Стогн, прэміі i кан’юнктура

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Нацыянальнай музычнай прэміяй некаторых нашых творцаў не ўзнагароджвай, дай толькі слязу пусціць. І добра б нылі пачаткоўцы, маўляў, талент заціскаюць, не паказваюць па тэлевізары ды не бяруць у ратацыю на радыё, на “Еўрабачанне” не прымаюць або куды далей не пасылаюць, а канцэртаў раз-два — і ўсё. Дык галасіць кінуліся гранды.

/i/content/pi/cult/589/13086/4-17.jpgСпярша “вызначыўся” фронтмэн гурта “Крама” Ігар Варашкевіч, які заявіў аднаму з інтэрнэт-парталаў, што калі крайні альбом “Белая вада” яго калектыву халаднавата прыняла крытыка, што раз кліп на загалоўную кампазіцыю як бы не заўважылі, што калі музыка, якую выконвае ансамбль, на яго думку, сёння не запатрабаваная, то і новы поўнафарматнік ён запісваць наўрад ці стане. Маўляў, не бачыць сэнсу хадзіць з працягнутай рукой. Затым грунтоўны пост, у якiм было шмат літар, апублікаваў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” лідар “Нейра дзюбеля” Аляксандр Кулінковіч. Сутнасць звялася да таго, што музыкант у катэгарычнай форме адмаўляецца ў далейшым удзельнічаць у любых музычных прэміях — ні ў якасці iх саіскальніка, ні як член журы. У спробе аргументавана выкласці гэту пазіцыю не толькі я, але і многія каментатары гэтага “посту”, убачылі крыўду Аляксандра на тое, што ў апошні час якімі-небудзь прызамі гурт адорваць перасталі. А яшчэ, аказваецца, паводле інфармацыі Кулінковіча з добра інфармаванай “крыніцы”, не так даўно яго калектыў рэальна прэтэндаваў ткi на адзін з прызоў адной з малалікіх у нашай краіне рок-прэмій. Дык не! Падманулі, узнагародзілі ім хай і годны ансамбль, але не з прычыны яго дзікіх поспехаў за кантрольны перыяд, а ў гонар яго распаду: пра нябожчыка ж толькі добрае...

Усё гэта было б смешна, каб не аказалася так сумна. З Ігарам ды Аляксандрам я знаёмы бог ведае колькі. Людзі яны адэкватныя, якія добра ўсведамляюць, што кандовым рок-н-ролам у Беларусі калі дзе і можна колькі зарабіць, дык толькі ў кабаках, выконваючы там кавер-версіі не ўласных песень. (Варашкевіч, дарэчы, падобнае практыкуе). Карма такая ў нашай краіне агарнула гэты кірунак. І рок-альбомы ўжо даўно мільённымі накладамі ў нас не разыходзяцца, як, зрэшты, і ў свеце — іншая кан’юнктура на музычным рынку. Прэтэнзіі да крытыкі з вуснаў мэтра беларускага року наогул выклікалі шок. Ужо хто-хто, але не Варашкевіч быў заклапочаны тым, наколькі спадабаецца ці не спадабаецца чарговы рэліз “Крамы” музыказнаўцам. А вось з прэміямі я дапамагчы не змагу, прабач, Аляксандр Міхайлавіч...

Напрыканцы выкажу асцярожную здагадку, што распусканне гэтых “нюняў” — з’ява звычайна-міжсезонная: натхненне звычайна восенню стукаецца ў дзверы. Адпачнуць нашы майстры рытм-энд-блюзу ды року, і зноў возьмуць яны ў студыі ў рукі мікрафон, гармонік, гітару. І складуць нятленкі, якія (тут ты не маеш рацыю, Ігар) людзям патрэбныя. А там, глядзіш, і Нацыянальную музычную ці якую іншую прэмію за іх усё ж такі возьмеце...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"