Згаданая выстава ў гэтым кантэксце набывае сімвалічны сэнс як візуалізацыя дэкларацыі супрацоўніцтва. Наступным крокам будзе абмен студэнтамі. Два выхаванцы Гжэлі на працягу семестра будуць вучыцца ў нашым Універстэце культуры і адзін — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адпаведна, трох мінскіх студэнтаў чакае на такі ж тэрмін тамтэйшы ўніверсітэт.
Сама выстава падалася мне цікавай, вартай увагі аматараў мастацтва. Больш за тое, пабачыць яе будзе карысна ўсім, хто цікавіцца пытаннямі сінтэзу прафесійнага мастацтва і народнай традыцыі ў матэрыяльнай культуры. Справа ў тым, што абодва ўніверсітэты робяць фактычна адну справу, але ў розных варунках і ў рознай, хоць і шмат у чым падобнай, ментальнай прасторы. І ў Беларусі, і ў Расіі спецыялісты сферы ідэалогіі і творцы заклопачаныя тым, як адаптаваць традыцыйныя культурныя каштоўнасці да рэалій глабальнага рынку і адкрытага грамадства.
Праўда, беларускі сегмент экспазіцыі мог бы быць больш выразным, больш эфектным. Я не аднойчы прысутнічаў на абароне дыпломных работ кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ, і магу засведчыць, што з работ студэнтаў названай кафедры экспазіцыю можна зрабіць шыкоўную. Між тым, атрымалася… звычайная, як тое пабачылася мне.
Аб’ектыўна і грунтоўна прааналізаваць творы, прадстаўленыя гасцямі, для мяне праблематычна, бо я недастаткова дасведчаны ў культурных асаблівасцях расійскага прысталічча (мястэчка Гжэль, чыя назва стала брэндам, знаходзіцца ў Раменскім раёне Маскоўскай вобласці) ды і суседняй краіны ўвогуле. Адно скажу, ад экспазіцыі ў мяне засталася ўражанне, нібы навучальныя праграмы Гжэльскага ўніверсітэта (раней гэта быў мастацка-прамысловы інстытут) найперш скіраваны на падрыхтоўку мастакоў, якія мусяць творча абслугоўваць брэнд “Гжэль”, таксама вядомы як “Кузняцоўская парцаляна”. Гэта не значыць, што выхаванцы названай ВНУ заціснутыя ў вузкую спецыялізацыю і маюць аднабаковае развіццё. Скажам, аўтар адной з дыпломных работ, прадстаўленых у экспазіцыі, зараз як творца ўдасканальваецца ў сферы, даволі далёкай ад керамікі — вучыцца ў Санкт-Пецярбургу на архітэктара. І ён такі не адзіны. Выпускнікі ўніверсітэта могуць весці дзіцячыя мастацкія студыі, працаваць папулярызатарамі народнага мастацтва, шчыраваць у розных галінах дызайну. Але ўсё ж базавай для навучальнага працэсу з’яўляецца традыцыя Гжэлі, якая спалучае паэтыку народнага мастацтва, высокі ўзровень прафесійнай мастацкай школы, высокую тэхналогію вытворчасці. Студэнтаў зыходна арыентуюць на працу з матэрыялам — са славутай гжэльскай глінай. Адпаведна, жывапісу і малюнку ў Гжэльскім універсітэце вучаць не так, як у ВНУ, дзе рыхтуюць жывапісцаў і графікаў.
У структуры Гжэльскага ўніверсітэта тры факультэты: дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну, экономікі і кіравання, сэрвісу і турызму. Такім чынам, тут рыхтуюць і тых, хто, як я ўжо казаў, творча абслугоўвае брэнд, доўжыць мастацкія традыцыі Гжэлі; і тых, хто рупіцца пра прыбытковасць брэнда і яго распаўсюд на новыя рынкі; і тых, хто дбае пра побытавы і псіхалагічны камфорт спажыўцоў брэнда — турыстаў, якіх Гжэль прывабіла самабытнай культурай і не ў апошнюю чаргу магчымасцю прыдбаць фантастычна прыгожыя рэчы непасрэдна там, дзе яны ствараюцца — так бы мовіць, атрымаць “сінюю птушку Гжэлі” з першых рук. Дарэчы, адна з праблем, з якімі сутыкаюцца сёння гжэльскія вытворцы, — гэта кантрафакт, падробкі пад брэнд. Як казаў калісь рускі паэт Сяргей Ясенін: “Плохую лошадь вор не уведёт”.
Такое комплекснае абслугоўванне брэнда падаецца мне досведам, які быў бы карысным і нашай краіне. Уявіце, што, скажам, у Слуцку ёсць вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе мастакоў і тэхнолагаў для вытворчасці славутых паясоў; эканамістаў і менеджараў, чый клопат — прадаваць паясы; спецыялістаў сэрвісу, якія рупяцца, каб радзіма слуцкіх паясоў стала турыстычнай "мекай". А акрамя таго, гэта ВНУ ладзіць штогадовыя міжнародныя фестывалі, прысвечаныя слуцкаму поясу. Такія фэсты керамістаў для Гжэльскага ўніверсітэта — звычайная справа.
Гжэль — гэта Падмаскоўе. Ад сталіцы Расіі якіх-небудзь 50 — 60 кіламетраў. І пры гэтым згаданы рэгіён Масквой не прыціснуты, маё сваю адметнасць і развітую турыстычную інфраструктуру. А што тычыцца мясцовага ўніверсітэта, дык паводле агульнарасійскага рэйтынгу ён займае 13-е месца сярод 157 ВНУ культурна-мастацкага профілю і 87-е паміж эканамічных ВНУ. Гжэль жа — мястэчка, дзе насельніцтва крыху больш за тысячу чалавек. Але з яе іміджу сілкуецца ўвесь Раменскі раён, усё Падмаскоўе, уся Расія.
Фота Юрыя ІВАНОВА