У праграме свята — мноства культурных і забаўляльных мерапрыемстваў з удзелам айчынных і замежных музыкантаў, артыстаў і творчых калектываў. У ліку краін-удзельніц — Беларусь, Расія, Украіна, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча і Германія. Акрамя таго, сярод замежных гасцей будуць прадстаўлены і беларускія грамадска-культурныя аб’яднанні замежжа, а таксама дыпламатычны корпус.
Натуральна, што тэма Года малой радзімы стане дамінантай на свяце, і менавіта яна пакладзена ў аснову галоўнай імпрэзы фэсту — “Малая радзіма”. У канцэрце прымуць удзел папулярныя айчынныя і замежныя выканаўцы. Пасля яго завяршэння гасцей свята традыцыйна чакаюць шыкоўны феерверк і маладзёжная дыскатэка.
Таксама ў рамках свята ўсе рэгіёны краіны прадставяць свае фестывальныя праекты. Напрыклад, Гомельская вобласць прэзентуе міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, Гродзенская — фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, Мінская — абласное свята “Слуцкія паясы”, а 18 раёнаў Магілёўскай вобласці прэзентуюць цэлы россып сваіх знакавых імпрэзаў, у ліку якіх фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”, этнасвята “У госці да радзімічаў” (Чавускі раён), фестываль “Гаспадарчы сыр” (Слаўгарадскі раён) ды многія іншыя.
Ноу-хау фестывалю — з’яўленне новых адметных пляцовак, такіх як “Кірмашовыя забаўкі” (гандлёвыя шэрагі і праца парку атракцыёнаў); “Зона актыўнага адпачынку” (інтэрактыўныя пляцоўкі па розных відах спорту), “Рысталішча” (плошча для конных выступаў і іншых спаборніцтваў). Таксама гасцей чакаюць конкурс на лепшы купальскі касцюм, выстаўка-кірмаш аграэкатурызму, прэзентацыя праекта “Магілёў — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь”, фестываль фарбаў, канцэртная праграма ад музычна-спартыўнага свята “Вялікая бард-рыбалка” ды многае іншае.
Карацей кажучы, сёлетняя праграма свята настолькі насычаная і разнапланавая, што, безумоўна, прыцягне вялікую колькасць гледачоў, прычым як маладога, так і сталага веку, а таксама будзе цікавай для аматараў сямейнага адпачынку. Так што калі вы думалі — ехаць у Александрыю, ці не — можаце не сумнявацца: пабываць там варта!