Дачка баранэсы
Нарадзілася Вера Ермалаева 2 лістапада 1893 года ў сяле Ключы Пятроўскага павета Саратаўскай губерні. Бацька яе быў памешчыкам і займаў пасаду старшыні земскай павятовай управы. Маці мела тытул баранэсы Унгерн-Унікоўскай. У дзяцінстве Вера ўпала з каня, вынікам чаго стаў параліч ног — у далейшым дзяўчына магла перасоўвацца толькі з дапамогай мыліц. Але гэта не перашкодзіла Ермалаевай атрымаць выдатную адукацыю ў Парыжы, Лазане, Санкт-Пецярбургу.
Ермалаеву з дзяцінства цягнула да мастацтва, і ў 1911 годзе яна паступіла ў студыю жывапісца Міхаіла Бернштэйна. Там Вера зацікавілася кубізмам і футурызмам, што потым адбілася на яе творчасці.
Атрымаўшы мастацкую падрыхтоўку, Ермалаева пачынае займацца кніжнай ілюстрацыяй. Яна супрацоўнічае з арцеллю “Сегодня”, якая выпускала невялікімі тыражамі лубкі і кнігі-карцінкі, афармляла выданні арцеляў “Мышата”, “Петух” і “Пионеры”. Ілюстрацыі рабіліся пры дапамозе гравюр на лінолеуме і затым у большасці выпадкаў расфарбоўваліся ўручную.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ермалаева ўдзельнічала ў конкурсах Наркамасветы, працавала як мастак тэатра, стварыла эскізы да знакамітай футурыстычнай оперы Міхаіла Мацюшына і Аляксея Кручоных “Перамога над сонцам”.
Парыж на Дзвіне
Існуе такі прыгожы выраз, што ў пачатку 1920-х гадоў Віцебск на некаторы час стаў беларускім Парыжам. Тады ў гэтым невялікім правінцыйным горадзе стварыліся ўнікальныя ўмовы для развіцця мастацкіх з’яваў сусветнага маштабу. Тут дзейнічала вышэйшая мастацкая навучальная ўстанова, у якой развіваліся навейшыя на той час эстэтычныя ідэі, у тым ліку зараджаўся дызайн сучаснага тыпу, быў адкрыты адзіны ў савецкай краіне музей сучаснага мастацтва, нарэшце, працавала нават філармонія.
Пачалося ж усё ў 1918 годзе, калі ў Віцебску было арганізавана Народнае мастацкае вучылішча. Маладому дырэктару Марку Шагалу былі патрэбныя выкладчыкі, якія б падзялялі яго мастацкія погляды. На старонках газеты “Искусство коммуны” ён апублікаваў зварот да мастакоў з заклікам падтрымаць новаствораную навучальную ўстанову. Заклік Шагала не застаўся без водгуку. У Віцебск пачалі прыязджаць вядомыя мастакі, у асноўным з Масквы і Петраграда. У іх ліку была і Вера Ермалаева.
У Беларусь яна прыехала ў ліку першых “эмісараў” — яшчэ ў 1919 годзе. Неўзабаве стала кіраваць жывапіснай майстэрняй у Народным мастацкім вучылішчы, потым увайшла ў яго прэзідыум. А ўжо на наступны год — пасля таго, як Шагал прыняў рашэнне пакінуць Віцебск — заняла яго месца дырэктара.
Работа ў навучальнай установе па-ранейшаму вялася наватарскімі метадамі. Практыкавалася рознаўзроўневае выкладанне — ад асноваў выяўленчага мастацтва і да навуковага аддзялення (нешта накшталт аспірантуры). Па заканчэнні курса студэнт, акрамя выканання жывапісных ці праектных экзаменацыйных практычных заданняў, павінен быў напісаць і тэарэтычную работу.
Якія задачы ставілі перад сабой педагогі той навучальнай установы, відаць з дакументаў, што дайшлі да нашага часу: маладой дзяржаве патрэбны спецыялісты, якія б маглі стварыць сучасны рэчыўны свет, у якім бы дамы, масты, аэрапланы, прадметы побыту не толькі характарызаваліся тэхнічнай дасканаласцю, але і былі б свайго кшталту творамі мастацтва.
