Касмічная тумановасць Райскага

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Пра "райскі" час беларускай музыкі
Дырыжоры былі рознымі. Хтосьці заўсёды выглядаў абсалютна спакойным, нават знешне абыякавым. Хтосьці кранаў пластыкай, уменнем ледзь не ў кожнай ноце знайсці нейкі патаемны сэнс. Разыначкай Барыса Райскага, як мне ўяўляецца праз гэту часавую адлегласць, быў пастаянны ўнутраны нерв, нейкая нябачная спружына, гатовая ў любы момант разгарнуцца на ўсю моц. Пазаўчора споўнілася сто гадоў з дня нараджэння Барыса РАЙСКАГА — дырыжора, якому наша краіна абавязана сваімі музычнымі фондамі: менавіта ён узначальваў аркестр нашай Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі цягам больш як трыццаці гадоў, і ледзь не ўсе запісы беларускай класікі, што захаваліся да сёння, зроблены менавіта ім.

/i/content/pi/cult/550/11999/8-2.jpgАсабістае

Пачну з асабістага — з таго, як я ўпершыню сутыкнулася з гэтым музыкантам. Я вучылася ў Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе-адзінаццацігодцы пры кансерваторыі (цяпер гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), і наш хор пад кіраўніцтвам Наталлі Жураўленка часцяком браў удзел у адказных канцэртах. Увогуле, калі беларускія кампазітары пісалі штосьці для дзіцячага хору, дык першай справай звярталіся да нас.

Тое, што прынёс Сяргей Картэс, бацька майго аднакласніка Міці (цяпер той, таленавіты піяніст, жыве і працуе ў Маскве), было зусім не падобна на звыклыя “піянерскія” песні: “На Купалле на святое / Рві, матуля, зелле тое…” — пазналі радкі Янкі Купалы? У музыцы панавала містыка — не страшная, а таямнічая. Харавыя партыі — інтанацыйна простыя (хіба ў гармоніях — з мякка ахінанальнымі дысанансамі), ды зусім не звыклыя. Парэпетыраваўшы ў класе, у прызначаны час рушылі з гэтым на радыё: “Ура! Нас зноў здымаюць з урокаў!”

Аказалася, нас чакаў яшчэ адзін урок, куды больш цікавы і плённы за школьныя. Такім ён здаўся не толькі таму, што асабіста я ўпершыню ўдзельнічала ў радыёзапісе. Выступаючы ў складзе хору, мне даводзілася назіраць за працай розных дырыжораў — не з залы, у якасці звычайнага слухача, а што называецца “знутры”, калі перад вачыма праходзіць увесь рэпетыцыйны працэс і дырыжор уяўляецца кімсьці накшталт чараўніка: “паваражыў” штосьці рукамі, і з адасобленых партый, фрагментаў, “кавалачкаў” нараджаецца штосьці быццам зусім незнаёмае.

Дырыжоры былі рознымі. Хтосьці заўсёды выглядаў абсалютна спакойным, нават знешне абыякавым. Хтосьці кранаў пластыкай, уменнем ледзь не ў кожнай ноце знайсці нейкі патаемны сэнс. Разыначкай Барыса Райскага, як мне ўяўляецца праз гэту часавую адлегласць, быў пастаянны ўнутраны нерв (не блытаць з нервовасцю), нейкая нябачная спружына, гатовая ў любы момант разгарнуцца на ўсю моц. Спружына зусім не спалучалася ні з “шалёнымі” тэмпамі, ні з “пажаранебяспекай” — наадварот, ён быў прыкладам інтэлігентнасці, эмацыйнай стрыманасці, валодаў уменнем пераконваць логікай, доказнасцю і ў музыцы адшліфоўваў усё да дробязяў.

У той дзень мы назіралі, як з лёгкага “буралому” зусім, здавалася б, не “палётных” сугуччаў узнікае касмічная тумановасць, у якой расцвітае музычная папараць-кветка. І ўсе гэтыя цуды рабіліся быццам бы лёгка, проста, як штосьці само сабой зразумелае — і адначасова “райскае” ва ўсіх сэнсах слова.

