Дасканаласць незавершанага

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

У маі гэтага года Уладзіміру Вітко спаўняецца 85 гадоў. Не сумняюся, што адзін з найстарэйшых віцебскіх мастакоў яшчэ здзівіць і ўзрадуе сваімі юбілейнымі выставамі. Ён таксама і адзін з найбольш энергічных, нават калі гаварыць наогул аб усіх пакаленнях. А не дае спыніцца яму, як прызнаецца сам жывапісец і графік, бесперапынная праца думкі. Менавіта думка зрушае на аналіз маніпулятыўных і натоўпаўтваральных тэндэнцый, неад’емна ўласцівых сучаснаму соцыуму. Пакуль жа выстава яго работ працуе ў Віцебскім мастацкім музеі.

/i/content/pi/cult/679/14964/15.jpgАднак мастацтва Уладзіміра Вітко — не “ад галавы”, яно ідзе ад сэрца, якое паводле традыцыйных вучэнняў з’яўляецца цэнтрам чалавечай натуры. Ад галавы — творчы аналіз сацыяльных працэсаў, як мінулых, так і цяперашніх. Мастак, які ахапіў сваім жыццём некалькі эпох, можа разгледзець сувязь мінулага і сучаснасці. Вось толькі смеласці адлюстраваць усё так імпульсіўна і шчыра, не баючыся здацца “дзіўным” нават для сваіх калег, хопіць далёка не ў кожнага.

Мастацтва Уладзіміра Вітко з’яўляецца страшным для звычайнага ўспрымання, бо адпрэчвае ўяўленні пра чалавека як суб’екта культуры і быцця, дэманструючы яго схільнасць паддавацца неўпарадкаваным стыхійным сілам і энергіі. Карціны мастака выяўляюць пранікненне ў наш свет першароднага Хаосу, тых энергетычных палос, якія варожыя чалавечаму існаванню. Вітко з’яўляецца мастаком канстатацыі факту: ён ставіць гледача перад сітуатыўнымі і сімвалічнымі сведчаннямі няўстойлівасці чалавечай прыроды і дэманструе, як лёгка можа быць сцёрты культурны пласт з нашага асяроддзя.

Гэтая канстатацыя адбываецца па-рознаму. Мастак можа выказваць дынаміку чалавечай дэструкцыі праз міфалагічныя вобразы — напрыклад, у карцінах “Медэя”, “Пацалунак Юды” альбо “Чорны Крумкач”. Скажоныя, карыкатурныя маскі, якія ўжо толькі аддалена нагадваюць чалавечыя твары, паказаны ў работах “Аратары”, “Маска”, “Профілі”, “Кубак гарэлкі на стале”. У многіх карцінах Уладзіміра Вітко мы бачым абязлічаныя чалавечыя фігуры, якія знаходзяцца або ў нявызначанай прасторы, адпаведнай іх няяснай існасці (“Сяброўкі”, “Навіны”, “Адпачынак”, “Куды ісці?”), або ў варожым для сябе асяроддзі (“Мы”, “Трывога”, “Зямля ў агні”, “Радыяцыя”).

Варожае асяроддзе выяўляецца і само па сабе, інспіраванае невядомымі для чалавека сіламі, відавочна нядобразычлівымі ў адносінах да яго і зацікаўленымі ў сілкаванні яго энергіяй самаразбурэння (графічная і жывапісная “Энергія”, “Ахвяруючы сабой”). Нарэшце, у творах Вітко адлюстраваны трывожны стан прыроды, які нагадвае карціны біблейскага “Апакаліпсісу” — выкрыццё дэструктыўнасці самога чалавека (“Чырвоная зямля”, “Чырвоная вада”, графічны “Рух”, “Удар па зямлі”).

Такі разнастайны характар сімвалізму кажа аб комплексным падыходзе мастака да глабальных праблем антрапагеннага асяроддзя, бо справа не абмяжоўваецца толькі крытыкай чалавеканенавісніцкіх ідэалогій ці гістарычнай тэматыкай вайны, якія таксама можна разгледзець у яго творах.

Уладзімір Вітко кажа аб аднастайнай прасторы “аднамернага чалавека”, які, паводле выразу Фрыдрыха Ніцшэ, ужо нават не здатны пагарджаць самім сабою. Міхаіл Бахцін характарызаваў існаванне такіх абязлічаных і абнуляваных соцыумам асоб як “хлусня самім сабою сабе самому”. Праблематыка, пра якую апавядае ў сваіх мастацкіх творах Уладзімір Вітко — недзе па-над паўсядзённасцю, па-за прамінальным часавым вымярэннем. Таму мы і можам казаць, што яго работы маюць дачыненне да метафізікі соцыуму.

Паказальна, што з цягам часу жывапісныя работы Уладзіміра Вітко ўсё болей набываюць характар графічнасці, а графіка — свайго кшталту эскізнасць. Такая маляўнічая графічнасць прадугледжвае збліжэнне твораў мастака з мастацтвам слова, якое перадае актуальны стан асяроддзя — і ў той самы час з’яўляецца асноўным сродкам абвяшчэння і перадачы ідэй аб боскай тэлеалогіі ў дачыненні да чалавека і рэчаіснасці. Эскізнасць жа дазваляе дасягнуць максімальнага ўвядзення мастацкага свету ў асабістую прастору гледача, які павінен нібы завяршыць карціну праз актыўную працу ўласнага ўспрымання. Бо завершаны твор, хоць і прымушае сабой любавацца, але прадугледжвае наяўнасць пэўнай дыстанцыі. Парушаючы яе, мастак дасягае пастаўленых ім задач у дасканаласці незавершанага.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