Урокі Мухарынскай

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні, прымеркаваныя да 110-годдзя знанага этнографа і мастацтвазнаўцы Лідзіі Мухарынскай, і Міжнародны фестываль этнакультур.

Конкурс у рамках фестывалю — справа звыклая. А фестываль, ды ў рамках… канферэнцыі? Спачатку было слова: чытанні прайшлі сёлета ў 25-ы раз. А далучаны да іх Міжнародны этнафэст — толькі ў сёмы. Але сінтэз слова і музыкі (іначай кажучы, навукі і практыкі) рыхтаваўся на Чытаннях спакваля. Спачатку былі гэткія музычныя “прывітанні”, “кава-паўзы”, потым яны перараслі ў музычныя інтэрмедыі і нават цыкл канцэртаў. Нарэшце, узнік фестываль. Захаваліся і іншыя карысныя “дадаткі”: майстар-класы, лекцыі, выстаўкі.

Цягам фестывальных дзён можна было разважаць над выставай скульптур. І звярнуць увагу на тое, як спалучаюцца беларускія і армянскія традыцыі ў працах Рыпсімэ Геваркян, як Анастасія Слуцкая становіцца падобнай да старадаўніх усходніх ваяроў. Ці як традыцыі спляталіся ў выступленні ансамбля “Эрэбуні” Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (кіраўнік — Рузана Аванесян). І хаця ў лекцыі “Сучаснае музычнае мастацтва Арменіі” Нарынэ Авецісян сцвярджала, што “ў сучасных творах вельмі цяжка меркаваць пра нацыянальныя карані”, мы іх пачулі ў паказаных ёй аўдыя- і відэафрагментах.

Фольк-гурт “Кампанія Януша Прусіноўскага” дазволіў правесці параўнанні з польскім джазам, які часта бывае блізкі да шапэнаўска-імпрэсіянісцкіх гучанняў. Януш і яго музыканты гралі народныя мелодыі, але ў манеры імправізацыі “тут і зараз”. А назаўтра, праводзячы майстар-клас, прымусілі студэнтаў і прафесуру вадзіць карагоды, скакаць у абрадавых дзеях, на практыцы спасцігаючы асаблівасці польскай народнай творчасці.

У канцэртных праграмах выступалі і аўтэнтычныя выканаўцы з Магілёўшчыны ды Брэстчыны, і сталічны аматарскі гурт “Кудмень”, які аднаўляе мужчынскія палескія спевы (кіраўнік — Ірына Мазюк). На выставе Мар’яна Скрамблевіча з Гродзеншчыны можна было падзівіцца, як “размаўлялі” ў яго руках вырабленыя ім народныя музычныя інструменты. А ў фінальным канцэрце — паслухаць, якія фарбы знайшлі ў народных інструментах выкладчыкі і студэнты кафедры кампазіцыі: ад прызнаных Галіны Гарэлавай, Віктара Войціка, Уладзіміра Каральчука да маладых Андрэя Цалко, Вячаслава Пяцько і іншых.

За тры дні па некалькіх секцыйных пасяджэннях раскідалася амаль сотня дакладаў. Яшчэ больш за тры дзясяткі змясціла студэнцкая канферэнцыя. Сярод надзвычай разнастайных тэм былі і спробы новага асэнсавання дзейнасці Уладзіміра Мулявіна (у прыватнасці, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Тамара Варфаламеева падкрэсліла ягоны падыход да сялянскага фальклору скрозь прызму гарадской культуры), і, як заўжды, усё новыя і новыя ўспаміны пра Лідзію Мухарынскую. Галіна Сізко, старшы навуковы супрацоўнік Музея-запаведніка Пятра Чайкоўскага ў Кліне (Расія), падзялілася тайнай, якую адкрылі ёй калісьці бацькі — калегі і блізкія сябры Лідзіі Саўлаўны. Мухарынская і сапраўды паходзіла са старадаўняга роду грузінскай інтэлігенцыі — Мухрані, але нарадзілася… у Вене, таму так добра ведала нямецкую мову.

Што ж да ідэй Мухарынскай, дык ёй удалося, бадай, недасягальнае: змясціць у коле сваіх інтарэсаў не толькі этнамузыкалогію, але і прафесійную музычную культуру — ад беларускай да сусветнай. А яшчэ — “прайсціся” па ўсіх стагоддзях ды эпохах. І ў часы, калі паводле ідэалагічных раскладаў “прафесійная беларуская музыка пачалася з 1917 года”, надрукаваць у часопісе “Нёман” артыкул “Неразгаданыя таямніцы” — пра айчынную музычную культуру ХVII стагоддзя. Так што “ўрокі Мухарынскай” працягваюцца.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"