Вядома, мова мастацтва з’яўляецца самай універсальнай, таму зразумець культурны код пэўнай дзяржавы заўсёды магчыма. Тым больш, калі публіку знаёміць з культурай іншай краіны менавіта класічная музыка.
Эквадорска-беларускі культурны праект “Дружба народаў” сведчыць толькі аб адным: узаемаадносіны дзвюх дзяржаў умацоўваюцца. Канцэртную праграму сфарміраваў Давід Аруцюнян, абапіраючыся на густы беларускай публікі. Ён сцвярджае, што прэзентацыя рэпертуару, складзенага з эквадорскай музыкі, для першай сустрэчы з беларускімі меламанамі не зусім падыходзіць. Што да канцэрта для скрыпкі з аркестрам, то ініцыятарам яго, а таксама выканаўцай з’яўляецца Хорхе Саадэ Скіф.
Другі этап культурнага праекта “Дружба народаў” мае рэалізавацца ўжо ў Рэспубліцы Эквадор: тут будуць запісаны на дыск творы беларускіх кампазітараў.
Давід Аруцюнян, Памэла Картэс і пасол Эквадора ў Беларусі Карлас Ларэа Давіла.
Звернемся да канцэрта. Ён складаўся з двух аддзяленняў. Адкрыла музычны вечар эмацыйная кампазіцыя Херарда Гевара “Апамуй Шунга”. Пасля некалькіх праслуханых твораў стала зразумела: у класічнай музыцы Эквадора схаваны ноты інтрыгі. Прапанаваныя музычныя кампазіцыі вылучаюцца эмацыйнай завершанасцю і насычанасцю. Калі візуалізаваць эквадорскую музыку, то атрымаецца быццам бы раскадроўка кліпа: інтрыга, чаканне, запал… Асаблівасць эквадорскай музыкі ў ладзе — пентатоніцы — у якім адсутнічаюць паўтонавыя злучэнні. Пентатоніка характэрна і для азіяцкай музыкі.
Віртуознае валоданне музычным інструментам прадэманстраваў эквадорскі скрыпач Хорхе Саадэ Скіф, які даў больш за 300 канцэртаў у 43 краінах, а гэтай восенню упершыню наведаў беларускую сталіцу.
Затым прагучалі кампазіцыі Яўгена Глебава. Давіду Аруцюняну, які родам з Арменіі, зусім не цяжка “расшыфраваць” тую эмацыйную шкалу, якая закладзена ў танцы з “Палескай сюіты”, а таксама ў Адажыа Ружы і Маленькага прынца. Тым больш, прызнаўся дырыжор, беларуская музыка, славянскі фальклор блізкія ягонаму духу.
Прадстаўленую сімфонію Давіда Аруцюняна “Опус камплетур” можна ахарактарызаваць як музыка-чаканне. Кампазіцыя трымае слухачоў у напружанні, таму яны і знаходзяцца быццам бы ў чаканні надыходзячай барацьбы. “Не магу сказаць, што мая музыка сумная, але там ёсць ноты не вельмі аптымістычныя…”, — пагадзіўся дырыжор. Таксама Давід Аруцюнян адзначыў, што сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі гучыць мякка, прыгожа і чыста.
Завяршыўся музычны вечар эквадорскай класікі выступленнем спявачкі Памэлы Картэс.