Марка танца...

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

16 — 18 верасня ў Гомелі пройдзе VIII Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” — папраўдзе небывалы па сваіх маштабах, з прадстаўніцтвам больш як 20 краін.

Арганізатарамі форуму, які праходзіць біенале — раз на два гады, выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, абодва гомельскія выканкамы: абласны і гарадскі. Прызнацца, і раней такія фестывалі ўражвалі колькасцю ўдзельнікаў, ахопам разнастайных сцэнічных пляцовак — у залах і пад адкрытым небам, агульнагарадскім уздымам святочнага настрою. Сёлета ж у карагодзе аднаго толькі адкрыцця, што пройдзе на Цэнтральным стадыёне, закружыцца-завіруе каля трох тысяч удзельнікаў і, мяркуецца, блізу сямі тысяч гледачоў. Спалучэнне ж фестывалю з Днём горада дасць такі размах, што на вуліцы выйдуць ледзь не ўсе гамяльчане і госці горада над Сожам — тым больш, святочныя мерапрыемствы запланаваны не адно ў цэнтры, а і па розных кутках горада.

Фестываль традыцыйна ўключае некалькі спаборніцтваў. Уласна харэаграфічны конкурс ахоплівае сёлета не тры, а ўжо чатыры намінацыі: да народна-сцэнічнага, эстраднага кірункаў і сучаснай харэаграфіі далучаецца фальклорна-побытавы танец. У кожнай з катэгорый свае пераможцы, але ж Гран-пры на конкурсе адно. Каб вылучыць лепшых, запрошана журы з прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае яго, і не ўпершыню, народны артыст нашай краіны, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Валянцін Дудкевіч. Але ж сёлета будзе яшчэ адзін склад “судзейскай калегіі” — альтэрнатыўнае журы, складзенае з кіраўнікоў танцавальных ансамбляў. Дый гледачы не застануцца ўбаку: іх апладысменты — заўсёды лепшая ўзнагарода для кожнага артыста і пастаноўшчыка (паводле традыцыі, будуць адзначаны не толькі лепшыя калектывы, але і найбольш цікавыя балетмайстры).

Акрамя згаданага, адбудзецца Міжнародны турнір па бальна-спартыўных танцах “Залатая рысь”. У межах “...Карагода” пройдзе і фестываль тэатраў агню: усё ж танцы — справа гарачая, ва ўсіх сэнсах слова запальная. “Сожскі карагод”, — гаворыць намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Настасся Лысенка, — імкнецца пашыраць сваю геаграфію. Сёлета да нас упершыню прыедуць калектывы са Шры-Ланкі, Ганы, Індыі. Як заўжды, будуць выступленні не толькі канкурсантаў, але і гасцявых прафесійных калектываў. Танцавальнае свята не ведае межаў!”

У справядлівасці апошніх слоў упэўнены і галоўны рэжысёр фестывалю Павел Свердлаў. Не выпадкова ён з кожным разам імкнецца ўсё больш наблізіць яго па відовішчнасці да адкрыцця ці не алімпіяд ды іншых буйных мерапрыемстваў такога кшталту. Каб здзейсніць задуму, сёлета на стадыёне будуць выкарыстаны не традыцыйныя паветраныя шарыкі, а светладыёдныя экраны, куды больш “мабільныя” ў стварэнні зменлівых выяў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"