Няўдалы фаварыт Кацярыны
Пра псіхічнае расстройства Дзмітрыя Канцяміра як прычыну яго заключэння ў Рэвельскую крэпасць сцвярджае нават “Вялікая расійская энцыклапедыя”. А ўпершыню ў гістарычных дакументах аб яго вар’яцтве паведамляецца яшчэ ў снежні 1774-га, калі генерал-фельдмаршал граф Захар Рыгоравіч Чарнышоў (дарэчы, жанаты на стрыечнай сястры Дзмітрыя Канцяміра Ганне Ведэль) напісаў два лісты імператрыцы Кацярыне II. Ён паведамляў, што прыпадкі буянства, у якія ўпадаў князь, прымусілі Чарнышова адабраць у яго шпагу. Падчас аднаго з такіх прыступаў Дзмітрый Канцямір забіў свайго слугу. 25 снежня 1774 года імператрыца пераслала гэтыя лісты свайму фаварыту генералу-фельдмаршалу Рыгору Пацёмкіну-Таўрычаскаму для прыняцця рашэння. Але для гэтага спатрэбілася больш за дзесяць гадоў.
У 1785 годзе за забойства селяніна сваёй слабады Рогані Трафіма Астапенкі Канцяміра выдалілі з яго маёнтка, які быў падвергнуты апякунскаму кіраванню. А 1 студзеня 1787 года імянным найвысокім указам Кацярына загадала: “Князя Канцяміра за смертазабойства селяніна яго і ў прадухіленне, каб ён па суровасці і шаленстве сваім не ўчыніў большага зла, заключыць навечна ў Рэвельскай крэпасці, прызначыўшы на яго ўтрыманне па 50 кап. у дзень з маёнтка ягонага”.
Канцямір у сваіх лістах да Пацёмкіна (яны былі знаёмыя па ўдзеле ў руска-турэцкай вайне) скардзіўся на інтрыгі і ганенні сваякоў і адміністрацыі турмы ды маліў аб дапамозе. Але марна.
І тут нельга не згадаць аб знамянальнай падзеі ў жыцці Дзмітрыя Канцяміра і імператрыцы, якая папярэднічала яго “вар’яцтву”. А ў якасці прэамбулы варта прывесці словы польскага гісторыка Казіміра Валішэўскага: “Фаварытызм быў у Расіі асноўным колам яе дзяржаўнага механізму... У кандыдатах ніколі не было недахопу. Месца было добрае, і пра яго марыла не адно славалюбнае сэрца. У гвардыі, гэтым традыцыйным пастаўшчыку дачаснікаў, былі заўсёды два ці тры прыгожыя афіцэры, якія ўпарта глядзелі ў бок імператарскага палаца з больш ці менш схаваным жаданнем і надзеяй. Ад часу да часу адзін з іх з’яўляўся пры двары, прадстаўлены якім-небудзь буйным саноўнікам, які зведваў шчасце правесці да імператрыцы свайго чалавека і паставіць яго на пост, што служыў крыніцай усялякага багацця і ўшанаванняў”.
У ліку авантурыстаў быў і малады князь Канцямір — прыгажун, абцяжараны шматлікімі пазыкамі. Ён доўга блукаў вакол імператарскага палаца, спадзеючыся на выпадковую сустрэчу і нават двойчы — нібыта памыліўшыся дзвярыма — трапляў у асабістыя пакоі гаспадыні. Але выніку гэта не прынесла, і тады Дзмітрый вырашыў пайсці ва-банк. Афіцэр пракраўся да Кацярыны і ўпаў да яе ног з прызнаннямі ў каханні.
Ён ведаў, што Пацёмкіну ўдалося дасягнуць свайго менавіта дзякуючы такой дзёрзкасці. Але гэтым разам імператрыца была ў іншым настроі. Яна пазваніла, і нахабніка арыштавала варта. Зрэшты, нічога страшнага яму не зрабілі. Кацярына ставілася да такіх выхадак вельмі паблажліва і проста загадала пасадзіць Дзмітрыя ў кібітку ды адвезці яго да старэйшага і паважанага сваяка — Захара Чарнышова.
Мяркуючы па ўсім, той і сам падтрымліваў Канцяміра ў яго спробах заняць месца фаварыта імператрыцы. Аднак калі яны пацярпелі фіяска, Чарнышову нічога не заставалася, як выправіць няўдалага палюбоўніка Кацярыны падалей ад сталіцы і абвясціць, што ён зусім звар’яцеў. Фармальнай падставай для заключэння ў крэпасць стала забойства слугі. Але пакаранне за падобнае было відавочна несувымерным злачынству — прынамсі, па тых часах, калі жыццё прасталюдзіна каштавала нямнога.
