Аляксандра ЗАХАРЫК: “Пісаць “папсу” не магу, робіцца млосна”

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Яе песні чуў кожны, хто хоць калі ўключаў радыё, ды й тэлегледача, што не бачыў гэтую артыстку, знайсці складана — яна ўдзельнічае ў самых рэйтынгавых тэлепраектах. Аляксандра Захарык спявае джаз, фанк, соўл, і смела можна сказаць, што гэта адна з самых лепшых вакалістак у беларускай папулярнай музыцы. Свой прафесійны шлях на сцэне артыстка пачала яшчэ падлеткам: паўдзельнічала ў нацыянальным адборы на “Дзіцячае Еўрабачанне”, а неўзабаве была ўжо ў кроку ад перамогі ў дарослым адборы з групай “Вецер у галаве”. Увогуле, дзе толькі не пабачыш Аляксандру Захарык — яна ўвесь час рухаецца, адгукаецца на ўсе цікавыя прапановы, удзельнічае ў конкурсах, супрацоўнічае з рознымі калектывамі, напаўняе радыёэфіры сваімі песнямі. А гучаць гэтыя песні, дарэчы, на розных кантынентах, бо ў наш час межаў для музыкі не існуе.

/i/content/pi/cult/772/16667/08.JPG— Многія тэлегледачы сачылі за вамі ў конкурсе “Новая волна — 2016”, у леташнім сезоне тэлепраекта “Голас” — і радаваліся, як добра ў вас усё атрымліваецца, думалі, што вось-вось вы, па-простаму кажучы, станеце “зоркай”. Па меншай меры, калі мэтры так шчыра хвалілі, чакалася, што ў кар’еры нешта пачне змяняцца. Ці змянілася?

— Амаль усе артысты, што прымаюць удзел у падобных праектах, не становяцца зоркамі пасля іх. Бо ў першую чаргу гэта шоу, і цалкам натуральна, што яно зарабляе грошы. І таму да канкурсанта там ставяцца не як да творчай адзінкі, з якой пасля можна зрабіць зорку, а як да творчай адзінкі, з якой трэба нешта “ляпіць” менавіта ўнутры праграмы і рабіць на гэтым рэйтынгі. Як толькі ты аказваешся па-за эфірам, ты ўжо нікому не цікавы. У шоу “Голас” раней было такое правіла, што артыст, які дайшоў да адной чацвёртай фіналу, быў абавязаны ехаць у вялікі тур, прычым за вельмі смешны ганарар. Маглі пазваніць і сказаць, што праз тры дні канцэрт недзе на іншым канцы Расіі, і ты павінны быў скасаваць усе свае планы і ляцець на гэты амаль бясплатны канцэрт. У прынцыпе, па такой схеме многія лэйблы ў Расіі працуюць, звычайная практыка — на артысце проста зарабляюць грошы. Таму калі я ішла ўдзельнічаць у гэтых фестывалях і праектах, то ішла не з грандыёзнымі марамі і не з думкай — ой, божухна, мяне пабачыць нейкі прадзюсар і зробіць зоркай! Я ішла свядома і з цвярозым розумам.

— Але ж публіка менавіта так і думае, публіка хоча верыць у казку.

— Канешне, большасць людзей абсалютна наіўныя ва ўспрыманні гэтых праектаў, але і няхай — людзям так цікавей глядзець. Але мяне, шчыра кажучы, раздражняе, калі падобнае кажуць мае знаёмыя, нават блізкія людзі — ой, ты ў фінале “Новой волны”, ой, ты прайшла ў наступны тур “Голасу”! А расказаць, што калі я ў тым жа “Голасе” дабралася да чвэрцьфінала, мне стала страшна, бо я разумела, што вось-вось і патраплю ў гэтую кабалу з абавязковым турам — было адчуванне, што трэба хутчэй адсюль бегчы (смех). Я ведала, за чым прыйшла — за эфірамі, сувязямі і кантактамі, за вопытам… Фестываль “Новая волна” — крыху іншая справа, канешне, перамагчы на ім было б прэстыжна, але ж і там канкурсант у нейкім сэнсе іграе сваю ролю ў спектаклі.

