Вядомы гродзенскі мастак Сяргей Грыневіч пісаў гэтыя карціны “для сябе”, ні пра якія культавыя мэты не задумваючыся. Але святары парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля прапанавалі размясціць іх у сваім касцёле сучаснай архітэктуры.
— Мне паведамілі, што за велікодны перыяд храм наведала каля пяці тысяч чалавек, — распавёў мастак. — Як вы самі разумееце, гэта значна болей, чым колькасць гледачоў звычайнай выставы.
Самае цікавае, што прыгожая ініцыятыва займела прыгожы працяг. Павіншаваць са святам сваіх братоў у Хрысце ў касцёл прыйшлі праваслаўныя святары. Убачыўшы карціны, яны тут жа прапанавалі выставіць іх у маі ў душпастырскім цэнтры пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы.
А ўжо ў Вялікі чацвер адзін з твораў “браў удзел” у набажэнстве ў размешчаным на тэрыторыі абласной бальніцы храме свяціцеля Лукі, архіепіскапа Сімферопальскага і Крымскага, якое праводзіў протаіерэй Аляксандр Хомбак.
— Вядома ж, мяне гэта ўзрадавала. Цудоўна, што маё мастацтва спрыяе экуменічнаму дыялогу, — адзначыў Сяргей Грыневіч.
Па словах Сяргея Грыневіча, пачалося ўсё яшчэ гадоў шэсць таму, калі мастак — як і многія яго вялікія папярэднікі — зацікавіўся тэмай Страсцей Хрыстовых.
— Я саманадзейна вырашыў: хаця тэма для сусветнага жывапісу і “вечная”, яшчэ не ўсё ў ёй сказана, — апавядае ён. — Зразумела, нават думак пра тое, што мае творы будуць знаходзіцца ў храме, тады не ўзнікала. Пагатоў, гэта не сакральнае мастацтва як такое, а проста ўзор сучаснага жывапісу. Мне было цікава самому пераасэнсаваць традыцыйны сюжэт. Так з’явіўся трыпціх з укрыжаваным Хрыстом, “Піета”, а потым і мая версія “Тайнай вячэры” — у вялікім фармаце, які я вельмі люблю. Некалі пры нагодзе паказваў яе аднаму святару ў Санкт-Пецярбургу, але яго водгук не быў ухвальным: усё ж, маё візуальнае ўвасабленне вядомага сюжэту далёкае ад кананічнага.
А вось клір у Гродне гэтымі маімі творамі зацікавіўся. Пару гадоў таму прыходзілі да мяне ў майстэрню праваслаўныя святары, потым і ксяндзы. Разважалі, што з гэтым рабіць — ці варта такія творы ўключаць у царкоўны кантэкст.
Не так даўно ў касцёле рэдэмптарыстаў у Дзевятоўцы з’явіўся новы вікарый — айцец Юзаф Гэнза, чалавек вельмі прагрэсіўных поглядаў. Знаёмыя парафіяне прывялі яго да мяне ў майстэрню. Ён убачыў гэтыя творы і адразу сказаў: гэта маё, трэба рабіць!
Што прыемна адзначыць, усе арганізацыйныя клопаты парафія ўзяла на сябе. Прыехалі, загрузілі… “Тайную вячэру”, якая дасюль ніколі не пакідала прасторы маёй майстэрні (многія карціны ў мяне разыходзяцца, але гэтыя я трымаю пры сабе: не хочацца з імі развітвацца) вывезці было вельмі складана: чатырохметровай даўжыні халсціна ледзь пралезла ў дзвярны праём.
Экспазіцыю — ці, дакладней, інсталяцыю — таксама рабілі вернікі, цікава пагуляўшыся з чырвонымі драпіроўкамі. Я ў гэты час наогул мусіў ад’ехаць за мяжу і вярнуўся ў Гродна толькі ў Вялікі чацвер. На наступны дзень мне патэлефанавалі і сказалі абавязкова прыйсці на вечаровую службу, прысвечаную Страсцям Хрыстовым.
Я адстаяў яе поўнасцю, назіраючы за тым, што адбываецца. Поўны касцёл — недзе пад тысячу чалавек. Людзі рознага веку, шмат дзятвы, моладзі. Цішыня, засяроджанасць…
Што найбольш уразіла, дык гэта казанне ксяндза Юзафа. Ён вельмі грунтоўна распавёў пра тое, як велікодная тэматыка прадстаўлена ў мастацтве — у музыцы, літаратуры, жывапісе… Урэшце, святар прывёў у прыклад і мае творы.
Перад службай у сакрыстыі мяне далікатна запыталі, ці можна прыгадаць у казанні маё імя. Я пагадзіўся, але папрасіў, каб мяне не выклікалі — бо гэта ж не вернісаж. І сапраўды, казанне вельмі адрознівалася ад звыклых для нас дзяжурных мастацтвазнаўчых прамоў. Многіх яно ажно на слязу прабівала.
Ужо на наступны дзень пайшлі пагалоскі. У сацыяльных сетках да мяне сталі “грукацца” парафіяне. Шмат атрымаў я падзякаў. І вельмі рады, што такое паразуменне паміж рэлігіяй і сучасным мастацтвам адбылося.