Кранае...

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

У лістападзе 2016 года Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі сумесна з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры ёй прадстаўляюць у сталіцы і Мінскай вобласці ўнікальны сацыяльна-арыентаваны творчы праект для дзяцей і моладзі “Дакрананне”. Яго правядзенне ў рамках Года культуры стала магчымым, дзякуючы гранту спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Праект праходзіць і пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінабл- і Мінгарвыканкамаў.

Серыя канцэртаў — своеасаблівая справаздача лепшых маладых творчых сіл нашай краіны, а таксама выдатная магчымасць для юных слухачоў з асаблівых сацыяльных груп набыць падтрымку ад сваіх аднагодкаў шляхам дакранання да музыкі і мастацтва. Салісты акадэміі і гімназіі-каледжа распачалі серыю выступленняў у Вялікай зале БДАМ, потым выправіліся ў Барысаў і Салігорск. “У рэгіёнах паслухаць нашу моладзь прыходзяць не толькі вучні дзіцячых музычных школ і іх настаўнікі, але і мясцовыя работнікі культуры, творчая інтэлігенцыя райцэнтраў. Праект ужо атрымаў цудоўны водгук у слухачоў”, — распавяла спецыяліст аддзела канцэртных і спецыяльных творчых праектаў акадэміі Марына Куст.

Дырыжоры праекта — мастацкі кіраўнік студэнцкага сімфанічнага аркестра Андрэй Іваноў і мастацкі кіраўнік Ансамбля салістаў каледжа, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Перлін — склалі афішу з твораў айчынных кампазітараў Уладзіміра Алоўнікава і Аляксандра Пажарыцкага і замежных класікаў. Салісты — спрэс лаўрэаты міжнародных конкурсаў, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Слухачы з захапленнем прымалі студэнтаў Яўгена Амбражука (труба), Арама Бекназарана (ударныя іструменты), Яраслава Макарыча (гітара), Міхаіла Радунскага (віяланчэль), Алега Яцыну (скрыпка), Андрэя Кліпо (барытон), Крысціну Нікалаеву (мецца-сапрана), а таксама навучэнцаў гімназіі-каледжа Глеба Варанкова (кларнет), Назара Лагуна (баян) і Яна Хмялеўскага (віяланчэль).

На наступным тыдні “Дакрананне” чакаюць у Маладзечне. Пасля два канцэрты адбудуцца ў ТЮГу, а завяршыцца праект у даволі незвычайным для класічнай музыкі месцы — шматфункцыянальным комплексе “Чыжоўка-Арэна”. Паслухаць выступленне запрашаюць вучняў гарадскіх музычных школ, а таксама прадстаўнікоў ДМШ прысталічнага рэгіёна.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"