“Баль…” для “Мэры…” з “Клеапатрай”?

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Заўтра Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адкрывае 47-ы сезон. І, адначасова, святкуе 75-годдзе мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага работніка культуры Беларусі Адама Мурзіча — мюзіклам Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”, што быў адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй. Самы час падвесці вынікі мінулага сезона і паразважаць пра бліжэйшую будучыню.

Канец мінулага сезона прайшоў пад знакам адразу некалькіх разнажанравых прэм’ер. “Дэбютаваў” і ўнутрытэатральны часопіс “Закуліссе”, першы нумар якога быў цалкам прысвечаны адной з іх, а менавіта аперэце “Баль у Савоі” Пала Абрахама. Выпуск такога выдання, падрыхтаваны з дапамогай студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прыўзняў тэатр на новую творчую прыступку. Бо падобная практыка шырокамаштабнага “даследавання” найбольш значных пастановак уласцівая хіба вядучым тэатрам свету. Хочацца спадзявацца, што выпускі стануць больш ці менш рэгулярнымі. І з часам, акрамя анансавання, у такім часопісе будуць з’яўляцца матэрыялы рэцэнзійнага характару.

Той жа

“Баль у Савоі”

гэтага заслугоўвае. Спектакль атрымаўся ва ўсіх сэнсах “аўтарскім”. П’еса — кардынальна перапрацаваная, нават у параўнанні з версіяй Маскоўскай аперэты. Музыка (а яна і ў арыгінале крыху джазавая) — у новай аранжыроўцы, з іншай паслядоўнасцю нумароў і некаторымі ўстаўнымі фрагментамі. У такім выглядзе яна яшчэ больш набліжае твор да мюзікла. Але галоўнае — актуалізацыя сэнсу, што заўсёды было ўласціва аперэтам, калі іх ставілі не на радзіме. Цяперашні спектакль — не пра шлюбную вернасць, а пра суадносіны пакаленняў, магчымасці самарэалізацыі творчай моладзі. У цэнтры — не толькі гісторыя кахання, папросту неабходная ў музычным тэатры, але і аповед пра тое, як маладая кампазітарка, нягледзячы на перашкоды з боку бацькі-алігарха, дабіваецца грамадскага прызнання. Казка для дарослых? Можа, і так. Але вельмі аптымістычная.

/i/content/pi/cult/603/13408/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Баль у Савоі". / Фота прадастаўлена тэатрам

У спектаклі занятая ўся трупа, і рэжысёр Ганна Маторная змагла знайсці (а часта — проста выдумаць) яркую, запамінальную ролю для кожнага з артыстаў. І для дырыжора Мікалая Макарэвіча таксама, бо ў пэўны момант ён не толькі выходзіць на сцэну, але і ўступае ў дыялог нароўні з салістамі. Далучыце сюды ўдалыя сцэнічныя строі, каларытную “агульную карцінку”, шмат трапных, нязмушана смешных жартаў, добры тэмпарытм, пры якім працягласць дзеі псіхалагічна скарачаецца ўдвая, — спектакль сапраўды ідзе “на ўра”. А замена ў ім балю на кінафестываль наводзіць на думку выкарыстаць некалькі сцэн для адкрыцця нашага “Лістапада”.

А вось балет

“Клеапатра”

наўрад ці варта паказваць у тым жа Егіпце. Сцэна, пры ўсіх яе не самых вялізных памерах, увесь час выглядае незапоўненай, пуставатай. І справа зусім не ў колькасці занятых артыстаў! Наколькі цікавым было рашэнне харэографа Медзіны Аліевай з Азербайджана ў казачнай “Тысячы і адной ночы”, пастаўленай ў тым жа тэатры, настолькі бездапаможным выглядае яно пры звароце да рэальных гістарычных фігур і падзей. Замест індывідуальных характарыстык — эклектычны набор элементаў класікі, народнага танца, пластыкі, прыдатнай для звыклых драматычных пастановак (ну, ходзіць герой па сцэне ды ходзіць — што з таго?). Можа, сама тэма была балетмайстру не надта блізкай? Бо з усяго запамінаецца хіба пастаноўка рук, “пазычаная” з растыражаваных наскальных выяў. Музыка Гельсят Шайдулавай таксама надта простая для абранай тэмы: нумарная структура, асобныя завершаныя танцы — пастаянная дывертысментнасць замест сімфанічнага развіцця і сцэнічнай дзеі. Яе мюзікл “Прыгоды Кая і Герды”, таксама ўвасоблены ў нас у мінулым сезоне, — куды больш трапны па інтанацыйнасц.

Затое як узрадаваў мюзікл

“Мэры Попінс”

у літаратурна-сцэнічнай рэдакцыі і пастаноўцы Міхала Кавальчыка! З фільмамі (а ў нас вядома савецкая стужка, хаця ёсць і 20-годдзем ранейшая, больш цікавая галівудская) цяжка спаборнічаць. Але гераіня Маргарыты Александровіч пераўзыходзіць вобраз, створаны Наталляй Андрэйчанка: наша Мэры яшчэ больш абаяльная, бо замест лёгкай нахабнасці ў яе больш душэўнай адкрытасці, любові і спагады да людзей. Артыстцы даводзіцца не толькі іграць і спяваць у рэжыме он-лайн (у кіно гэта розныя працэсы, дый спявала там іншая — Таццяна Вароніна), але і рабіць некаторыя цыркавыя фокусы — быццам усё гэта атк проста і нязмушана. Больш ярка прапісаны і бацькі, занятыя працай і грамадскімі абавязкамі — наўмысна парадыйна-бессэнсоўнымі.

