Абноўлены і фармат самаго правядзення прэм’ернай вечарыны. Яго адчулі найперш тыя, хто прыйшоў у тэатр за гадзіну раней да пачатку спектакля. Бо ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай вядомы беларускі крытык і даследчык Святлана Уланоўская распавядала пра разнастайныя ранейшыя пастаноўкі “самай сумнай аповесці ў свеце”.
Роўна праз тыдзень пасля балетнай прэм’еры — оперная, якая адкрывае згаданы Калядны форум. “Дон Паскуале” Гаэтана Даніцэці не ўпершыню завітае на нашу сцэну. Але на гэты раз — з амаль цалкам маладзёжным складам выканаўцаў, якім скарыцца гэтая опера-буфа. І ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ.
Астатнія спектаклі форума — гэта прэм’еры мінулага і пачатку гэтага сезона: “Тоска”, “Багема”, “Саламея”. Але ў рамках фестывалю яны пройдуць з запрошанымі з замежжа зоркамі. Упершыню замест гасцявога спектакля адбудзецца сольны канцэрт адной з самых запатрабаваных у свеце спявачак — Вольгі Перацяцька. Але, як запэўніў падчас прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, гэта не стане завядзёнкай: на наступных форумах можна будзе ўбачыць паўнавартасныя спектаклі іншых тэатраў, што вельмі важна для развіцця айчыннага мастацтва. Затое захаваецца іншая традыцыя: як заўжды, завяршыцца свята маштабным гала-канцэртам. У ім побач з прызнанымі артыстамі выступяць таксама пераможцы конкурсу.
Дарэчы, сёлета на гэтае творчае спаборніцтва паступіла рэкордная колькасць заявак — 332 з 26 краін. Колькі канкурсантаў да нас даедзе — убачым ужо на тым тыдні. Адбор будзе, як звычайна, жорсткім: фіналісты павінны не толькі праспяваць, але і акцёрскі сыграць адну з прапанаваных конкурснай праграмай оперных сцэн.