Прафесійнае

У адрозненне ад прозвішча, жыццё Барыса Іпалітавіча было зусім не райскім. Пры тым, што ніхто іншы не зрабіў такога ўнёску ў развіццё беларускай музычнай культуры і нацыянальнай кампазітарскай школы, ён так і не атрымаў званне народнага. Можа, таму што быў імігрантам з сям’і эмігрантаў, якія пасля 1917 года рушылі ў Кітай? У пасляваенны час ён з групай іншых музыкантаў-шанхайцаў вярнуўся ў СССР. Яшчэ праз нейкі час прыехаўшы па запрашэнні ў Мінск, узначальваў аркестр цырка. А потым — аркестр радыё, які сёння называецца сімфанічным аркестрам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.

— Я працаваў пад яго кіраўніцтвам 28 гадоў, — распавядае тагачасны канцэртмайстар і цяперашні дырыжор гэтага калектыву, заслужаны артыст Беларусі, дацэнт Валерый Сарока. — І вельмі ўдзячны Барысу Іпалітавічу, што ён адразу пачаў прыцягваць мяне, скрыпача, да дырыжыравання аркестрам. У адрозненне ад дыпламаваных выпускнікоў, якія пачынаюць навучанне з дырыжыравання пад два раялі, я адразу акунуўся ў аркестравую стыхію. Ён сам не меў дырыжорскай адукацыі, але, думаю, шмат чаго ўзяў ад бацькі, які быў рэгентам. Усё астатняе — гэта ягоная прыроджаная, а пазней выхаваная музычнасць. Пры нашай сістэме падрыхоўкі дырыжораў вучаць жэстыкуляцыі і рэпертуару, а гэта хіба тысячная доля таго, што патрабуецца ад гэтай прафесіі. Вось кіроўцы і заняты сабой: сваімі рукамі, сцэнічнымі паводзінамі. А каб аркестр загучаў па-сапраўднаму, патрабуюцца зусім іншыя высілкі. І ён дабіваўся гэтага! Сваімі арганізацыйнымі намаганнямі атрымаў для аркестрантаў радыё вельмі прыстойныя заробкі, і калектыў быў лепшым у краіне, сфарміраваўшы фонды нацыянальнай класікі, дзе кожны твор зроблены з любоўю, надзвычай акуратна і дасканала.

— Ён адчуваў музыку, як ніхто іншы, — гаворыць кампазітар, народны артыст Беларусі, прафесар Андрэй Мдзівані. — Як і ўсе шанхайскія джазмены, валодаў двума інструментамі розных груп: са струнных — віяланчэллю, з духавых — трамбонам. Я часам здзіўляўся, як без аніякіх маіх тлумачэнняў ён так дакладна разумеў задуму і ўмеў данесці яе да слухача. Мастацкасць выканання была — узрушальная, эстэтычна дасканалая. Тэмпы ў яго заўсёды былі спакойныя. Можа, яшчэ і таму, што ў Кітаі ён займаўся ёгай? Нам з Яўгенам Глебавым (а з ім Райскі ўвогуле сябраваў) часам хацелася хутчэй. Затое — ніколі ніводнай фальшывай ноты. Цяпер, здараецца, дырыжоры дбаюць пра гэта не заўсёды: прамільгануў фальш — а-а, няхай. А ён усё скурпулёзна “вычышчаў”, каб усё было ідэальна. Бо гэта быў чалавек, які служыў мастацтву.

Памятаю такі выпадак. Ён выконваў і запісваў мае Трэцюю і Чацвёртую сімфоніі. А калі ў філармоніі была прэм’ера Пятай “Памяць зямлі” для народнага аркестра, хору і меца-сапрана, я запрасіў яго паслухаць. Яшчэ да пачатку канцэрта ён выказаў сумневы, ці магчыма ўвогуле паўнавартасная сімфонія для такога складу, калі няма звыклых струнных, працягласці гуку. Пасля ж выканання быў вельмі ўзрушаны, што інструментарый цалкам адпавядаў задуме. Я дадаў, што ў мяне ёсць і версія для сімфанічнага аркестра (дарэчы, потым твор выконваўся і ў Маскве, аркестрам рускіх народных інструментаў, але аркестроўку для гэтага складу рабіў тагачасны кіраўнік калектыва Мікалай Някрасаў). І Барыс Іпалітавіч вельмі зацікавіўся такімі пераўтварэннямі, бо жыў музыкай, любіў яе па-сапраўднаму. І гэтая любоў адчуваецца ў кожнай ноце яго запісаў.

