Правілы паводзін з аўтарскім правам

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

З 4 красавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе пра адміністрацыйныя правапарушэнні адносна сферы аўтарскага права. Карэспандэнт “К” прапанавала начальніку Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксею БІЧУРЫНУ жыццёвыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца (ці ў якія могуць патрапіць) работнікі ўстаноў культуры краіны, і іх магчымае развіццё з юрыдычнага пункту гледжання.

(Пачатак тэмы ў № 16.)

— Як я разумею, зараз установам культуры неабходна абавязкова пераправерыць свае працоўныя камп’ютары і службовыя сеткі — раптам там папка са спампаванымі фільмамі ляжыць...

— Хутчэй за ўсё яна там дакладна ляжыць. А захаванне асобнікаў твораў аб’ектаў аўтарскага права (фільмы, музыка, відэакліпы і гэтак далей) на серверы, на службовым камп’ютары па змаўчанні цягне да адміністрацыйнай адказнасці. Часцей за ўсё людзі гавораць, што гэта папка — для асабістага карыстання. Тады ўзнікае пытанне, а чаму на службовым ПК захоўваюцца творы ў такім аб’ёме?.. Доступ да яго маюць іншыя супрацоўнікі, значыць, магчымае распаўсюджванне тых відэа- і аўдыяматэрыялаў. Нам кажуць, што гэтыя файлы неабходныя для падрыхтоўкі масавага мерапрыемства. Атрымліваецца, вы тыражуеце чужую інтэлектуальную маёмасць, а за гэта неабходна ўносіць аўтарскія адлічэнні.

У мяне час ад часу бываюць сустрэчы на рознага кшталту адукацыйных мерапрыемствах з начальнікамі раённых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі дырэктарамі дамоў культуры, кіраўнікамі іншых устаноў галіны. Сталыя людзі часта жартуюць: “Ой, хіба за такую дробязь вы мяне прыцягнеце ды ў турму пасадзіце?” З Галівудам, маўляў, нічога не станецца, калі я тут пакажу парачку фільмаў… Што ж, гэтага чалавека можа і не атрымаецца прыцягнуць да адказнасці, але юрыдычныя механізмы ўдасканальваюцца і каса натрапіць на камень. Цікава, што некаторыя з тых культработнікаў самі з’яўляюцца творцамі. І калі іх творы нехта з камерцыйнымі мэтамі выкарыстоўвае, яны шчыра крыўдзяцца і абураюцца.

— Дарэчы, адносна культурна-масавых мерапрыемстваў. Часцяком у бібліятэках, ДК, ДШМ ладзяцца святы з удзелам персанажаў папулярных мультфільмаў...

— Адназначна: гэта з’яўляецца парушэннем аўтарскіх правоў. Вельмі шкада, калі бізнес-мадэль установы будуецца на бягучым попыце, і ніхто не клапоціцца пра неабходныя прававыя абгрунтаванні правядзення гэтай дзейнасці. Так адбываецца з той жа прычыны: пакуль у нашай краіне невялікая перспектыва прыцягнення да адказнасці… Нядаўна ўсе абмяркоўвалі гучную справу аўтааматара, якога транспартная інспекцыя злавіла на неліцэнзаваных пасажырскіх перавозках і паставіла яму ў віну незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Калі-небудзь і арганізацыі, якія займаюцца аховай правоў інтэлектуальнай уласнасці, дойдуць да такой ступені дэталізацыі справы…

— …і звернуць увагу на прыватных аніматараў, якія спрэс зарабляюць на выкарыстанні вобразаў папулярных анімацыйных персанажаў.

— Пакуль не ўсе камерцыйныя карыстальнікі інтэлектуальнай маёмасці пастаўлены на ліцэнзійныя рэйкі і законна выкарыстоўваюць прадукт, каб казаць, што прыйшоў час лавіць аніматараў-прыватнікаў. Але, можа стацца, нехта захоча зарабляць на тым, што будзе аказваць паслугі па выяўленні фактаў незаконнага выкарыстання твораў. Умоўная калектарская служба будзе прапаноўваць аўтарам шукаць замест іх парушэнні (з мэтай атрымання пэўнага працэнта за свае паслугі). Цалкам законная дзейнасць, дарэчы. Часам існаванне праваўладальніка на шэраг папулярных фільмаў і мультфільмаў у эканамічных умовах залежыць ад таго, наколькі той перакрые кісларод усім нелегальным карыстальнікам. Тады і ўзнікаюць спецыяльныя людзі, якія фіксуюць, як індывідуальны прадпрымальнік у касцюме пазнавальнага персанажа працуе пад знакамітую музыку з дыснэеўскага мультфільма. А потым у судзе той прыватнік будзе здзіўляцца, што столькі гадоў так рабіў — і ніхто не скардзіўся. А тут ужо склад крымінальнага злачынства прысутнічае, бо чалавек шматразова атрымліваў ганарары за выкарыстанне аб’екта аўтарскага права…

— Але вернемся да бібліятэк. Паглядзіш на сайтах гэтых устаноў фотасправаздачы з мерапрыемстваў: тут трансформеры ходзяць, там Маша з Мядзведзем скача, далей яшчэ хтосьці з папулярных персанажаў…

— Выкарыстанне ідэй і вобразаў магчымае, калі імпрэза не мае ярка выяўленага камерцыйнага чынніку. Закон кажа пра выключэнні, дапускаючы прымяненне аб’ектаў аўтарскага права з дакладнай агаворкай: можна выкарыстоўваць творы без аўтарскіх адлічэнняў для адукацыйных, сацыяльна-карысных мерапрыемстваў без мэты атрымання прыбытку.

— Такім чынам, школьны тэатр можа паставіць, прыкладам, п’есу Андрэя Курэйчыка, без папярэдняй дамовы з ім.

— Так. Аматарскія калектывы законам выведзены з-пад сферы дзейнасці выключнага права на твор. Для такога кшталту калектываў ці асобных выканаўцаў дапускаецца выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права без атрымання дазволу і без выплаты ўзнагароджання аўтару. Але раскажу маё ўласнае адчуванне ад той практыкі, што склалася ў рэспубліцы. Гэта паслабленне празрыстае, але мае вузкую мяжу. Кіраўнікі непрафесійных тэатраў (тое ж датычыцца аркестраў, харэаграфічных калектываў і іншых суб’ектаў) часам кажуць: учора за пастаноўку мы грошай не бралі, але сёння неабходна абнавіць рэквізіт, набыць апаратуру, выканаўцам няблага было б нешта даць, таму хоць па дробязі з гледачоў збяром грошы. У гэтым выпадку калектыў пераходзіць мяжу некамерцыйнага характару. Вы маеце прыбытак (не важна, што ў малым памеры) — навідавоку парушэнне аўтарскіх правоў. Як прывіць павагу да інтэлектуальнай маёмасці? Павага да закона забяспечваецца непазбежнасцю яго выканання.

Наша дзяржава зацікаўлена ў пераходзе на рэйкі інавацыйнага развіцця. Зараз шмат гавораць пра эканоміку ведаў. Гэтыя прыгожыя словы маюць праламленне ў паўсядзённым жыцці: за чужыя веды неабходна аддаваць свае грошы. Тое ж самае з творчым прадуктам. Па маім бачанні, мы абавязкова прыйдзем да таго, што за любы твор давядзецца плаціць. Тады становіцца цікавым паспрабаваць прапанаваць свой арыгінальны прадукт, за які ўжо табе будуць выдаткоўваць ганарар. Так павінна выглядаць постындустрыяльная мадэль эканомікі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"