(Заканчэнне. Пачатак у №№ 6 —8.)
З гразі ў князі
У тыя часы на падставе фальшывых дакументаў, напісаных гарбатай на штучна састаранай паперы, стваралася мноства радаводаў. Не заўсёды прычынай станавілася жаданне падмануць улады — часта нават у несумнеўных старажытных родаў не было дакладных папер. Многія архівы (у тым ліку і мінскія) згарэлі, а тыя, што захаваліся, былі маладаступнымі або патрабавалі багата часу, сіл і грошай для пошуку любой выпіскі. Таму даводзілася ісці і такім шляхам. А попыт нараджае прапанову.
Цалкам магчыма, што многія прыгожыя радаводы XVI — XVII стагоддзяў, якімі ў наш час так ганарацца тыя наведвальнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, што адшукалі ў яго нетрах свае карані, належаць таленавітаму пяру Вікенція Дуніна-Марцінкевіча. Балазе, як тады, так і цяпер падробленыя радаводы аплачваюцца значна лепей за вершы.
Прычым у тыя часы да Марцінкевіча і яго калег звярталіся не толькі дваране. Дзякуючы падобным “доказам” сваёй радавітасці, многія сяляне змаглі не толькі вызваліцца ад прыгоннай залежнасці, але нават давесці ўласнае шляхецкае паходжанне. “З гразі ў князі” — гэта акурат пра такія выпадкі.
Вікенцій Марцінкевіч не раз выклікаў падазрэнні ўлады ў вырабе падробных дакументаў і каралеўскіх пячатак, але ніколі яго не ўдавалася схапіць за руку. Хаця нерваў яму сякія-такія эпізоды жыцця каштавалі нямала.
Яшчэ ў 1835 годзе наш герой упершыню апынуўся ў Мінскім замку, які сёння называюць Пішчалаўскім. Здаў яго паплечнік па цэху Марцін Чапкоўскі, які напярэдадні і сам загрымеў у вязніцу. Пэўна, каб палегчыць свой лёс, ён пераконваў следчых: “Якія толькі справы ні паступалі праз рукі Марцінкевіча ў дваранскі збор, то ў кожнай ёсць падробленыя паперы”.
Аднак Марцінкевіч тады здолеў выйсці сухім з вады, давёўшы ўласную невінаватасць і пазбегнуўшы нават рэпутацыйных стратаў. За кратамі ён правёў усяго тыдзень. Сам жа Чапкоўскі, у якога пры вобшуку быў канфіскаваны цэлы куфар з сумнеўнымі паперамі, умудрыўся здзейсніць уцёкі з турмы. Па адной з версій, іх арганізаваць яму дапамог сам начальнік вязніцы Станкевіч, які раней карыстаўся паслугамі Чапкоўскага.
З жыцця эксплуататара
Зрэшты, і сам Марцінкевіч аднойчы ледзь не стаў ахвярай майстроў дакументальна даказаць тое, чаго ніколі не было. У 1841 годзе двое прыгонных сялян — браты Язэп і Франц Грыцкевічы — паспрабавалі дамагчыся свабоды ад свайго памешчыка. Яны належылі да набытага Вікенціем маёнтку Янушка (ён не так вядомы, як Люцінка) і даводзілі, што паходзяць ад вольных людзей. У якасці доказу былі прадстаўленыя адпаведныя дакументы.
Ды не на таго натрапілі! Вікенцій выдатна ведаў, як робяцца падобныя “доказы”, і разбіў аргументы Грыцкевічаў па ўсіх пунктах. Разам з тым — сам таго не жадаючы — ён пакінуў для нас падрабязны рэцэпт стварэння падобных радаводаў. Дарэчы, ім карыстаюцца і цяпер — у тых фірмах, якія гатовыя выдаць сучасным шукальнікам сваіх высакародных каранёў “дваранскія граматы” толькі па іх прозвішчы.
Марцінкевіч сцвярджаў: “Шмат ёсць прозвішчаў, аднолькавых як у дваранскім званні, так і ў сялянскім саслоўі. А калі Завішы, Вайніловіч і іншыя могуць быць адны дваране, а іншыя сяляне, то і Грыцкевічы таксама”. Далей ён тлумачыць, што часта людзі, якія ўжо даказалі сваё дваранства, за грошы выдавалі даведкі сваім цёзкам па прозвішчы сялянскага паходжання.
Таму напрыканцы 1842 года Мінскі павятовы суд пастанавіў: пакінуць Грыцкевічаў у распараджэнні Марцінкевіча і загадаць ім падпарадкоўвацца памешчыку.
Напэўна, многіх чытачоў збянтэжыла тут адна дэталь. Аказваецца, беларускі класік — які, паводле савецкай гістарыяграфіі, “родам з народа” — меў уласных прыгонных! Сапраўды, пра тое, што Марцінкевіч купіў маёнтак Люцінка, ведаюць усе. Але той факт, што да гэтага маёнтку дапасоўваліся падуладныя сяляне — 11 душ мужчынскага полу (жаночы пол тады не лічылі), ніхто чамусьці не згадвае. У савецкіх падручніках не было прынята пісаць пра такія дэталі біяграфіі класікаў.
Прычым да нас дайшлі сведчанні сялян аб Марцінкевічы як памешчыку. Найбольш цікавы тут водгук Язэпа Душкевіча, які 16 верасня 1844 года з’явіўся да Мінскага грамадзянскага губернатара, каб “здаць з вантробамі” свайго гаспадара.
