У Нацыянальным мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Шрага Царфін. Рух да святла”. Яму папярэднічала сустрэча прэсы з асобамі, якія маюць непасрэднае дачыненне да гэтай культурніцкай імпрэзы. Гэта галоўны куратар выставы Юрый Абдурахманаў, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, унучатая пляменніца мастака Эла Царфін і ягоны ўнук Іў Дзюлак.
Спадар Дзюлак узгадаў, што паводле расповедаў ягоных бацькоў, калі ён сам быў немаўлём, дзед спяваў яму калыханкі на беларускай мове. “Я вельмі рады, — сказаў далей Іў Дзюлак, — што праз нас, сваякоў Царфіна, мастак вяртаецца на сваю радзіму, і што менавіта на беларускай зямлі я пабачыў сваю радню з розных краін. Тут, у Мінску, сустрэліся расійская, ізраільская і французкая галіны нашага роду”.
Сам спадар Дзюлак спецыяліст па дзіцячай кардыялогіі, неаднойчы рабіў аперацыі на адкрытым сэрцы. Яму як чалавеку, які займаецца дзяцьмі паводле прафесіі і душэўнага паклікання, асабліва прыемна, што ў Смілавічах мемарыяльная зала Царфіна знаходзіцца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Юрый Абдурахманаў распавёў пра асаблівасці выяўленчай мовы Шрагі Царфіна і пра тое, якія ўзоры сусветнай класікі маглі паўплываць на фармаванне ягонага непаўторнага стылю.
Эла Царфін згадала, што на вялікі жаль імя яе сваяка як, дарэчы, і іншых яўрэяў — прадстаўнікоў Парыжскай школы, так шанаваных у Беларусі, у Ізраілі фактычна невядомыя шырокай грамадзе. Хіба што шчыльнаму колу прафесіяналаў. Зараз яна робіць захады для арганізацыі ў гэтай краіне выстаў, якія можна лічыць асветніцкімі і культурна-прапагандысцкімі.
Пра тое, як фарміравалася экспазіцыя, расказала Надзея Усава.
Гаворачы пра тых, хто рабіў выставу ў Нацыянальным мастацкім, трэба згадаць і Надзею Кухарэнка, якая з’яўляецца яе сакуратарам і якой належыць дызайн экспазіцыі. Да таго ж яна раздрукавала эскізы аздобы тканін непасрэдна на тканіне. Гэта мастацкая рэч была прадстаўлена на манекене. Такім чынам гледачы атрымалі нагляднае ўяўленне і пра гэту грань таленту Шрагі Царфіна.
Выстава “Шрага Царфін. Рух да святла” з’яўляецца часткай святкавання Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь свайго 80-гадовага юбілею.