Імя яму — Абыякавасць

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Пачатак бадай самай тусовачнай вуліцы Мінска. У размаітай галерэі вобразаў, якая адлюстроўвае складанае мінулае і вясёлую сучнаснасць гэтых мясцін амаль згубіўся сціпленькі, яшчэ савецкі помнік. Ён усталяваны на месцы першага публічнага пакарання мінскіх падпольшчыкаў. Здымак той падзеі стаў бадай іканаграфічным і, напэўна, вы яго ведаеце. Бо яго ведаюць літаральна ва ўсім свеце.

/i/content/pi/cult/744/16150/opt.jpegЁн ёсць у “Звычайным фашызме” Міхаіла Рома — і не толькі… Ужо ў наш век шведскі рэжысёр Рой Андэрсан “ажывіў” павешанага Валодзю Шчарбацэвіча ў сваіх культавых “Песнях з другога паверха”. А нямецкая журналістка Анэгрыт Айх’хорн не так даўно здзейсніла самагубства, убачыўшы на тым здымку свайго бацьку.

Фонам для манумента павешаным сёння служыць рэкламны банер дражжавога камбіната. Слоган там падабраны трапна — “Всегда на подъёме!” Не верыш? Ідзі і глядзі!

Гадоў колькі таму гэта было б расцэнена як ідэалагічная дыверсія. І, зразумела, беспадстаўна. Бо імя такой з’яве зусім іншае — Абыякавасць.

Менавіта гэта я казаў неяк у прыватнай гутарцы з дырэктарам Хатынскага мемарыяла Артурам Зельскім, якога дужа абурыла, што ў адным расійскім горадзе фігуру Няскоранага вылепілі з шакаладу.

А абыякавасць — уласцівасць нашай псіхікі. Часам здаровая, а часам і не.

Даволі часта гучыць: а навошта ўвогуле варушыць памяць пра тыя жудасныя падзеі? Навошта вяртацца ў стан суцэльнай траўмы? І чалавечая псіхіка, не падмацаваная (або, наадварот, падмацаваная) нейкімі крыніцамі ўздзеяння, сама сабою дае адказ: не варта. Такая ўжо яе ўласцівасць…

Некалі раней, у шчаслівым савецкім дзяцінстве, мне літаральна карцела атаясамляць сябе з героямі той вайны, і я вельмі перажываў, што мне выпала жыць у мірны час. Сёння мне ўжо не хочацца атаясамляць сябе літаральна ні з кім у тую пару. Хочацца толькі міру.

Зразумела, эвалюцыя маіх поглядаў здарылася не проста так. Я даведаўся, што такое вайна, не толькі з савецкіх дзіцячых часопісаў і амерыканскіх баевікоў, якія незаўважна іх замянілі, але і дзякуючы расповедам франтавікоў — таго ж Васіля Быкава і соцень іншых.

І гэтыя расповеды вельмі важныя. Працуючы з імі, ты шторазу адкрываеш новыя дэталі. Прыкладам, ці ведаеце вы, чым бавіліся салдаты ў акопах падчас зацяжных абарончых баталій? Была ў іх такая гульня - “вшанка”, своеасаблівы аналаг прусачыных бягоў. Правілы распавядаць не буду — раптам нехта паабедаў. Але гэтая гульня гаворыць пра рэаліі той вайны куды лепей, чым любыя пафасныя выразы.

А колькі такіх сведчанняў можа кануць (ці, дакладней, ужо канула) ў Лету! Проста таму, што заклапочаныя высокімі матэрыямі мы не парупіліся пра тое, каб іх захаваць.

Хаця такія простыя дэталі — самы эфектыўны антыдот. Бо гаварыць пра вайну, вядома ж, трэба найперш з адной прычыны: каб новыя “вясёлыя карцінкі” кагосьці не завабілі ў тую багну, якой насамрэч тая вайна ёсць.

А другая прычына — экзістэнцыяльная. Чужы досвед рыхтуе нас да складанасцяў ва ўласным жыцці, адстараніцца ад якіх не заўсёды бывае ў нашай волі. У пэўнай меры, вучыць, як да іх ставіцца.

Зрэшты, выслухоўваючы тую самую “акопную праўду”, варта памятаць, што яна — толькі частка праўды агульнай. Толькі адзін дыскурс, адзін сегмент. Бо на вайне ёсць яшчэ і праўда генералаў — тых, хто прымае стратэгічныя рашэнні, аперыруючы пры гэтым жыццямі тысяч. І часам гэтыя дзве праўды — ваенныя мэты і памкненні чалавека — ніяк не сумяшчаюцца.

Але часам наадварот. Вельмі прыкра, што ў Польшчы сёння не згадваюць добрым словам пра Іосіфа Гусакоўскага. Майстар глыбокага танкавага рэйду з легендарнай “катукоўскай” арміі, ён у студзені 1945 года, здаецца, пераўзышоў сам сябе! Апынуўшыся ў Вісла-Одэрскай на вастрыні ўдару, яго брыгада праходзіла па сотні кіламетраў у дзень, рассякаючы жалезным клінам абарону немцаў і спрыяючы таму, каб гарады і вёскі вызваляліся з ходу. Тым самым, ратуючы іх ад абстрэлаў і бамбёжак.

Але яшчэ больш прыкра, што і ў нас мала хто ведае пра гэтага ўраджэнца Магілёўшчыны. Хаця жыццярыс двойчы Героя Савецкага Саюза, які літаральна цудам уратаваўся ў гады Вялікага тэрору, варты яшчэ таго “Чапаева”. Ды, на жаль, не знята пра яго пакуль ніводнага фільма.

Хіба ж гэта не абыякавасць?