Мы разам, ці не так?

№ 47 (1277) 19.11.2016 - 25.11.2016 г

Падпіска-2017
Заўжды трывожна, калі менее сяброў. І не было б гэтых радкоў, каб не інфармацыя “Белпошты” па другім паўгоддзі па стане на канец кастрычніка. У адпаведнасці з ёй ведамасная падпіска на нашу газету па асобных раёнах не перавысіла двух-трох экзэмпляраў. А ёсць адзінкавыя, дзе ведамаснай падпіскі ўвогуле няма.

Вось адно з тлумачэнняў, што прыйшло днямі на адрас рэдакцыі з аднаго абласнога цэнтра: “Ва ўмовах эканоміі бюджэтных сродкаў і скарачэння фінансавання істотнае павелічэнне тыражу не ўяўляецца магчымым”. Маўляў, нічога асабістага, проста грошай не стае. На шчасце, большасць рэгіёнаў з намі. А мы за гонар лічым аказваць гэтым работнікам культуры інфармацыйную і метадычную падтрымку. Дык дзе ж яны бяруць сродкі на ведамасную падпіску? Загадзя закладваюць у бюджэт ці выкарыстоўваюць пазабюджэтныя грошы. Яны хочуць заставацца прафесіяналамі. Мы — таксама. І хочацца верыць у лепшае.

Падаецца, мае сэнс прывесці тут раёны, дзе аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі застаюцца з намі насуперак усім абставінам. Лідзіруюць тут паштовыя вузлы Брэстчыны ў Брэсце, Пінску, Століне, Баранавічах, Кобрыне, Бярозе, Лунінцы, Ганцавічах, Маларыце, Іванаве, Івацэвічах. Дзякуй, спадары-аднадумцы!

Не саступае ў нашай падпісцы і Гродзеншчына: Слонім, Воранава, Дзятлава, Масты, Ліда, Карэлічы, Зэльва, Гродна (гарадскі і раённы вузлы), Ашмяны. Дзякуй! Рэдакцыя пастараецца апраўдаць ваш давер, шаноўныя падпісчыкі!

Вялікія пакункі “К” атрымліваюць вузлы сувязі ў Полацку, Оршы і Чашніках на Віцебшчыне; у Гомелі (на гарадскім і раённым вузлах), Лельчыцах, Мазыры, Светлагорску, Акцябрскім, Ельску на Гомельшчыне; у Барысаве, у Мінскім раёне, Капылі, Салігорску, Маладзечне, Дзяржынску, на Міншчыне; у Асіповічах на Магілёўшчыне.

Уся гэтая фактура змяшчаецца яшчэ і таму, што ў адной вобласці не вельмі добра ведаюць, што робіцца ў іншай. У тым ліку і ў плане падпіскі на “К”. Ліквідацыя міжабласнога інфармацыйнага вакууму па-ранейшаму застаецца прэрэгатывай “Культуры”. І ў гэтым бачыцца ідэалагічны ўплыў нашага выдання. Няўжо ў абласных ідэолагаў іншае меркаванне? Няўжо нацыянальная культура сям-там так і не здолела стаць апірышчам сапраўды дзейснай ды выніковай нацыянальнай ідэалогіі?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"