Славянскі "Куфар"

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

З 23 па 29 мая ў Малдове шырока святкаваліся Дні славянскага пісьменства і культуры, якія сёлета былі прымеркаваны да 25-годдзя абвяшчэння незалежнасці гэтай рэспублікі. У падзеях брала ўдзел і беларуская дыяспара.

Урачыстасці ладзіліся ў вялікай зале Нацыянальнай філармоніі імя Сяргея Лункевіча. Тут сабраліся прадстаўнікі балгарскага, беларускага, рускага, украінскага і іншых этнасаў, што пражываюць у Малдове. Ва ўступным слове генеральны дырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка адзначыў, што славянскі каларыт тут складаўся з лёсаў, намаганняў і таленту многіх людзей. Украінцы, рускія, балгары, беларусы складаюць амаль трэць насельніцтва краіны, карыстаюцца заслужанай павагай і выступаюць паўнапраўнымі ўдзельнікамі розных сфер жыцця сучаснай Малдовы.

У рамках урачыстай цырымоніі самым актыўным лідарам арганізацый дыяспар славянскіх народаў выступоўца ўручыў ганаровыя граматы за дзейнасць на ніве славянскай асветы, уклад у захаванне духоўнай спадчыны славянскіх народаў, развіццё міжкультурнага дыялогу, прасоўванне ідэалаў талерантнасці і кансалідацыю міжэтнічных адносін. Былі ўганараваны тры кіраўнікі беларускіх этнакультурных аб’яднанняў: старшыня Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур, старшыня Беларускай грамады Юрый Статкевіч і старшыня Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова-Беларусь” Генадзь Зяньковіч.

Святкавалі не толькі ў Нацыянальнай філармоніі: святочныя праграмы ладзіліся па ўсім Кішынёве ды рэгіянальных цэнтрах. Беларускі святочны блок прадстаўлялі этнічны тэатр “Куфар”, які дзейнічае пры Беларускім культурным руху Малдовы, паказаў паэтычную замалёўку “Мая мова” на вершы Генадзя Бураўкіна і Яўгеніі Янішчыц, а таксама вакальны хор Беларускай грамады ў Малдове “Зорачка”, які парадаваў гасцей шыкоўнымi беларускімі песнямі.