валерыяй ГРЫБУСАВАЙ.

/i/content/pi/cult/792/17055/015.JPG— Натуральна, у першую чаргу трэба спытацца, як вы ўспрынялі адмену “Еўрабачання”, як перажылі такую навіну?

— На сённяшні дзень эмоцыі ўжо трохі сцішыліся — думаем пра будучыню. Ды і падсвядома былі гатовыя, што сёлета на гэтым конкурсе пераможа не музыка, а каранавірус. Зараз мы чакаем, якое рашэнне прыме Белтэлерадыёкампанія, бо, напрыклад, 12 краін ужо абвясцілі, што ўдзельнікі, заяўленыя на гэты год, выступяць у наступным — зразумела, з іншай, новай песняй. Мы са свайго боку зрабілі прапанову, што падрыхтуем на выбар 10—12 трэкаў. Увогуле, мы вельмі аптымістычна настроеныя, і думаем, што створым яшчэ лепшую, яшчэ больш якасную кампазіцыю для “Еўрабачання — 2021”. На песню “Да відна”, якую вельмі любім, мы ўсё роўна хочам зняць кліп, і закрыць такім чынам гештальт, каб ісці далей. Бо зараз ужо пішам матэрыял да новага альбома, які плануем скончыць бліжэй да лета.

— У вас як у спявачкі было ўжо нямала конкурсаў, і часта вы на іх перамагалі…

— Я заўсёды атрымлівала Гран-пры ці першую прэмію: так пачалося ў 15 гадоў, так цягнецца і дасюль, да нацыянальнага адбору. Але, думаю, “Еўрабачанне” будзе маім апошнім конкурсам, проста трэба гэта здзейсніць — з’ездзіць, выступіць, і болей конкурсаў мне не трэба. Цяпер ужо хочацца займацца менавіта творчасцю, а не спаборнічаць з кімсьці і даказваць сваё ўменне спяваць. Хочацца пісаць новыя песні, ствараць музыку, пашыраць аўдыторыю, ездзіць у туры.

— Музыцы і спевам вы вучыліся ўсё жыццё, і яшчэ літаральна некалькі гадоў таму былі студэнткай. Вы якраз з тых артыстаў, што на сцэне з самога маленства і ніякага іншага шляху для сябе, акрамя артыстычнага, не бачаць?

— Так, як кажуць — дзяцінства ў мяне не было (смех). Спевамі я прафесійна займаюся гадоў з шасці  — тады гэта быў ансамбль народнай музыкі “Ярыца”. Там жа ў Магілёве скончыла гімназію-каледж мастацтваў — атрымала класічную музычную адукацыю, потым быў Універсітэт культуры ў Мінску, магістратура. Дарэчы, у нашым магілёўскім каледжы ў свой час вучыліся і Наталля Падольская, і Пётр Елфімаў, які потым стаў маім педагогам па вакале і дапамагаў рыхтавацца да конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску”. Як звычайна, вучань бярэ лепшае ад кожнага свайго педагога, і адзін час мяне нават называлі “Елфімаў у спадніцы” — як вакалістка я здольная выдаць такую, як кажуць, “ноту з мясам”, магу даць моцы як сапраўдны рокер.

Гадоў з 15-ці я ўжо пастаянна ездзіла ў Мінск вучыцца — скончыла акцёрскія курсы ў Акадэміі мастацтваў і “Школу моды Сяргея Нагорнага”, а потым і ўся сям’я пераехала ў Мінск. З таго часу пачала ўжо ўдзельнічаць і ў міжнародных конкурсах. А ў восьмым класе я хацела быць актрысай і паступаць у Маскву ў тэатральны інстытут. Але пасля курсаў зразумела, што Бог пацалаваў мяне менавіта ў звязкі, і займацца нейкай групавой, калектыўнай творчасцю, як у тэатры, я не хачу — а хачу спяваць, хачу пісаць сваю музыку, хачу ні ад кога не залежыць.

— Першая прэмія на “Славянскім базары ў Віцебску” — гэта даволі значнае дасягненне, асабліва для зусім юнай дзяўчынкі. Нагадайце нам, што вы спявалі ў конкурсе?

