Ёэль з Пагоста

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

На жаль, сёння нямногія ведаюць у Беларусі пра Ёэля Энціна — стваральніка аднаго з амерыканскіх тэатраў. А першыя сямнаццаць гадоў яго жыцця звязаны з мястэчкам Пагост сённяшняга Салігорскага раёна Мінскай вобласці.

/i/content/pi/cult/583/12884/14-2.jpgТам ён нарадзіўся 4 лістапада 1874 года, а ў Злучаныя Штаты наш герой выправіўся, бо палічыў, што “антысемітызм расійскага імперскага ўрада ставіць крыж на ягонай кар’еры”. У ЗША Энцін прыехаў энергічным, крэатыўным маладым чалавекам, які, да таго ж, меў поспехі ў авалоданні замежнымі мовамі. Таму першым досведам працы ў Амерыцы для яго было выкладанне англійскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе.

Зусім іншы вопыт Энцін набыў, калі пачаў працаваць у газеце “Форвертс”. Малады супрацоўнік выдання з нумара ў нумар выдаваў і кранальныя апавяданні, і надзённыя артыкулы, і тэатральныя ды літаратуразнаўчыя рэцэнзіі. Апошнія з цягам часу вылучылі ўраджэнца беларускага мястэчка Пагост у лік вядучых амерыканскіх крытыкаў. Яшчэ адной паспяховай творчай “дзялянкай” Энціна стаўся тэатр. Нездарма ягонае імя сёння непарыўна звязана з гісторыяй яўрэйскіх тэатраў у ЗША. Апрача таго, што наш зямляк быў у ліку заснавальнікаў падобных тэатраў, рыхтаваў акцёраў для іх, там шматкроць ставіліся спектаклі па п’есах Энціна, а таксама па тых творах, якія ён пераклаў на ідыш. А ягонае галоўнае творчае дзіця — яўрэйскі тэатр “Фолксбіне” — стаўся з цягам часу самым вядомым з усіх падобнага тыпу ў ЗША.

У спадчыну ўраджэнца Беларусі ўваходзяць таксама выдатныя кнігі па літаратуразнаўстве. Так, тры ягоныя выданні былі прысвечаны даследаванню выключна яўрэйскай літаратуры: у першай вычарпальна прааналізавана творчая спадчына Іцхака-Лейбуша Пераца, у другой сістэматызаваны звесткі пра яўрэйскіх паэтаў, у трэцяй прадстаўлена новая яўрэйская літаратура. Неардынарную тэарэтычную працу таксама ўяўляла кніга Энціна “Што такое літаратура”.

Ураджэнец Пагоста адзначыўся таксама шматбаковым дачыненнем да яўрэйскай адукацыі ў ЗША. Ён выконваў абавязкі старшыні Камітэта за ідзіш у дзяржаўных школах, а дзякуючы яго ўдзелу на сталай аснове запрацаваў яўрэйскі настаўніцкі семінар, на пасяджэннях якога шмат гадоў старшынстваваў наш герой. Нарэшце, апірышчам для настаўнікаў яўрэйскіх навучальных устаноў сярэдняга звяна сталі яго кнігі “Яўрэйскае выхаванне”, “З яўрэйскай крыніцы”, “З вуснаў народа” і некаторыя іншыя.

Памёр Ёэль Энцін з Пагоста, што на Міншчыне, 26 лютага 1959 года ў Нью-Ёрку, дзе і быў пахаваны.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта