Запрашэнне зазірнуць за кулісы

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

У Арт-гасцёўні “Высокае места” праходзіць выстава мастацкага тэкстылю і касцюму. Экспануюцца творчыя работы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выкананыя ў 2015 — 2017 гадах. Назва пазычана з камп’ютарнага лексікону — “Гіперсувязі”. Такім чынам арганізатары імкнуліся падкрэсліць камунікатыўную сутнасць сучаснага мастацтва, ягоную адкрытасць навацыям і эксперыменту.

/i/content/pi/cult/679/14963/14.jpgВыстава разлічана на шырокую аўдыторыю. Ад прафесіяналаў, якім цікавыя тэхналагічныя і сэнсавыя навацыі, аўтарскія тэхнікі, да звычайных спажыўцоў прыгожых рэчаў, што не бачаць вялікай розніцы паміж залай музея і гандлёвай прасторай кірмашу. У экспазіцыі — работы, выкананыя студэнтамі спецыяльнасцей “мастак па тэкстылі” і “мастак па касцюме” ў 2015 — 2017 гадах. Цяпер яны ўжо выходзяць на дыплом і, магчыма, штосьці з прадстаўленага тут трансфармуецца ў творы, якія завяршаюць навучальны працэс і даюць права называцца прафесіяналам.

Па маіх назіраннях, на кафедры, дзе рыхтуюць згаданых спецыялістаў, творчыя пошукі і скіраванасць на эксперымент вітаюцца. У гэтым я неаднойчы пераконваўся менавіта на абаронах дыпломаў. Больш за тое, студэнтам дазваляецца такая ступень свабоды, што не кожны здольны яе скарыстаць. Зрэшты, нічога дзіўнага: навука свабоды лёгка не даецца… На выставе ж якраз і экспануюцца работы ў большай ступені творчыя, чым вучэбныя. Але па іх відаць, да якой рэчаіснасці рыхтуюць студэнта, на які вынік скіраваны навучальны працэс. І як самі студэнты ўяўляюць сваю будучыню. Яны ўсведамляюць, што, магчыма, давядзецца займацца справай, далёкай ад пазначанай у дыпломе прафесіі, што адным рамяством без крэатыву сёння не абыдзешся.

Бадай, самая эфектная частка экспазіцыі — касцюмы, выкананыя па матывах творчасці Анры Маціса, Марка Шагала, Соні Дэланэ, Пабла Паласуэла, Уолтэра Дэкселя. Усё гэта класікі ХХ стагоддзя. Аўтары ў той жа паслядоўнасці — Аляксандра Логвіна, Надзея Малафей і Таццяна Кавалёва, Настасся Хлус, Наталля Раманенка, Юлія Айплатава. Работа над тэмай пачыналася з уваходжання ў вобразны лад славутых мастакоў і стварэння так званых канцэптуальных планшэтаў на аснове іх стылістыкі. А далей ужо непасрэдная праца над касцюмам. Калі ў такім строі з’явішся на вуліцы, на цябе будуць азірацца, але для сцэны ці выставачнай прасторы — сама тое. Надзея Малафей прадставіла яшчэ і распрацоўку касцюмаў для спектакля “Дванаццатая ноч” паводле Шэкспіра.

Другі экспазіцыйны блок — аб’ёмныя і малафарматныя насценныя кампазіцыі. Некаторыя з іх да тэкстылю маюць вельмі ўмоўнае дачыненне. Гэта хутчэй творчая лабараторыя, у кантэксце якой студэнты шукаюць формы і метады спалучэнняў нітак з іншымі матэрыяламі. Так, у кампазіцыі “Гадзіннік жыцця” Аліны Самсановіч скарыстаны воўна, акрыл, гума, сінтэтыка, метал, спалучаны традыцыйнае ручное ткацтва і аўтарская тэхніка. “Чорная дзіра” ў трактоўцы Вікторыі Ярохінай уяўляе з сябе адмыслова скручаны дрот з фрагментамі тканіны. У дыптыху Ірыны Банькоўскай “Месяцовыя кратары” скарыстаны бавоўна і паралон. Пры наяўнасці пэўнай эстэтыкі і вобразнасці, ён усё ж падаецца мне праявай тупіковай тэндэнцыі, калі матэрыял вымушаюць працаваць не ў сваім натуральным рэжыме, але імітаваць нешта іншае. У дадзеным выпадку кампазіцыя нібыта з тканіны, але глядзіцца як металічная. Падобнае даводзілася мне ўжо назіраць у кераміцы. Межы паміж творчымі спецыялізацыямі закрытымі быць не могуць, але цалкам пераходзіць на чужое поле, мабыць, усё ж не варта.

Аб’ёмным тэкстылем сёння ўжо нікога не здзівіш, але ўспрымаецца ён збольшага як чыста выставачны і канкурэнцыю традыцыйнай аздобе інтэр’ераў пакуль не складае. У экспазіцыі гэты напрамак прадстаўлены, у прыватнасці, трыпціхам Марыі Разумовіч “Гісторыя ткацтва. Нараджэнне. Залаты век, Індустрыя”. Гэта вобразны аповед пра творчую прафесію ў кантэксце цывілізацыі. Таксама вабіць вока кампазіцыя Маі Сцепанько “Гранат багіні ўрадлівасці”. Цікавая ўжо сама спроба выявіць складаны тэматычны кантэкст праз абстрактныя ці блізкія да абстракцыі формы.

Актыўнае выкарыстанне лічбавага друку (Настасся Луцэвіч “Кругі на вадзе”, Ірына Банькоўская “Скарына. Праз глыбіню стагоддзяў”) пашырае тэхналагічны патэнцыял тэкстылю і можа стаць эфектыўным інструментам у руках таленавітага мастака.

У мяне ад наведвання выставы засталося ўражанне, нібыта я быў у майстэрні і пабачыў мноства эскізаў, адносна якіх і сам мастак пакуль не вызначыўся: не ведае, што з іх трансфармуецца ў сапраўдныя творы, а што так і застанецца эскізамі, накідамі, падрыхтоўчым матэрыялам. Але зазірнуць за кулісы творчага працэсу заўжды цікава.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"