Чакалі ж яго ўжо з вясны, калі пачаліся рэпетыцыі. Даведаўшыся, што першы публічны паказ прымеркаваны да адкрыцця сезона, некаторыя, і я ў тым ліку, уздыхалі: хутчэй бы лета мінула. На грамадскім абмеркаванні ў рамках “ТэАРТа” артысты прызнаваліся, што гатовы былі правесці прэм’еру ўжо ў чэрвені, настолькі плённа ішла падрыхтоўка.
Такі, у добрым сэнсе слова, ажыятаж вакол будучай падзеі невыпадковы. Бо чакалі не столькі ўласна “… Вядзьмарак”, колькі чарговай сустрэчы з творчасцю Яўгена Карняга — маладога, але знакамітага ў нас і замежжы рэжысёра (і, не пабаімся гэтага азначэння, харэографа, хаця ён ставіць не балетныя, а пластычныя спектаклі, прынцыпова не працуючы з прафесійнымі танцорамі), стваральніка ўласнага калектыву “КарнягТэатр”. Апошнім часам Яўген працягваў адукацыю і працаваў у Польшчы, што толькі падагравала эмоцыі з нагоды яго прыезду. З асаблівай нецярплівасцю чакалася і праца менавіта ў тэатры лялек — і менавіта ў тым, дзе кіруе Аляксей Ляляўскі, у якога роўна дзесяць гадоў таму Яўген скончыў нашу Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “акцёр тэатра лялек”.
Можа, надта многа было прадчуванняў “шэдэўра ў апошняй інстанцыі”? Атрымаўся ж пакуль — крок да яго. Ведаючы, на што здольны гэты найталенавіты пастаноўшчык, “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” ў яго цяперашнім выглядзе я ўспрыняла цудоўным, вельмі перспектыўным, але… эскізам, які патрабуе далейшай працы. Артысты і рэжысёр яшчэ захоплены самім працэсам пастаноўкі, прычым настолькі, што працягваюць рухацца па абраным шляху пошукаў, не заўважаючы фінальнай стужкі. І пошукі тыя — як у вядомай казцы: “Пайдзі туды — не ведаю куды. Прынясі тое — не ведаю што”. Чым не формула фундаментальнай, а не прыкладной навукі? Знойдзенае абавязкова “адгукнецца” ў будучыні (а яшчэ больш — у наступных працах), набыўшы завершаны выгляд. Пакуль жа ўдзельнікі знаходзяцца ў стане эйфарыі ад таго, што ўсё нарэшце здзейснілася. Так і павінна быць пасля завяршэння працяглай працы! Калі ж улягуцца эмоцыі і з’явіцца магчымасць зірнуць на зробленае “з боку”, яны і самі без аніякіх “падказак” крытыкаў убачаць, што і дзе можна палепшыць. Бо штосьці з задуманага, мяркуючы па выказваннях стваральнікаў пасля спектакля, проста не “чытаецца”.
Драматургія, сатканая з урыўкаў тэкстаў Метэрлінка, матываў казак братоў Грым і ўспамінаў пра Асвенцым, распадаецца на асобныя фрагменты, не складаючыся ў агульны “пазл”. У спектаклі заяўлены некалькі вострых, нязвыклых для нашай тэатральнай прасторы тэм: агрэсія і яе прычыны, жаночы фемінізм і, шырэй, двухаблічная псіхалогія жанчыны (дый кожнага чалавека, у якім сумяшчаюцца анёл і д’ябал), помста за чужыя і ўласныя недахопы і памылкі, мацярынства і яго адказнасць, смерць у яе розных разуменнях — філасофскім, народна-кірмашовым, апакаліптычным. Адчуванне, што рэжысёр (і ён жа драматург) імкнецца сказаць усё і адразу, з-за чаго гэтыя лініі не прыходзяць да адной кульмінацыі, утвараючы некалькі фіналаў. А тое перашкаджае адбудаванасці формы.
Сярод артыстак найперш вылучаецца Наталля Кот-Кузьма, у ігры якой прысутнічае не толькі “ўваходжанне” ў ролю, але і стараненне ад яе — бы той погляд у люстэрка, які прапаноўваюць гледачам паводле сцэнаграфіі Таццяны Нерсісян, як заўсёды бездакорнай у сваёй крэатыўнасці. Святлана Цімохіна нечакана нават для сябе самой паўстае не характарнай актрысай з сакавітым месца, якой бачылі яе раней, а быццам бы гэткай “белай ды пухнатай” (да пэўнага часу) “прынцэсай” з пранікнёным лірыка-каларатурным сапрана. Запрошаная на гэты спектакль Ганна Гаспадарык — выпускніца Акадэміі мастацтваў і ўдзельніца “КарнягТэатра” — сапраўдная фотамадэль, шыкоўная па пластыцы, не заўсёды, на жаль, гэтак жа вольна пачувае сябе ў маналогах-дыялогах.
Публіка, як і трэба было чакаць, паставілася да эксперыментаў па-рознаму. “Прасунутая” моладзь (а іншая ў наш Тэатр лялек звычайна і не ходзіць) — адзінагалосна “за”. Але адна даволі маладая пара на маіх вачах дэманстратыўна пакідала залу, патрабуючы ў адміністрацыі вярнуць грошы за білеты. Ужо адно тое, што новы спектакль так узрушыў тэатральную грамадскасць, можна лічыць заваёвай. Яшчэ больш значным уяўляецца тое, што “беспрытульны” Яўген Карняг знайшоў не ў замежжы, як раней, а ў роднай Беларусі магчымасць паставіць “стацыянарны” спектакль, які замацуецца ў рэпертуары, нягледзячы на хуткі сыход адной з артыстак у дэкрэтны адпачынак. Таму — не прапусціце бліжэйшыя паказы (трэці быў акурат учора). А ў 2016-м схадзіце на “Інтэрв’ю…” наноў — паглядзець яго з новай запрошанай актрысай. Якімі б ні атрымаліся чарговыя “…Вядзьмаркі”, вам будзе пра што падумаць.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