Найперш ён заявіў пра тое, што Марцінкевіч з сябрамі вырабляюць фальшывыя дакументы — і крымінальная справа закруцілася зноў! Але на гэтым усё не спынілася. Селянін сцвярджаў: “Марцінкевіч узяў яго з вёскі і чацвёрты год утрымлівае ў сябе ў г. Мінску, дзе ён выконвае ўсе працы, не атрымліваючы за іх ніякага ўзнагароджання, і, акрамя таго, яго дрэнна кормяць і не даюць прыстойнай вопраткі, і пры тым часта без усялякай віны жорстка карае сам Марцінкевіч...”
Здавалася б, крыштальны імідж прагрэсіста і сябра прыгнечаных, які здавён мае наш герой, можа раструшчыцца ўшчэнт. Але насамрэч не ўсё так проста. У працэсе следства высветлілася, што сам Душкевіч быў асобай малапрывабнай, бо займаўся “распустай, блудадзействам, а часам і крадзяжом”. А вось Вікенція ўсе суседзі ахарактарызавалі толькі станоўча.
Авантурыст па жыцці
Відавочна, усе цікавыя факты з біяграфіі Вікенція Дуніна-Марцінкевіча і яго родных і блізкіх немагчыма выкласці нават у цэлым шэрагу артыкулаў. Чаго вартыя хаця б тыя падзеі, у куламесе якіх апынулася сям’я Дуніна-Марцінкевіча пасля паўстання Каліноўскага — калі Вікенцій спачатку падаўся ва ўцёкі, а потым зноў апынуўся ў турэмным замку, а яго дачка Каміла была сасланая ў далёкую Сібір!
Пэўна, каб ахапіць жыццё нашага класіка, спатрэбіцца не адна, а некалькі кніг — прычым напісаныя яны могуць быць у самых розных жанрах. І ўрэшце, некалі ў Беларусі будзе зняты мастацкі фільм пра Вікенція Дуніна-Марцінкевіча і яго шматгранныя таленты, якія ён змог развіць і рэалізаваць у вельмі нялёгкі час.
Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, вядома, не быў такім, якім яго малявалі і савецкія падручнікі літаратуры, і ўжо сучасныя беларускія даследчыкі. Ён прайшоў і бляск Санкт-Пецярбурга, і турэмную камеру. Быў па натуры авантурыстам, чалавекам, схільным да рызыкі. І, магчыма, менавіта таму ён зрабіў тое, на што тады не адважваўся ніхто іншы — загаварыў на беларускай мове са сцэны мінскага тэатра, а потым пісаў на “мужицком наречии” цэлыя кнігі. Не баючыся атрымаць папрокі і ад рускіх, і ад палякаў.
Дый хіба не патрэбны быў дух авантурызму хаця б для таго, каб замахнуцца на пераклад вялікай паэмы Адама Міцкевіча на беларускую? І гісторыя гэтага перакладу, калі велічэзная праца не была прапушчаная расійскай цэнзурай і знішчана, калі была фактычна забароненая творчасць на беларускай мове — хіба ж гэта меншая трагедыя, чым спаленне другога тома “Мёртвых душ” Гогалем?
У той самы час, погляды самога Вікенція Марцінкевіча мала адрозніваліся ад існых тады стэрэатыпаў: маўляў, каталікі, а тым больш шляхта, у большасці польскамоўная — гэта палякі, а праваслаўны народ вакол яе — гэта беларусы. Такі падзел быў па-майстэрску навязаны расійскай уладай, каб абмежаваць уплыў на свядомасць людзей як польскай мовы, так і касцёла. Гэта нам даўно зразумела, што ў пераважнай большасці і шляхта, і сяляне — карэнныя жыхары нашай зямлі, якія ніколі нават не бывалі ў самой Польшчы. Дакладней, на яе сучаснай тэрыторыі, бо дзяржава, якая насіла назву Рэч Паспалітая абодвух народаў, у Расіі амаль заўсёды называлася Польшча. Між іншым, палякамі расійская ўлада лічыла і Марцінкевічаў, за што яны плацілі адмысловы падатак і на іх былі накладзеныя пэўныя абмежаванні ў праве куплі зямлі.
Сваю творчасць Марцінкевіч бачыў як нейкае місіянерства — несці святло цёмнаму народу, з якім ён сябе, пэўна, не асацыяваў. Прынамсі, так вынікае з яго ліста ў Галоўны цэнзурны камітэт, калі быў забаронены ўжо надрукаваны пераклад “Пана Тадэвуша”: “Я, действуя в духе правительства, впал на мысль для поощрения темного и с натуры ленивого нашего крестьянина к науке описывать его обычаи, обряды, традиционные предания и то в собственного же диалекте”.
Дзіўным чынам, гэта адначасова быў і бізнес-праект. Дунін-Марцінкевіч не планаваў бясплатна раздаваць свае кнігі сялянам — ён меў намер іх прадаваць і на тым зарабляць. Гэты аўтар першым разглядзеў патэнцыйны попыт на беларускамоўную кнігу, улічыўшы, што просты народ тады з цяжкасцю разумеў польскую і амаль не ведаў рускай. Але да канца матывы, якія заахвоцілі яго пісаць на беларускай, пакуль не ясныя.
210 гадоў з дня нараджэння беларускага класіка — гэта цудоўная нагода, каб яшчэ раз звярнуць сваю ўвагу на яго жыццё, не менш багатае падзеямі, чым у знакамітых расійскіх калег. Паглядзець на гэты насычаны падзеямі шлях з вышыні нашага часу. Тым болей, юбілей удала супаў з яшчэ з адной важнай датай: неўзабаве беларуская дзяржаўнасць, да ўзнікнення якой, сам пра тое не ведаючы, прыклаў руку Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, будзе адзначаць сваё стагоддзе.
Зміцер ДРОЗД,
гісторык, архівіст