Канцэрт у Нацыянальным мастацкім музеі падчас "падоўжанага" чацвярга.
Напачатку былі лекцыі. У межах рэзананснай выставы “Ад рэалізму да імпрэсіянізму…” (жывапіс XIX-ХХ стагоддзяў са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі) музейшчыкі сталі ладзіць чытанні па жыцці і творчасці вядомых жывапісцаў. Пабачыўшы, што ў публікі карыстаюцца попытам дадатковыя мерапрыемствы, у аддзеле маркетынгу вырашылі арганізаваць канцэрты.
— У нас прайшоў дабрачынны выступ групы “Danad”. Скрыпач Данііл Кулікоўскіх і віяланчэліст Андрэй Ходас гралі для дзяцей-інвалідаў і пацыентаў Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера, — распавёў суразмоўца. — Пры падтрымцы партнёра музея, кампаніі “Брытыш Амерыкан Табакка”, адбыліся два джазавыя вечары, падчас якіх прагучалі аўтарская праграма Мікалая Панка і выступленне гурта “Акустычная левітацыя”.
У Год культуры папулярныя канцэртныя праграмы хутчэй за ўсё “пераедуць” на нядзелю. Прынамсі, на гэтым тыдні вечаровы канцэрт адбудзецца акурат у дзень Святога Валянціна. Праект “Bon voyage” пад назвай “Пад небам Парыжа” адорыць закаханых рамантычнымі мелодыямі Клода Дэбюсі, Эрыка Саці, Габрыэля Фарэ, Жака Ібэра, Каміля Сэн-Санса.
Але музейшчыкі вырашылі не абмяжоўвацца аднымі музычнымі імпрэзамі. Са студзеня шточацвер тут працуе тэматычны кінаклуб. У арт-кавярні дэманструюць фільмы, якія так ці інакш дапаўняюць вялізную калекцыю мастацтва ў экспазіцыі. Патрапіць сюды можна па білету ў музей.
Першы блок фільмаў быў прысвечаны выставе “Гоя… Пікаса” з калекцыі Музея Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда (Мадрыд, Іспанія). Адчыняла клуб вядомая кіналента Мілаша Формана “Прывіды Гоі”. Пасля кожнага прагляду ладзяцца абмеркаванні…