— Ён вельмі чуйна ставіўся да беларускай музыкі, — узгадвае кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Рыгор Сурус. — Не падзяляў кампазітараў “па рангах”, як гэта рабілі некаторыя: маўляў, да народных і заслужаных — адно стаўленне, да астатніх — іншае. Не, ён ставіўся да ўсіх роўна, ацэньваў найперш саму музыку і рабіў гэта надзвычай прафесійна. На кампліменты ў кампазітарскі бок звычайна скупіўся. Але калі ўжо ўхваляў, дык гэта была падзея.

Што да заўваг ці пытанняў, якія заўсёды ўзнікаюць пры развучванні новых твораў, дык усё гаварылася ціха, спакойна, амаль шэптам — і максімальна сцісла, па справе, без залішніх красамоўстваў. Калі штосьці яго не задавальняла ці ён меркаваў, што гэта можна было зрабіць лепей, дык ніколі не крытыкаваў, не разбіваў ушчэнт, а проста прапаноўваў дадатковыя ці ўвогуле альтэрнатыўныя варыянты. Цікава, што пры гэтым ён не толькі не парушаў аўтарскую задуму, а наадварот яе ўдасканальваў. І рабіў гэта настолькі далікатна, што камусьці тое здавалася… уласнай ідэяй! Ну, а наконт нейкіх новых прапаноў ці нават сумневаў яму можна было тэлефанаваць і на хатні — і без праблем вырашыць усе пытанні. Бо гэта быў чалавек без усялякага снабізму. Здавалася б, дробязь, але вельмі значная.

Асабліва часта яго прапановы тычыліся інструментальных штрыхоў, часцяком — рытма, бо ён звычайна імкнуўся яго “завастрыць”. А імправізацыю не любіў “выпісаную”. Бо лічыў, што музыканты з гэтым самі павінны спраўляцца, і гучаць гэта будзе больш натуральна. Для нас, кампазітараў, гэта была сапраўдная школа.

Ён цудоўна адчуваў любыя стылі. А ў эстрадных плынях быў такі спец, што іншым побач з ім рабіць няма чаго было. У свой аркестр, акрамя акустычных, ён увёў таксама электраскрыпкі. Але не замяняў імі ўсю скрыпічную групу, а выкарыстоўваў як дадатковае адценне — ці дзве першыя, ці толькі сола. Эфект — ашаламляльны! У тэмбравых фарбах ён быў сапраўдны мастак. І ва ўсім іншым таксама.

Працуючы з аркестрам, звяртаў найбольшую ўвагу на якасць ягонага строя. І той папраўдзе быў эталонным. Усе групы былі скаардынаваны, выбудоўвалася адзіная лінія, якая ніколі не ірвалася. У такіх умовах можна было дбаць і пра драматургію!

Прывяду такі прыклад. У нас і ва Украіне доўгі час ішла мая музычная камедыя “Несцерка”. Але запіс на радыё, які рабіўся з Барысам Райскім, стаўся зусім іншай інтэрпрэтацыяй. Акрамя двух салістаў тагачаснага тэатра музкамедыі — Наталлі Гайды і Рыгора Харыка, усе астатнія былі запрошанымі, з опернымі галасамі. Несцерку спяваў Віктар Скорабагатаў, Мальвіну — Ніна Казлова, Шкаляра — нябожчык Леанід Івашкоў. Змянілася ўсё, ад музычнай драматургіі да сэнсавых акцэнтаў!

Зробленыя Райскім запісы павінны гучаць і сёння. І не толькі як даніна яго памяці ці таму, што на іх былі выдаткаваны дзяржаўныя грошы, прыкладзены намаганні. Тыя магнітныя стужкі — папраўдзе вышэйшай выканальніцкай якасці і густу. Яны — наша культура. Наша гісторыя. Наша мастацкая спадчына.

Фота з архіва "К"

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"