Не інквізіцыя, а суд Лінча

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Перш-наперш, варта ўсвядоміць, што адбылося. Беларуская праваслаўная царква, пазіцыя якой вельмі хутка стала вядомай грамадскасці дзякуючы яе прэс-сакратару айцу Сяргею Лепіну, НЕ ІНІЦЫЯВАЛА адмены і, тым больш, забароны спектакля “Саламея”. Яна паставілася да яго цалкам нейтральна — як тое, пэўна, і мае быць. Адное што, прагучала заўвага адносна даты прэм’еры. Яна — мяркуючы па ўсім, чыста выпадкова — амаль супала са святам Адсячэння галавы Яна Хрысціцеля. І гэтую заўвагу (зробленую, адзначым, зусім не ўльтыматыўным тонам), напэўна, можна прызнаць правамернай.

/i/content/pi/cult/708/15500/opt.jpegДэтанатарам канфлікту паслужыў ліст шэрагу прыватных асоб, змешчаны на сайце луганскага літаратурна-гістарычнага клуба “РусичЪ”. Асобаў, якія не паўнамоцныя прадстаўляць нікога, апрача саміх сябе. Аднак дадзеная “група таварышаў” выступае ад імя ўсёй грамадскасці — прынамсі, хрысціянскай. Асабіста мне як увацаркоўленаму хрысціяніну гэта вельмі прыкра: я пад такім не падпісваўся.

Натуральна, пасля інцыдэнту з “Саламеяй” інтэрнэт вокамгненна ўзарваўся. На адрас Праваслаўнай царквы і рэлігіі наогул палілася мора абвінавачванняў. Часцяком праводзяцца паралелі з інквізіцыяй. Лічу, гэта проста нетактоўна — у дачыненні да апошняй. Як мяркуюць многія гісторыкі, інквізіцыя была надзвычай прагрэсіўнай з’явай — зразумела, для сваёй эпохі, калі пытанне, ці трэба змагацца з чарадзействам, здавалася рытарычным. Інквізіцыя стала альтэрнатывай зусім не вальнадумству, а суду Лінча — метаду, вельмі на той час распаўсюджанаму.

Інквізіцыя — гэта гульня па юрыдычных правілах, прычым ці не самых на той час дасканалых: допыты, датклівы разбор матываў, зацяжныя працэсы і часцяком апраўдальныя прысуды… А суд Лінча — гэта калі “група таварышаў”, кіруючыся сваімі густамі і перакананнямі, знаходзіць сабе “вядзьмарку” і тут жа прыводзіць вырак у выкананне.

Інквізіцыя — гэта калі па тым ці іншым пытанні непрадузята выказваюцца кампетэнтныя спецыялісты, абавязкова выслухоўваючы пры гэтым усе бакі. А суд Лінча — гэта галёканне раз’юшанага натоўпу, у якім патанаюць якія-кольвечы аргументы.

Спектакля ніхто з абвінаваўцаў, зразумела, не бачыў. А тое, што аўтарская інтэрпрэтацыя пастаноўшчыка можа кардынальна перайначваць адпачатны драматургічны матэрыял, аўтары ліста, напэўна, проста не разумеюць. Таму да пазіцыі рэжысёра (а яна агучвалася ў СМІ задоўга да прэм’еры) асабліва і не прыслухоўваліся. Хаця, мяркуючы па тых акцэнтах, якія расстаўляў Панджавідзэ, вінаваціць яго пастаноўку ў антыхрысціянскасці ніяк не выпадае.

Гэты выпадак тым болей адметны, калі ўлічыць, што аб’ектам атакі ці не ўпершыню стаў класічны твор. Зразумела, праз коску з “Саламеяй” можна паставіць і многія іншыя не адпаведныя дагматыцы творы — ад “Боскай камедыі” да “Майстра і Маргарыты”.

Між тым, амбіцыі ў “групы таварышаў” нежартоўныя. Ахарактарызаваўшы дзяржпадтрымку пастаноўкі сусветна вядомай оперы як “очередное кощунство под эгидой Министерства культуры Республики Беларусь”, у сваім лісце яны дамагаюцца — ні многа ні мала — “внести коррективы в идеологию государства и деятельность Министерства культуры по недопущению и впредь постановок подобных “шедевров”, несущих угрозу духовной безопасности Беларуси и единства нации”.

Мне цікава: як яны сабе ўяўляюць менавіта апошняе? У наш унікальны век у адным часе і ў адной прасторы суіснуюць прадстаўнікі самых розных, часам дыяметральна супрацьлеглых светапоглядаў (канфесійная разнастайнасць ВКЛ цяпер падаецца нейкім вельмі ўжо “лайтовым” варыянтам плюральнасці). Гэтыя людзі жывуць па суседстве ў сваіх шматпавярхоўках, ходзяць у тыя самыя крамы, разам трасуцца ў транспарце, едучы на адны і тыя самыя месцы працы. І тут няма нічога страшнага. Сама па сабе такая сітуацыя грамадскі спакой не парушае.

Але калі нейкая частка супольнасці пачынае рашуча цягнуць на сябе коўдру, навязваючы іншым уласныя ўяўленні пра жыццё, гэта немінуча прыводзіць… зусім не да еднасці.

Да меркавання “інквізіцыі” (калі б яна ў тым ці іншым фармаце ў нас існавала), думаю, варта было б прынамсі прыслухацца — хаця б як да паўнамоцнага рэпрэзентанта і сапраўды значнай часткі грамадства. Вядома, з улікам таго, у якім размаітым соцыуме мы цяпер жывём.

А вось суд Лінча — гэта адназначны атавізм.