Двойчы да чвэрці стагоддзя

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

25-ы сезон адкрывае Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай падзеі, народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель прыгадвала, як яшчэ ў Віцебску ў Валерыя Мазынскага ўзнікла ідэя арганізаваць сцэну для беларускіх п’ес: “Усё пачыналася на чужых хлябах, па чужых кутках. А цяпер так гэта ўсё вырасла, расквецілася Цэнтрам беларускай драматургіі з яго тэатральнай лабараторыяй! І калі РТБД выязджае на міжнародныя фестывалі, многія калегі з іншых краін з жалем зазначаюць, што ў іх тэатра нацыянальнай драматургіі ў рэпертуары наогул няма”.

У святочны год РТБД плануе паказаць восем прэм’ер, праехаць з гастролямі па рэгіёнах і выправіцца ў замежныя падарожжы. Дырэктар установы Уладзімір Карачэўскі паведаміў, што толькі да канца бягучага года афіша павінна ўзбагаціцца на чатыры назвы. Зараз рэпетыцыі ладзіць запрошаны з Германіі рэжысёр Моніка Дабраўлянска: у кастрычніку мінчан чакае прэм’ера спектакля “Гэта ўсё яна” па п’есе айчыннага драматурга Андрэя Іванова. Наступным месяцам чакаецца камедыя ад Аляксандра Гарцуева “Спатканні па серадах” Валянціна Краснагорава. Услед за ёй Кацярына Аверкава прапануе “Сіндром Медэі” Юліі Чарняўскай. Да навагодніх ранішнікаў рэжысёр Святлана Навуменка выпусціць спектакль-гульню для юнага гледача па матывах аднаго з дзіцячых часопісаў. Яшчэ адна чаканая падзея — студзеньскі спектакль-канцэрт ад Таццяны Мархель.

Працягне актыўную працу Цэнтр беларускай драматургіі. Рыхтуецца традыцыйная выязная лабараторыя, дзе на працягу тыдня беларускія драматургі ў супрацоўніцтве з рэжысёрамі з розных краін могуць засяродзіцца на напісанні тэкстаў. Дырэктар Цэнтра Аляксандр Марчанка зазначыў, што шмат з тых п’ес ужо знайшлі ўвасабленне як на беларускіх сцэнах, так у іншых геаграфічных кропках СНД. Перад тыднем Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў РТБД пройдзе тыдзень беларускай п’есы: паказы спектакляў будзе дапаўняць адукацыйная праграма, напрыклад, пра сучасную айчынную драматургію распавядзе прафесар БДУ Святлана Ганчарова-Грабоўская. Узімку запланаваны абменны праект з Цэнтрам нацыянальнай драматургіі Ізраіля. Мяркуецца правесці skype-чыткі: у Беларусі будуць агучваць перакладзеныя тэксты сучасных ізраільскіх аўтараў, а нашы п’есы па той бок манітора прагучаць на іўрыце.

У лютым жа калегі і прыхільнікі змогуць павіншаваць тэатр з 25-м днём нараджэння. Нарэшце, запланаваны адразу два святочныя канцэрты, каб прыйсці ў РТБД змаглі ўсе ахвотныя!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"