Сёлетні тэатральны форум супадае са святкаваннем 1000-годдзя Брэста. З гэтай нагоды арганізатары вырашылі запрасіць у тым ліку калектывы з гарадоў-пабрацімаў: тэатр драмы і лялек Івана Радоева з балгарскага Плевена, Цюменскі драматычны тэатр з Расіі, Адзескі рускі драматычны тэатр і Валынскі музычна-драматычны тэатр імя Тараса Шаўчэнкі з Украіны, Люблінскі культурны цэнтр з Польшчы, Батумскі драматычны тэатр імя Чаўчавадзэ.
Фестываль традыцыйна збірае праграму з пастановак розных жанраў. Вулічныя спектаклі пакажуць кракаўскі калектыў “Сцэна Калейдаскоп” і добра вядомы заўсёднікам “Белай вежы” Львоўскі акадэмічны тэатр “Воскресиння”. Балет “Стварэнне свету” прывязе Дзяржаўны маскоўскі акадэмічны тэатр класічнага балета Наталлі Касаткінай і Уладзіміра Васільева. Пластычную пастаноўку “Свяшчэнная жанчына” падрыхтаваў “Этна Балет Парыж”.
Лялечнікі будуць прадстаўлены знаёмымі па Нацыянальнай тэатральнай прэміі спектаклямі з Магілёва — “Самы малы самалёт на свеце”, і Брэста — “Новая зямля”. У гэтым жа блоку гледачоў парадуюць яскравай пастаноўкай Ерэванскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Аванэса Туманяна “Мая сям’я ў маім чамадане”.
Гаспадар тэатральнага свята — Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы — паставіў у фестывальную афішу сваю нядаўнюю прэм’еру “Сярожа вельмі тупы”. Беларусь таксама прадставяць Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа — спектаклем “Сымон-музыка”, Магілёўскі драматычны тэатр — “Жоўтым пясочкам”, сталічны Тэатр-майстэрня “Студзіёзы” — “Віем”.
Увагу публікі, напэўна, прыцягне паэтычны монаспектакль кіраўніка маскоўскага тэатра “Сатырыкон” Канстанціна Райкіна: народны артыст Расіі будзе чытаць вершы Восіпа Мандэльштама, Давіда Самойлава і іншых класікаў.