— У дзень сусветнага хіта я выконвала Somebody to love групы Queen — тую ж песню, з якой праз два гады трапіла ў каманду Джамалы на ўкраінскім “Голасе краіны”. Але самым запамінальным і ўвогуле адным з найяскравейшых уражанняў за ўсё жыццё для мяне стала тое, як я з аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга спявала песню “Ночь” Давыда Тухманава на верш Уладзіміра Маякоўскага. Памятаеце — “Любит? Не любит? Я руки ломаю…” — яе ў свой час выконваў Мікалай Наскоў. Я тады была вельмі ўзрушана, бо расказвала сваю гісторыю. І мне гэта было настолькі нажом па сэрцы, што песню я аднойчы выканала — і больш не магу яе спяваць.

— Тады вы прайгралі толькі Дзімашу Кудайбергену, які зараз вялікая зорка і выступае на стадыёнах — ён атрымаў Гран-пры. Што вам дала 1-я прэмія “Славянскага базару”, ці стала яна штуршком у кар’еры?

— Я не лічу, што “прайграла” Дзімашу, бо выступіла вельмі паспяхова і нас з ім падзяліла літаральна некалькі балаў. А што мне дало першае месца — 15 тысяч долараў, якія я потым накіравала на сваю творчасць! Не магу сказаць, што ў мяне з’явіліся паклоннікі, ды і на такія вялікія, дзяржаўныя, тэлевізійныя канцэрты мяне не запрашалі — быццам і не было ніякага “Славянскага базару”. Але памер прэміі мяне парадаваў (смех).

— А ў вас жа калісьці было і Гран-пры фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Канешне, цяпер аўтарытэт гэтага конкурсу не параўнаць з віцебскім, але што дала тая маладзечанская перамога?

— Мне было 17 гадоў, і якраз пасля Маладзечна мяне запрасіў у свой аркестр Міхаіл Якаўлевіч Фінберг. На той момант для мяне гэта была вельмі значная прапанова, вельмі пахвальная. Я прайшла там сапраўдную школу жыцця. Як часта жартую — хлопчыкі ў 18 гадоў ідуць у армію, а я, дзяўчынка, пайшла ў аркестр. Можна сказаць, што шэсць гадоў адслужыла (смех). У мяне, у прынцыпе, і ў каледжы былі дастаткова патрабавальныя педагогі, таму я здолела падладзіцца пад аркестравыя парадкі, пад жорсткую дысцыпліну, пад Міхаіла Якаўлевіча. Дарэчы, мы рассталіся з ім цалкам на мірнай ноце: ён сказаў, што калі чалавеку неабходна развівацца, то, канешне, трэба яго адпусціць. Для мяне гэтыя шэсць гадоў былі добрым вопытам работы з вельмі таленавітымі прафесійнымі музыкантамі, з самым розным рэпертуарам, я навучылася хутка рэагаваць на заўвагі, хутка вучыць тэкст, хутка падладжвацца пад новыя абставіны і пад розныя песенныя праграмы. Мне здаецца, пасля працы ў аркестры Фінберга артыст становіцца такім універсальным вакалістам, здольным на ўсё (смех).

— Вы паралельна і ва Універсітэце культуры вучыліся…

— Насамрэч я хацела ехаць вучыцца ў Маскву ў Гнесінку, але пасля заканчэння гімназіі павінна была ці адпрацаваць два гады па размеркаванні, ці паступаць на бюджэт у Беларусі. У мяне дзякуючы каледжу была ўжо вельмі добрая падрыхтоўка па многіх дысцыплінах, і ва Універсітэце культуры я вучылася па індывідуальнай праграме. Але асабліва хачу падзякаваць педагогу па сцэнічнам маўленні Дзіне Георгіеўне Тыцюк, якая шмат чаму мяне навучыла — яе заняткі я ніколі не прапускала. Што тычыцца менавіта вакалу, то я вельмі ўдзячная майму апошняму педагогу ва ўніверсітэце Ігару Васільевічу Мельнікаву за тое, што ён мяне не ламаў, не змяняў, а проста накіроўваў як больш вопытны чалавек — папраўляў, карэкціраваў, а ў прынцыпе зберагаў мой голас.