Несумненна, мне гэтыя конкурсы дадалі пазнавальнасці. А ў астатнім — цяпер часы інтэрнэта, і па сутнасці, абраўшы правільны накірунак, ты можаш зрабіць сябе сам, без прадзюсараў і нават без грошай. У мяне накірунак, магчыма, не такі “правільны”, не мэйнстрым, — я пішу сваю музыку і я ў ёй шчырая. А пісаць “папсу” не магу, калі спрабую, мне робіцца млосна. Але нельга казаць, што я арыентуюся на нешта некамерцыйнае. Ёсць мноства суперпапулярных музыкантаў, якія робяць тое, што мне падабаецца і што я сама прагну рабіць — Бруно Марс, напрыклад, Беёнсэ. Адзінае, што яны нашмат больш папулярныя там, а не ў нас. Але калі мае песні купляюцца ў заходніх краінах, значыцца, я на правільным шляху.

— Вы яскрава пачыналі на прафесійнай сцэне — у складзе дуэта “Вецер у галаве”, які ледзь-ледзь не выйграў наш нацыяльнальны адбор на конкурс “Еўрабачанне”. І ўжо тады — у вас быў яшчэ першы курс Універсітэта культуры — здзіўлялі сваім непадобным да іншых артыстаў стылем. Ці моцна з таго часу памяняліся густы?

— У праекце “Вецер у галаве” больш было даверу да нашага саўндпрадзюсара Андрэя Жукава, які ведаў мае прыхільнасці, — я пісала песні ў розных стылях, але пераважна фанк. Ды й цяпер недалёка ад гэтага адышла — у мяне і фанк, і соўл, летам зрабіла новую песню “Лола” ў лацінаамерыканскім стылі. Мяне моцна вабяць жывыя інструменты, гэта мая любоў. Хаця з выкарыстаннем электронных праграм таксама няма ніякіх праблем, я сама магу дома зрабіць дэма-версію, калі што. Але ж калі мне спатрэбіцца электронная аранжыроўка, буду звяртацца да прафесіяналаў, якія ўмеюць рабіць актуальнае гучанне. Бо для мяне самая прывабная музыка тая, што была ў мінулым — 70 — 80-я гады, не кажучы ўжо пра джаз 30 — 40-х.

— Мне падаецца, усё гэта адбілася на тым, як удала ў вас атрымалася ўжыцца ў вобраз Эмі Уайнхаус у канцэрце-трыб’юце, што праходзіў летам у Мінску ў межах гучнай выставы “Эмі Уайнхаус: Сямейны партрэт”. Вы спявалі яе песні разам з групай Apple tea, а песні гэтыя звернутыя якраз у мінулае.

— Так і ёсць, я пачувала сябе вельмі арганічна. У прынцыпе, гэта адна з маіх самых любімых спявачак, вельмі важны персанаж у развіцці маёй музычнай культуры. Эмі — неверагодная, мой кумір. І таму калі мяне запрасілі пабыць у яе ролі і выканаць гэтыя цудоўныя песні — я была шчаслівая.

— У вас вельмі шчыльныя творчыя сувязі з нашай славутай джазавай групай Apple tea, дзякуючы чаму і вас часта называюць джазавай спявачкай: хаця вы спяваеце самае рознае, і не толькі з Apple tea. Як вы знайшлі адно аднаго?

— У Apple tea я размеркавалася пасля заканчэння Універсітэта культуры: мабыць, упершыню ў гісторыі выпускніка гэтай установы размеркавалі ў камерцыйную арганізацыю, якой і была група. Хаця спачатку планаваўся Палац дзяцей і моладзі “Золак”, дзе я працавала падчас вучобы. Але ж мне як лаўрэату прэзідэнцкай стыпендыі можна было самой выбраць месца. І я прыйшла з запросам ад Apple tea да аднаго ўніверсітэцкага начальніка, а той і кажа: “Ну навошта вам гэты “Яблычны джэм”? (смех) Я гэты “джэм” ніколі не забуду. Мы і зараз многа працуем разам, але я лічу сябе сольнай вакалісткай, якая проста супрацоўнічае з рознымі калектывамі — што з Apple tea, что з Lipnitsky show orchestra, і гэтак далей.

— А наколькі лёгка існаваць на нашай эстрадзе вось так адной, без ніякай установы, без ніякай падтрымкі?

— Сапраўды, у мяне за спінай ніхто не стаіць. Але ж у нашай краіне, па вялікім рахунку, няма асаблівай праблемы трапіць у ратацыю на радыё, трапіць на тэлебачанне — для гэтага прадзюсар непатрэбны. Але ці належу я да нашай эстрады — не думаю, у асноўным мы існуем неяк паралельна, хаця перыядычна перасякаемся. Я іду нейкімі іншымі шляхамі. Зараз многа новых магчымасцяў, новых сродкаў: я раблю стаўку на Youtube, Instagram, iTunes і да таго падобнае — вось яшчэ ў чым розніца паміж мной і тым, што называецца беларускай эстрадай. Мы, маладзейшае пакаленне, мыслім аднахвіліннымі відэа, каб уціснуць свой кантэнт у рамкі Instagram. Калі я ствараю песню, нават мільгае думка — о, добра, што атрымалася тры хвіліны і так зручна падзяляецца на тры часткі па адной хвіліне. І мне падабаецца, што зараз у музыкантаў усё гэта ёсць. Таму што цяпер ты нікога не можаш абвінаваціць у тым, што тваю музыку ніхто не чуе, што цябе не пускаюць у эфір. Проста рабі песню і публікуй — калі яна чагосьці вартая, то ўсе пачуюць.

Вось, напрыклад, нядаўна мне даслалі справаздачу па маёй новай кампазіцыі “Лола”, я нават здзівілася, як там многа краін: трэк куплялі і ў Штатах, і ў Еўропе — нягледзячы на тое, што песня на рускай мове. Я на гэтым нават нешта зарабляю, на iTunes у Германіі маю песню купілі разоў 500, у ЗША недзе 2 тысячы разоў. Канешне, у параўнанні з сусветным шоу-бізнесам гэта кропля. Але для мяне, дзяўчынкі Сашы з Мінска, якая сам-насам без усялякай падтрымкі зрабіла кампазіцыю, гэта неверагодна крута!

— У сэнсе, вы не будзеце скардзіцца, як часта здараецца, што ў Беларусі няма шоу-бізнесу і музыканту нялёгка прабіцца.

— Скардзіцца — гэта ў прынцыпе не пра мяне. Што зменіцца ад скаргаў? Я разумею, як працуюць механізмы поспеху, бачу, што недзе Фартуна, недзе харызма, недзе патрапіў у хвалю — ды што заўгодна! І нікому не зайздрошчу, наадварот — шчыра радуюся, калі з’яўляецца класная музыка. А ў нас яе зараз многа, вельмі многа, і вельмі-вельмі крутой! Шыкоўныя калектывы з’яўляюцца, найталенавіцейшыя, у мяне проста дрыжыкі па скуры ад захаплення бягуць.

— Вы кажаце пра Беларусь? Можна пацікавіцца, каго вы маеце на ўвазе, няхай усе звернуць увагу на гэтых музыкантаў.

— Група Dee tree з вакалісткай Лерай Дэле — які ў іх дэбютны альбом, якія там музыканты! Кірыл Ермакоў — неверагодны талент, аранжыроўшчык, вакаліст. Ромка Волазнеў увогуле фантастычны, проекты Val, Tone twins — хлопцы, што зараз робяць прадакшн для многіх заходніх артыстаў. Мае любімыя пупсікі Naviband, ад Nizkiz я проста фанацею. Ды й многа хто! Вось калі б мы з іх і такіх, як яны, зрабілі эстраду, гэта была б бомба! Я з вялікай павагай стаўлюся да нашых мэтраў, але ж з’яўляецца столькі новага і цудоўнага, і яно ніяк не падтрымліваецца, не прасоўваецца.

— Ці ёсць у вас уяўленне, да якой мэты вы ідзяце ў сваёй кар’еры, чаго хочаце дасягнуць?

— Не магу сказаць, што ў мяне ёсць нейкі доўгатэрміновы бізнес-план. Я па натуры рэаліст, іду маленькімі крокамі. І ў сваёй галаве я ўжо разгледзела ўсе самыя сумныя варыянты, якія мяне могуць чакаць у перспектыве: напрыклад, стаць проста педагогам па вакале — пакінуць сцэну, ці нават заняцца нейкім іншым бізнесам. На гэты момант радуюся поспехам сваіх песень, радуюся канцэртам, планую запісаць аўтарскі акустычны альбом з гітарыстам Міхаілам Філіпенем — далёка не заглядваю, раблю сваю справу. Увогуле, з некаторага часу грандыёзна нічога не планую, бо жыццё навучыла і паказала, як у адну секунду ідзе ў нябыт усё, што ты распісаў сабе на бліжэйшыя гадоў дзесяць. Пачынаеш разумець, што трэба жыць сённяшнім днём і атрымліваць асалоду ад кожнага яго імгнення. Самая асалода — спяваць на канцэрце, для жывой публікі і менавіта свае аўтарскія творы. Для мяне пісаць, ствараць музыку — як дыхаць, проста сэнс жыцця. І ніхто не можа мне перашкодзіць гэтым займацца.