Крушэнне мараў
Зрэшты, тут кідаецца ў вочы і яшчэ адна акалічнасць. Дзіўным чынам першыя згадкі пра вар’яцтва ў 1774 годзе супалі з завяршэннем чарговай вайны з Турцыяй, калі Расія атрымала вельмі выгадныя ўмовы міру, значна ўзмацніўшы свае пазіцыі ў Крыме, Прычарнамор’і, на Балканах. Чынны ўдзел у той вайне ўзяў і будучы няўдалы фаварыт Кацярыны. Падпалкоўнік Ніжагародскага карабінернага палка князь Дзмітрый быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія IV ступені, а некаторыя яго подзвігі нават засталіся ў ваеннай гісторыі.
Пасля паразы пад Бухарэстам турэцкая армія адступіла за Дунай. 4 лістапада 1771 года атрад лёгкай кавалерыі Канцяміра (да 1,5 тыс. чалавек) дзякуючы рашучым і самастойным дзеянням камандзіра ўзяў крэпасць Журжу амаль без супраціву, захапіўшы немалыя трафеі. 27 верасня 1773 года атрад ужо палкоўніка Канцяміра каля крэпасці Турна разбіў турэцкую кавалерыю, якую ўзначальваў сам нікапольскі сераскір Ахмет-паша. Праціўнік у гэтым баі страціў да 1500 забітымі, а рускія страты склалі ўсяго 20 забітых і 145 параненых.
Аднак у выніку заключанага ў 1774 годзе мірнага пагаднення Малдова была вернута Бліскучай Порце. Канцямір, які прэтэндаваў на яе трон, мог разглядаць гэта як здраду. Ён чым далей тым болей разумеў, што яго амбіцыі ніяк не ўпісваюцца ў грандыёзныя планы Кацярыны — яе, так бы мовіць, грэчаскі праект.
Вось што піша на гэты конт Казімір Валішэўскі: “Яшчэ ў 1762 годзе (…) Кацярына зацікавілася гэтым планам. І гэтая цікавасць не астыла ў ёй да самай яе смерці. Праўда, то была прыгожая мара, якая прыняла ва ўяўленні Кацярыны чароўныя абрысы: уваскрашэнне Грэцыі, вызваленне паўднёвых славян змяняліся іншымі прывідамі, аднолькава светлымі, але менш бескарыслівымі. Кацярыне ўяўляўся Канстанцінопаль, які адкрывае вароты хрысціянскаму свету, прадстаўніком якога з’яўлялася б рускае войска; ёй маляваўся на купале Св. Сафіі васьміканцовы грэцкі крыж замест паўмесяца, і ля падножжа крыжа шчыт з двухгаловым імператарскім арлом... Вось чаму другі сын Паўла быў названы Канстанцінам, а не Пятром або Іванам, вось чаму ў яго была карміцелька-грачанка і дзядзька-грэк...”
Паводле планаў імператрыцы, менавіта яе ўнуку Канстанціну і было наканавана ў будучыні кіраваць Малдовай і Валахіяй — асновай грэчаскай манархіі яе мары. А ўжо адтуль праз нейкі час з трыумфам перабрацца ў Царград.
Пры такім раскладзе ў апошняга з роду Канцяміраў не было ніводнага шанцу заняць трон Малдовы. І ён гэтага не мог не разумець. Не выключана, што крушэння надзей было цалкам дастаткова, каб Дзмітрый з’ехаў з глузду. Зрэшты, зусім не выключаны і іншы варыянт: ён быў хутчэй дзіваком, чым хворым. А вось вар’ятам яго старанна імкнуліся зрабіць высокапастаўленыя добразычліўцы — і на тое былі прычыны.
Жаніцьба вар’ята
Далей загадкі адносна лёсу Дзмітрыя Канцяміра працягваюцца. У 1789 годзе ў Рогані на грошы князя была пабудаваная Узнясенская царква — адпаведна, вар’ят, заключаны ў Рэвельскую крэпасць, мог самастойна распараджацца сваімі грашыма. Ды і гэта яшчэ не ўсё. Як выявілася, неўзабаве ён… ажаніўся. Захаваўся ліст, напісаны ў ссылку вядомаму масону Івану Тургеневу пісьменніцай Лізаветай Хераскавай — жонкай вядомага паэта Міхаіла Хераскава. Там ёсць такія радкі: “…звар’яцелы Канцямір ажаніўся з пляменніцай маёй Лізаветай Андрэеўнай Хрушчовай, адважная гэта дзяўчына, і відаць, што яна смерці не баіцца...” Хаця Дзмітрыя зноў называюць “вар’ятам”, узнікае відавочны парадокс: чалавек, афіцыйна прызнаны недзеяздольным, не мог заключаць ніякія здзелкі, а тым больш — ажаніцца.
