АЎДЫЯ
Гурт Harmonic Style Project, міні-альбом HSP
А.: Добры праект са сваім тварам — з музыкай, заснаванай на фальклоры. Я думаю, ён упішацца і ў атмасферу любога буйнога святочнага мерапрыемства ў нашай краіне, і ў клубную аўтэнтычную тусоўку. Праўда, складана спрагназаваць, наколькі такая творчасць будзе запатрабавана ў сольным варыянце — для гэтага калектыву трэба абзавесціся цэлай абоймай бяспройгрышных песенных “хукаў”. Зрэшты, заяўкі на іх у дадзеным рэлізе ёсць.
B.: Яшчэ адны інтэрпрэтацыі старадаўніх беларускіх песень. Прызнацца, мяне ўжо крыху стамілі перапрацоўкі аўтэнтычных твораў, у якія выканаўцы імкнуцца напхаць столькі ўсякага-рознага, што першааснову нават прафесійныя даследчыкі беларускай спадчыны пазнаюць з цяжкасцю. Пераасэнсаванне тое мне ў цэлым спадабалася, за выключэннем, быць можа, трэка “Сталы мае”, які выйшаў ну вельмі ўжо прасценькім. Але ёсць на рэлізе і цудоўная кампазіцыя “Озэрэчко” — шырокая і вольная. Ну а “адарвацца” па поўнай папросту можна пад фінальную “Дадому, сваты”.
Гурт Nite Nite Nite, альбом Blindspot
A.: Быццам бы, перад намі проста-такі выдатна зроблены матэрыял, што называецца, запісаны абсалютна ў канонах пэўнага кірунку. Аднак, мне здаецца, гэтая музыка ў першую чаргу павінна спадабацца тым, хто толькі знаёміцца з электронным саўндам, для мяне ж асабіста гэты жанр — захапленне, якое даўно прайшло. І сапраўдных адкрыццяў у ім за апошні час я нешта не ўзгадаю — нават у сусветных маштабах.
B.: Калі вы любіце Depeche Mode так, як я, то гэты альбом для вас. Не, вядома ж, было б поўным глупствам сур’ёзна параўноўваць беларусаў з брытанцамі, але і тыя, і іншыя вызнаюць агульную музычную ідэю, выконваючы сінці-поп, сінтвэйв. Праўда, у адрозненне ад больш знакамітых калегаў, якія ў сваіх галоўных хітах выглядаюць рокава-рытмічна, мінчане менш агрэсіўныя і такіх ужо заліхвацкіх гітарных рыфаў у іх няма (але асобныя пасажы — гэткія міні-пасажы — добрыя). І яшчэ нашы адкрыта “заточаныя” пад танцполы.
Для плэера выбіраем трэкі Blindspot, Born і Isolation.
Блэкi з Бангі, альбом Life is 7734
A.: На мой погляд, дадзеная творчасць знаходзіцца ў арбіце таго, што робяць умоўныя Хаскі і Скрыптанiт, — адпаведна, расійскі і казахстанскі рэп-выканаўцы. Гэта значыць, наш артыст выглядае цалкам сабе ў трэндзе таго, што цяпер актуальна на постсавецкай прасторы ў гэтым кірунку. Бяда ж усіх модных хіп-хопераў заключаецца ў тым, што ўспрымаюцца яны нярэдка некалькі саманадзейна, літаральна на роўным месцы выстаўляючы сябе бясхібнымi прарокамі і палымянымі трыбунамі. Далібог, смех разбірае ад такіх трэкаў.
B.: Бессэнсоўна, вядома, патрабаваць ад рэп-выканаўцы большай музычнасці яго трэкаў, але найлепшыя ўзоры сусветнага хіп-хопа як раз ёй і адрозніваюцца. Выснова: перад намі ўзор не лепшы. Але і не ўсё дрэнна ў альбоме, і калі ў кампазіцыях тэма, маўляў, жыццё — гэта пекла, педаліруецца не так акцэнтавана, то рыфмы і строфы трапляюцца даволі ўдалыя. Зрэшты, пекла ў трэках — яно не такое, што проста Пекла, або нават ПЕКЛА, проста выканаўца рэчытатывам апавядае аб тых штодзённых “засадах”, якія спадарожнічаюць жыццю звычайнага чалавека.
ВІДЭА
Гурт Zui, кліп на песню “Тату звольнілі”
А.: Выдатныя песня і кліп! І кампазіцыя чапляе слухача сваім, здавалася б, простым сэнсавым зместам, але такім кранаючым душу, што аж слёзы наварочваюцца. І ўсе гэтыя кранальныя прыродна-вясковыя пейзажы прымушаюць сэрца хутка біцца. Міжволі задумваешся, гледзячы відэа і слухаючы трэк, аб тым, наколькі хуткаплыннае наша жыццё. І як у адно імгненне нешта добрае ў ім можа змяніць дрэннае.
B.: Вось такая назва ў песні... Так здараецца, што дзяцінства часам канчаецца ўраз, і рака жыцця з яе, здавалася б, няхуткай плынню раптам крута мяняе сваё рэчышча. Яшчэ ўчора дзіця марыла паляцець у космас, а сёння яно з усяго размаху ўжо пляскаецца аб зямлю. І наперадзе — перамены, і што заўтра будзе, як заўтра будзе — хто ж яго ведае. Смутак накрыў стары вясковы дом, асобы яго насельнікаў сумныя, прырода панылая, і нават спакой вечнага лесу не радуе вока. Увогуле, усё і ўсе памерлі... У пераносным значэнні гэтага слова. А песня, калі забыцца на тэкст і агульны яе пахавальны настрой, ну ніякая.