Пра культуру праз ІТ

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Гэтым тыднем у Мінску традыцыйна праходзіла Міжнародная спецыялізаваная выстава “TIBO-2016”. Сёлета яе ўдзельнікамі сталі больш за 100 кампаній з 18 краін. Навукова-практычная канферэнцыя “Электронная культура” прайшла ў рамках форуму 20 красавіка.

Намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко падкрэсліў рэгулярнасць і стабільнасць форуму з пяцігадовай гісторыяй, што збірае спецыялістаў публічных і спецыялізаваных бібліятэк, музеяў, тэатраў, а таксама IT-кампаній.

З цікавага: Сяргеем Павалішавым, дырэктарам hoster.by, быў прадстаўлены кірылічны дамен БЕЛ, які хутка можа стаць альтэрнатывай усім звыклай “кропцы бай”. Алесь Суша, намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі, распавёў пра базу даных і партал нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі рэспублікі. Рэсурс пакуль не працуе онлайн, але гэта — справа часу. Адзіным замежным удзельнікам на канферэнцыі стаў украінскі бізнесмен Кірыл Віслабокаў, які на практыцы давёў, што прыватная ініцыятыва ў стане стварыць архіўную інфармацыйную сістэму, у чыёй дзейнасці будуць зацікаўлены і дзяржава, і замежныя замоўцы.

Відаць, праз актыўнае развіццё і выкарыстанне 3D-тэхналогій, у тым ліку і айчынных, шэраг дакладаў прысвяцілі менавіта гэтай тэматыцы: віртуальныя экскурсіі, у тым ліку па старадаўніх часах, рэканструяваныя мадэлі архітэктурных помнікаў і населеных пунктаў. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы падзяліўся досведам супрацоўніцтва з кампаніяй “Тэхнамузей”, якая дапамагла мадэрнізаваць экспазіцыю Мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі”. Канешне, увагай не абышлі і бібліятэчную сферу. Асаблівы акцэнт быў зроблены на стварэнні зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.

Канферэнцыю нельга назваць ненасычанай, але многія аспекты, падалося, цікавыя вузкаму колу спецыялістаў. Але з заўважанага дадам: асобныя выступоўцы пасля сваіх дакладаў хутка пакідалі залу па сваіх справах і не вярталіся. Выпадковых слухачоў гэтая галіновая сустрэча таксама не асабліва прывабіла. Між тым электронныя тэхналогіі ў культуры скіраваны на прыцягненне ўвагі і цікавасці публікі…

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст