Раённы статус не павінен уводзіць у зман аматараў айчыннай літаратуры: на свята запрошаны многія айчынныя выдавецтвы. З іх удзелам створаць некалькі тэматычных пляцовак, як унутры бібліятэкі, так і вакол яе.
Скажам, сваю аўдыторыю чакае пляцоўка “Бібліятэка для дзяцей” з забаўляльна-пазнавальнай праграмай. Выстава “Інтэрактыўныя кнігі для самых маленькіх” пазнаёміць з кнігамі-пазламі, кнігамі-цацкамі, музычнымі выданнямі. “Інфармацыйна-выставачны комплекс” прапануе выставы самаробнай, а таксама рарытэтнай кнігі.
На думку ініцыятара праекта, дырэктара Свіслацкай раённай бібліятэкі Святланы Піваварчык, галоўная задача мерапрыемства — паказаць не толькі дзейнасць бібліятэкі, але, найперш, прыцягнуць увагу да чытання, да кнігі як да ўнікальнага артэфакта культуры.
Адметнасць фестывалю — удзел сельскіх бібліятэк раёна, якія прадставяць у межах пляцоўкі “Бібліятэкі Свіслаччыны” свае кірункі працы: фальклорны, этнаграфічны, краязнаўчы, духоўны. Апроч таго, запрошаны да ўдзелу прыходскія, а таксама школьныя бібліятэкі Свіслацкага раёна. Назавём толькі некаторыя праекты: “Поразаўская зямля — часцінка Радзімы”, “Крыніца душы і натхнення”, “Велічны свет мастацтва”, “На шляху да духоўнай асветы”, “У кніжнай памяці — гісторыя вайны”, “Юбілейныя даты літаратурнага календара”.
Яшчэ адна цікавостка — летняя чытальная зала “Альтанка для чытанкі” прапануе на свежым паветры за кубкам духмянай гарбаты пазнаёміцца з новымі перыядычнымі выданнямі, якія атрымлівае раённая бібліятэка.
У рамках мерапрыемства будзе праходзіць шмат літаратурных конкурсаў, а таксама дэманстравацца багата тэатралізаваных пастановак у выкананні калектываў гарадскіх і сельскіх клубных устаноў.