Здымай, як любіш Радзіму

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

На мінулым тыдні ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу і яго знакаваму твору “Людзі на балоце”.

Згаданая экспазіцыя — другая ў цыкле “Літаратура ў мастацтве”. Першая была прысвечана славутаму твору Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Тая выстава стала, так бы мовіць, пілотным праектам, каб паглядзець, як пойдзе справа, ці зацікавіць спецыфічны кантынгент чытачоў Прэзідэнцкай бібліятэкі гэты праект. Але пасля таго, як спецыяльна на гэту выставу сталі прыходзіць нават экскурсіі “з горада”, стала зразумела, што справа вартая. І вось — працяг.

Асаблівасць выставачнага цыкла ў тым, што экспазіцыі прысвечаны беларускай літаратуры, якая перакладзена не толькі на мовы свету, але і на мовы іншых відаў мастацтва. Увага засяроджваецца на кнігах, якія натхнілі мастакоў, паводле якіх створаны спектаклі, тэлефільмы і кіно для вялікага экрана. Прадстаўлены ілюстрацыі, фотаздымкі, рэквізіт і касцюмы. І асабістыя рэчы пісьменнікаў, якімі тыя карысталіся у час работы. Выставе папярэднічала вялікая арганізацыйная праца. Партнёры бібліятэкі ў праекце — Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, шэраг сталічных і рэгіянальных музеяў.

Сярод экспанатаў мяне асабліва ўразіла старонка рукапісу Івана Мележа, на якой змешчаны ўсе варыянты назваў для славутага рамана. Перш чым знайсці простае і выразнае “Людзі на балоце”, пісьменнік перабраў некалькі дзясяткаў варыянтаў — лірычных і пафасных.

Сярод слоў, што пачуў на адкрыцці выставы, мне асабліва запомніўся ўспамін аператара-пастаноўшчыка фільма Дзмітрыя Зайцава. Ён згадваў, што запытаўся ў рэжысёра Віктара Турава, як яму, гараджаніну, здымаць фільм пра невядомае вясковае асяроддзе. А той запытаўся ў адказ: “Ты беларус?” “Так” — адказвае аператар. “Радзіму любіш?” — “Зразумела” — “Ну і здымай, як ты любіш Радзіму”. А паколькі сапраўды ўся здымачная група кіравалася гэтай тэзай рэжысёра, атрымаўся выдатны фільм пра вёску Курані, Палессе, усю краіну.

У планах бібліятэкі — выставы па творах Алеся Адамовіча, Вячаслава Адамчыка, Васіля Быкава, Івана Шамякіна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"