/i/content/pi/cult/603/13408/8-2.jpg

Сцэна са спектакля "Мэры Попінс".

У параўнанні з тэлестужкай, кампазітар Максім Дунаеўскі дапісаў багата музыкі — і сам абраў аранжыроўшчыкам нашага Льва Карпенку, з якім супрацоўнічаў і раней, пры падрыхтоўцы свайго аўтарскага вечара. Аркестроўка атрымалася шыкоўная! У ёй безліч тэмбравых фарбаў, выразных падгалоскаў, яна літаральна дыхае сучаснасцю. Будзем спадзявацца, музычнасць партытуры хутка выявіцца і ў выкананні: у аркестры ўзнікне ашчаднасць да кожнай дэталі, захапленне прыгажосцю, а не “агульны вал”, пры якім многае губляецца, “пралятае”. Не самыя лепшыя акустычныя ўмовы тэатра патрабуюць яшчэ большай увагі да дыкцыі.

На новы сезон,

калі верыць рубрыцы “Рыхтуецца да пастаноўкі” на афіцыйным сайце тэатра, запланаваны балет “Лебядзінае возера”, мюзікл Кіма Брэйтбурга “Джэйн Эйр” (зараз ідзе яго “Блакітная камея”), рэпетуецца і студэнцкая пастаноўка БДУКіМ яго “Казановы”, які далучыцца да такога ж студэнцкага “Дуброўскага”. Так што ў хуткім часе на сцэне Музычнага тэатра можна будзе адкрываць ледзь не аўтарскі філіял гэтага расійскага кампазітара. З такой лічбай — чатыры спектаклі — не паспрачаюцца нават Кальман са Штраусам.

Нягледзячы на адсутнасць уласнага фестывалю (на жаль, цудоўны іміджавы праект “Наталля Гайда запрашае…” страціў рэгулярнасць, а вельмі хацелася б яго працягу), Музычны тэатр застаецца неаспрэчным лідарам па гастрольных паказах на яго сцэне спектакляў іншых тэатраў. Так, летась практычна месяц мы глядзелі спектаклі Свярдлоўскай музкамедыі, потым былі гастролі Рускага драмтэатра Літвы, тэатраў з Тулы, Уфы, асобныя спектаклі неаднаразова прывозілі з Латвіі. Усе гэтыя паездкі — неаднабаковыя: наш тэатр паспяхова ажыццяўляе абменныя гастролі. Асобна адзначым і тое, што кіраўніцтва тэатра не баіцца запрашаць на сваю сцэну авангардныя, эксперыментальныя, нават спрэчныя гастрольныя праекты, тым самым рухаючы наперад развіццё нацыянальнай культуры.

Падводзячы вынікі

сезона, немагчыма не згадаць екацерынбургскі мюзікл “Яма” Сяргея Дрэзніна паводле аповесці Аляксандра Купрына. Размаітасць стылістыкі, што ў “Кацярыне Вялікай” таго ж кампазітара межавала з залішняй пярэстасцю, тут была зацэментавана вельмі ўдалай агульнай музычнай драматургіяй, добрым сімфанічным развіццём. А вільнюскі тэатр спектаклямі Ёнаса Вайткуса ўвогуле ўскалыхнуў “дрыгву” аперэтачных заўсёднікаў! “Яўген Анегін” са статуямі Леніна, Сталіна, Напалеона і Пятра Першага, “Кароль Лір” у цялесных трыко і атачэнні “чорнага кабінета” яшчэ больш ці менш былі прыняты не падрыхтаванай да такіх прачытанняў публікай. А вось “Ёлка ў Івановых” выклікала не толькі дэманстратыўны сыход некаторых людзей сталага веку, але і эмацыйна нястрыманыя скаргі: маўляў, як можна так здзеквацца! Ну, не чытае публіка анонсаў! “Ёлка…” — значыць, штосьці традыцыйнае навагодняе…

Іншая справа, што на такіх гастрольных паказах бывае малавата нашых тэатральных дзеячаў. Няўжо няма чаму павучыцца? Хаця вучыцца можна нават на памылках! Лепш, зразумела, на чужых. Вось і ў гэтым сезоне: 18 верасня ў Музычны тэатр зноў прыязджаюць літоўцы — са “Свалачным каханнем” паводле аповесці Паўла Санаева “Пахавайце мяне за плінтусам”. А 7 — 9 кастрычніка — Смаленскі драмтэатр ажно з пяццю спектаклямі: трыма дарослымі, двума дзіцячымі.

Так што сезон не проста пачаўся — ён, лічыце, у разгары! Дарэчы, а калі асабіста вы завітвалі ў наш Музычны апошні раз?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"