...і марка музыкі

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

У апошні дзень верасня ў Мінску ўрачыста адкрыецца ХІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Сёлета ў яго праграме — восем адметных канцэртаў.

— Нягледзячы на крызіс, — гаворыць дырэктар — мастацкі кіраўнік фестывалю, сустаршыня рэспубліканскага аргкамітэта, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецфонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Расціслаў Крымер, — мы імкнемся “трымаць марку”, каб задаволіць слухачоў.

Пагодзімся, сёлетняя праграма — прыцягальная як ніколі. Яна ахоплівае канцэрты, розныя па жанрах і стылях, адрасаваныя не толькі знаўцам і аматарам музычнай класікі, але і самым шырокім грамадскім колам. Ну, хто не ведае тых жа песень Валерыя Абадзінскага? Гэтым разам яны прагучаць у новым выкананні: другое жыццё ім падораць айчынныя эстрадныя і оперныя зоркі (Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Аляксей Хлястоў, Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Анатоль Сіўко, які часцей спявае ў замежжы, чым на радзіме, Уладзімір Громаў і іншыя), якія выступяць у Палацы Рэспублікі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага артыста краіны Віктара Бабарыкіна.

За выключэннем згаданага спецыяльнага праекта “Гэтыя вочы насупраць!”, усе астатнія фестывальныя вечары не патрабуюць мікрафоннай падгучкі. Таму пройдуць у найбольш прыдатных да класікі памяшканнях: у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а таксама ў Канцэртнай зале “Верхні горад”. Нас чакаюць сустрэчы з вядомым украінскім кампазітарам Валянцінам Сільвестравым (да ягонага аўтарскага аддзялення далучана і сусветная прэм’ера замоўленага да фестывалю твора маладога беларускага кампазітара Сяргея Бадалава), народным артыстам Мікалаем Луганскім (дарэчы, акрамя сольніка, дзе ён выканае з нашым філарманічным аркестрам Канцэрт Сяргея Пракоф’ева і Рапсодыю на тэму Паганіні Сяргея Рахманінава, піяніст выступіць таксама ў канцэрце “Сучасная класіка. Вечар прэм’ер”), са скрыпачамі Сяргеем Крыловым, які апошнім часам жыве ў Італіі, Вівіян Хагнер з Германіі (тая сыграе два канцэрты Моцарта). Асобны канцэрт прысвечаны найбольш яркім маладым удзельнікам мінулых такіх фестываляў. Сам жа Юрый Башмет возьме ўдзел у закрыцці фэсту: ён выступіць з камерным ансамблем “Салісты Масквы” — у якасці дырыжора і саліста.

Каларытным абяцае стаць праект “Дзень культуры Эстоніі на фестывалі Юрыя Башмета”. Скрыпач і дырыжор Андрэс Мустонэн ужо наведваў сталіцу — і як дырыжор, і разам са сваім ансамблем старадаўняй музыкі “Hortus Musicus”. Але ж ён яшчэ грае джаз! І менавіта з гэтага боку разам са сваім квартэтам паўстане перад намі ў канцэрце “У джазе толькі класіка”.

— Як заўжды, — працягвае Крымер, — акрамя канцэртаў плануюцца майстар-класы, далейшае развіццё творчых стасункаў паміж айчыннымі і запрошанымі музыкантамі розных пакаленняў.

Дадамо, леташні ўнёсак фестывалю аказаўся не толькі мастацкім, але і матэрыяльным: былі сабраны і перададзены Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру дзіцячай анкалогіі, гаматалогіі і імуналогіі 63 тысячы долараў. Добрая справа не засталася незаўважанай: некаторы час таму Дырэкцыя фестывалю атрымала міжнародную прэмію ў галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці за дабрачынны праект.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"