— Каб артысту адбыцца на сцэне, толькі голасу і валодання рознымі вакальнымі тэхнікамі недастаткова. Зараз у праекце Val вы ствараеце актуальную, сучасную музыку — досыць электронную і стылістычна не самую папулярную ў нашай краіне. Вы не пайшлі, так бы мовіць, па пратаптанай эстраднай дарожцы. Хаця і ў шматлікіх конкурсах, і ў аркестры Фінберга спявалі хутчэй нешта традыцыйна эстраднае.

 — Я магу назваць сябе меламанам, і карані гэтага, зразумела, у сям’і: мая мама, напрыклад, заўсёды слухала добрую музыку — Стынга, Майкла Джэксана, Мэраю Кэры, Селін Дзіён, Уітні Х’юстан. Яна па адукацыі медык, калісьці іграла на скрыпцы, танцавала доўгi час. Я таксама слухала толькі замежную музыку, і сама, нават зусім маленькай, выбірала, што спяваць. Мне заўсёды хацелася знайсці не тое, што ва ўсіх і што ляжыць на паверхні, а нешта адметнае, цікавае, густоўнае, хацелася нешта прыдумаць, “скрэатывіць”. Каб быць актуальным творцам, трэба развіваць свой густ — і я многа чаго слухаю, самага рознага. Я ўвогуле такі “музычны чарвяк”, які пастаянна капае і капае ў пошуках новай цікавай музыкі.

Сапраўды, да пэўнага часу даводзілася спяваць чужыя песні — каверы, так бы мовіць. Цяпер жа я хачу выконваць толькі сваё аўтарскае. У нашага з Уладам праекта Val, дарэчы, прынцыповая пазіцыя, што мы выступаем толькі са сваімі песнямі — і на канцэртах, і на вечарынках, куды нас запрашаюць.

— Дапамажыце нам зарыентавацца — у якую стылістычную нішу аднесці праект Val?

— Магу рассказаць пра тое, якімі музыкантамі мы натхняемся. У мяне гэта, напрыклад, Alina Baraz, Kate Stewart, Tom Misch, SG Lewis, Disclosure… Канешне, мы сочым за сусветнымі трэндамі, але перарабляем іх у сваім стылі і трохі набліжаем да мясцовай ментальнасці. А калі казаць пра беларускіх музыкантаў з нашага блізкага кола, то можна назваць рэпера Папiона, праект Mikita, Рамана Волазнева, Michael Soul, D.Jaza — гэта такое новае, маладое пакаленне сучаснай беларускай музыкі. Улад Пашкевіч, з якім мы партнёры ў творчасці і ў жыцці, удзельнік нашай знакамітай прадакшн-студыі Tone Twins, якая робіць музыку і саўнд-дызайн для многіх сучасных вядомых артыстаў і вялікіх сусветных брэндаў. Мэтавая аўдыторыя Val, як мне падаецца — гэта людзі досыць інтэлігентныя, якія многа вандруюць, якія чытаюць добрыя кніжкі, глядзяць добрае кіно. І наўрад ці ў нас агульная аўдыторыя, напрыклад, з Максам Каржом.

— Праект Val існуе ўжо чатыры гады, але да нядаўняга часу — на маё адчуванне — у цэнтр увагі ён чамусьці не трапляў, усё змянілася толькі з “Еўрабачаннем”. Чаму так? І што далей?

— Насамрэч мы і песні запісвалі, і на канцэртах з фестывалямі выступалі, былі на разагрэве ў папулярных музыкантаў — напрыклад, ігралі разам з Zivert і Cream Soda. Але наша музыка, магчыма, не для самых шырокіх колаў. Ды й мы не разглядалі праект Val як камерцыйны. Удзелам у “Еўрабачанні” мы якраз хацелі пашырыць нашу аўдыторыю — конкурсны трэк рабілі адпаведным. Недзе з паўгода таму ў нас з’явіўся і канцэртны дырэктар — чалавек з вялікім вопытам у музычнай сферы, вядомы прадзюсар Андрэй Каліна, і зараз мы плануем многа выступаць і гастраляваць — калі сітуацыя дазволіць. Таксама разлічваем, што бліжэйшы год прысвяцім і падрыхтоўцы да “Еўрабачання”, таму што нам хацелася б прадоўжыць гэтую захапляльную гісторыю.