Іван Кірчук. "Кола".
Першыя публікацыі з серыі — у №№ 3, 5.
6 чэрвеня.
19.55. Язычніцкая гара. Тры агромністыя крыжы ўскінуліся ў неба. Яны — быццам вялізныя грыбы, якія выраслі з адной грыбніцы! Я падымаўся на гару з цяжкасцю: ці то ад дажджу, што размыў сцежкі, ці то ад сваёй унушальнай вагі. Там навокал сядзелі парачкі. Моладзь “гудзела” з півам. І гэта на такім рытуальным месцы?
Я тры разы выліў накрыж ваду на зямлю, пасля паклаў кавалкі хлеба, запаліў свечку. Ніхто не казаў мне, што і як рабіць. Я рабіў гэта, быццам ведаў усё здаўна. Свячу задзьмуў вецер. Мне здалося, што Душы гэтай гары прыляцелі да трэбаў. Я не пайшоў да лесвіцы, дзе сядзела моладзь, а пачаў спускацца з гары па стромкай сцяжынцы. Ішоў і маліўся. То на польскай мове, то на рускай. Я адмольваў сябе? Ці родных? Ці чужых? Ці таму, што сёння — Троіцкія Дзяды? Не ведаю…
22.30. Завяршаецца дзень. І зноў стужка часу падхоплівае Душы, якія так блізка дакрануліся да зямлі, і ўносіць у нябесную Пространь. І мяне таксама так будзе круціць потым? Мабыць, так — калі нехта ўспомніць і памоліцца…
7 чэрвеня.
6.15. Бліжэй да ночы кватэра напоўнілася жанчынамі. Яны гаманілі, а я ад гэтага адвык. Наліў сабе кубачак чаю і сышоў, не ўнікаючы ў размовы, у якія ім яўна хацелася мяне зацягнуць. Ноч — не ў сваім пакоі, не на сваім ложку. З гадамі адчуваеш адрозненне. Цягне ў сваю келлю і асабліва на Курган.
11.50. Вось табе і Тракай, а я планаваў з’ездзіць! Дождж лье так, што я наскрозь мокры. Але ў Бога на мяне быў яўна іншы план.
У Вострай Браме была “пілігрымка” і малады ксёндз вёў службу. Я засмуціўся, што ўсё ідзе не па маім плане. Служба хутка праляцела, я ўзяў крэсла, сеў і заглыбіўся ў малітвы. Пасля кожнага круга пацерак прасіў Дзеву Марыю дастукацца да Бога і прабачыць усе памылкі і грахі Роду. Потым я доўга блукаў па крытым рынку ў спадзяванні, што дождж спыніцца. Але быў лівень. Я піў каву, глядзеў ТБ, дзе выступалі літоўскія “папсавікі” і цёмныя “гаваруны”.
Нарэшце я зноў у сваім часовым жыллі. Чай, трускаўкі. Вадзяныя слупы стаяць далёка-далёка за лесам. Ці то Троіцкія Дзяды так паліваюць зямлю слязьмі, ці то Неба чысціць Зямлю, пагружаючы людзей у разважанні.
Вялізныя выпарэнні падымаліся з лесу. Яны нагадвалі мне агромністых жырафаў, якія павольна плылі па-над мокрай лістотай. Выцягнулі празрыстыя шыі, выстраіліся ў нейкі рытуальны ланцуг і скіраваліся на захад ад Вільні.
8 чэрвеня.
Свяціла сонца, і горад шумеў. Я блукаў сярод шапікаў, захапляўся вянкамі бурштыну, разглядаў падарожных, любаваўся вернісажам каля царквы. Раптам сустрэў Алену, і яна завяла мяне ў капліцу Святой Фаўсціны. Тут я і прымёрз, натуральна!..
Працяг фрагментаў кнігі чытайце ў наступных нумарах “К”.