Аднак у гэтым шлюбе сапраўды паўсталі сур’ёзныя праблемы. Звязаныя яны былі з парушэннем царкоўных законаў: выйшла, што вянчанне адбылося на Сырным тыдні — апошнім перад Вялікім постам, альбо на Масленіцу. Парушэнне ўмовы заключэння шлюбу дазваляла лічыць яго несапраўдным, чым адразу ж і скарыстаўся Канцямір. Чаму? Пра гэта можна меркаваць з яго ўласных слоў. Дзмітрый сцвярджаў, што яго “п’янага з ёй ажанілі, і што я, прачнуўшыся, нямала здзівіўся бачыць яе з сабою!”
Неўзабаве дзіўны шлюб быў скасаваны. На гэтым гісторыя не скончылася — пра што мы распавядзем пазней. Пакуль жа адзначым наступнае: падобна на тое, што ўсе дзеці князя, уключаючы будучую жонку Ігната Марцінкевіча Соф’ю, былі народжаныя зусім не ад дачкі брыгадзіра Лізаветы Хрушчовай.
Разам з жонкай брат нашага класіка атрымаў і карысныя сувязі. Напрыклад, генерал-губернатары Магілёўскай (Беларускай) губерні — і Захар Чарнышоў (1778 — 1782), і Пётр Пасек (1782 — 1796), — а таксама віцэ-губернатар Васіль Няронаў (1773 — 1777) былі сваякамі Дзмітрыя Канцяміра. Праўда, да моманту жаніцьбы Ігната Марцінкевіча з яго дачкой яны ўсе ўжо сталі “былымі”. Але ў святле гэтых сямейных сувязяў Яна Марцінкевіча і яго сына Ігната — а яны, дарэчы, і самі былі сваякамі такога ўплывовага чалавека, як каталіцкі Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч — сям’ю нашага класіка наўрад ці можна ўявіць у традыцыйным для беларускай гісторыі літаратуры ключы: бедных шляхціцаў, якія ледзь ці не з сахой апрацоўвалі арандаваны імі кавалачак зямлі.
Ці быў цесць Ігната Марцінкевіча багатым? Думаю, гэтага эпітэту будзе замала, каб апісаць яго фінансавы стан. У 1803 годзе, якраз незадоўга да вяселля, стрыечны брат Дзмітрыя Канцяміра Васіль Пасек так ацэньваў яго маёмасць: 16000 душ і больш за 400000 рублёў, якія знаходзіліся ў Дзяржаўным пазыковым банку! Аднак магчыма, што гэтыя скарбы збольшага і былі прычынай бедстваў князя. Менавіта Захара Чарнышова і Пятра Пасека Канцямір лічыў крыніцай сваіх праблем, паколькі яны, як блізкія сваякі і ўплывовыя людзі свайго часу, маглі разлічваць атрымаць спадчыну.
Паводле некаторых звестак, свабоду Дзмітрыю прынесла толькі смерць Кацярыны II, калі Павел I у лістападзе 1796 года адным з першых сваіх указаў загадаў вызваліць усіх палітычных вязняў. Аднак насамрэч Дзмітрый правёў у турме ўвесь тэрмін кіравання Паўла і выйшаў ужо пры Аляксандры.
Тут нам трэба зрабіць невялікае адступленне, каб распавесці пра лёс яшчэ аднаго сваяка Канцяміра (і сваяка Яна Марцінкевіча), які адыграў значную ролю як у вызваленні князя, так і ў тым, што ён адпісаў сваю спадчыну ў тым ліку і пазашлюбнай дачцэ Соф’і. Зрабіць тое тым больш прыемна, што жыццё і творчасць гэтага сваяка — і не проста сваяка, а яшчэ аднаго паэта — цесна звязаныя з Магілёвам. Васіль Васільевіч Пасек — сын сястры маці Канцяміра — меў не менш трагічны лёс, чым яго брат.
Зміцер ДРОЗД, гісторык, архівіст