Ермалаева была бліжэйшай паплечніцай найбольш радыкальнага з выкладчыкаў — Казіміра Малевіча. Яны ўдвох сталі заснавальнікамі аб’яднання УНОВИС — “Утвердители нового искусства”. Менавіта яно высунула патрабаванне “вытворчасці праектаў новых форм утылітарных патрэбнасцяў і рэалізацыі іх у жыцці”. І ўжо
неўзабаве ў дзейнасці членаў праявіліся парасткі таго, што мы сёння называем прамысловым дызайнам.
Вялікія планы, вялікія надзеі… Здаецца, наперадзе шмат цікавага, значнага, але неўзабаве ў навучальнай установы (на той момант яна ўжо мела назву Мастацка-практычны інстытут) пачынаюцца праблемы, звязаныя і з матэрыяльнымі, і з ідэалагічнымі прычынамі: у новага мастацтва знайшлося нямала праціўнікаў. У выніку яго “утвердители” пачалі пакідаць Віцебск. У 1922 годзе з’ехаў і Малевіч.
Ермалаева засталася сам-насам з усімі цяжкасцямі, якія наваліліся на Мастацка-практычны інстытут: недахоп грашовых сродкаў, нападкі ворагаў новага мастацтва. Тым не меней, яна не здавалася. У маі 1922 года пад яе кіраўніцтвам адбыўся першы і адзіны выпуск. Дыплом аб заканчэнні інстытута атрымалі 11 чалавек, 17 студэнтаў перавялі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Масквы і Петраграда.
Што цікава, у гады свайго рэктарства Ермалаева актыўна прыцягвала да працы ў інстытуце студэнтаў-старшакурснікаў. Так, навучэнцы Міхаіл Векслер, Ніна Коган, Саламон Юдовін кіравалі вучэбнымі майстэрнямі, а Іван Гаўрыс з восені 1921 года нават быў намеснікам Ермалаевай.
Яна рабіла ўсё магчымае, каб захаваць Віцебскі мастацка-практычны інстытут. Але ўжо было зразумела, што ён асуджаны на знікненне. Усвядоміўшы гэта, Ермалаева ў жніўні 1922 года ад’язжае ў Петраград. А 1923 год становіцца для інстытута апошнім.
“За антысавецкую дзейнасць”
У Петраградзе Ермалаева атрымала пасаду кіраўніка лабараторыі колеру ў Дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры, заснаваным яе старым паплечнікам Казімірам Малевічам. Але ў 1926 годзе яго таксама ліквідавалі. Супраць новага мастацтва пачаліся рэпрэсіі.
Ермалаева зарабляла сабе на жыццё супрацоўніцтвам з часопісамі “Воробей”, “Новый Робинзон”, “Чиж” и “Ёж”, працавала як жывапісец і графік, ілюстравала дзіцячыя кнігі. У 1929 годзе разам з мастакамі Уладзімірам Сцерлігавым, Канстанцінам Раждзественскім, Львом Юдзіным, Мікалаем Суеціным, Ганнай Лепорскай стварыла “групу жывапісна-пластычнага рэалізму”. На кватэры Ермалаевай праходзілі творчыя “аўторкі” гэтых мастакоў і выставы, якія суправаджаліся абмеркаваннямі. Гэта ўсё стала падставай для даносу нейкага “дабразычліўца”.
25 снежня 1934 года Веру Ермалаеву арыштавалі адначасова з некаторымі іншымі членамі гуртка. 29 марта 1935 года яна была асуджана на тры гады турэмнага зняволення — “за антысавецкую дзейнасць, якая выяўлялася ў прапагандзе антысавецкіх ідэй і спробе арганізаваць вакол сябе антысавецкі настроеную інтэлігенцыю”. Адбывала пакаранне ў Карагандзінскім лагеры. У верасні 1937 года Ермалаева была асуджана паўторна і прыгаворана ўжо да вышэйшай меры. Пра апошнія дні яе жыцця дакладнай інфармацыі няма. Нехта з даследчыкаў сцвярджае, што мастачку расстралялі, нехта пераказвае гісторыю пра пакутніцкую смерць на пясчанай выспе.
У Віцебску Вера Ермалаева правяла ўсяго тры гады. Але ж той час быў надзвычай важным для гісторыі горада. І не апошнюю ролю ў гэтым сыграла менавіта яна — бясстрашная амазонка новага мастацтва.
Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства