Сёлетняй тэматыкай Ягелонскага кірмашу сталі выцінанка і вяселле. У горадзе працавалі ажно тры выстаўкі выцінанак: агульнапольская, люблінская і сучасная выцінанка на тэматыку жыццёвага кола чалавека ў традыцыі. Асобная выстаўка была прысвечана вясельным звычаям на тэрыторыі Люблінскага ваяводства. Праходзілі майстар-класы па выцінанцы-выбіванцы і па вясельных спевах. Навучэнцы майстар-класаў па спевах пасля трох заняткаў выступілі з канцэртам, і вынік, трэба сказаць, быў добры, а цікавасць грамадства — вялікай.
Беларускія майстры годна прэзентавалі краіну. Можна было пабачыць і набыць беларускую вышыўку, тканыя вырабы, драўляную скульптуру, саломку, абярэгі з сена, упрыгожанні з бісеру, выцінанку, кераміку і яшчэ шмат чаго цікавага.
Атмасфера на імпрэзе — святочная, наведвальнікаў вельмі шмат, але, на мой суб’ектыўны погляд, усё ж менш, чым на віленскім “Казюкасе”. Калі ж параўноўваць з нашым “Вясновым букетам”, то ў вочы адразу ж кідаецца рознае стаўленне гарадскіх улад. Ягелонскі кірмаш праходзіць у Старым горадзе — у самым сэрцы Любліна, пра яго паведамляюць шматлікія буклеты для турыстаў цягам цэлага года. У адным з буклетаў ілюстрацыяй да кірмашу абраны фотаздымак беларускай бабулі Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна. Яна ўжо не першы год удзельнічае ў кірмашы: прадзе сабе кудзельку ў самай віхуры людской плыні…
Акрамя звестак аб кірмашы, люблінскія буклеты паведамляюць пра фальклорныя фестывалі “Песні Старой Еўропы”, “Фальклорныя Мікалайкі”, “Коды”, “Фалькларыстычныя спатканні імя Ігнація Вахавяка”. І гэта падзеі агульнагарадскога маштабу, дзе фальклор каштоўны сам па сабе, а не як фонавая музыка пад час імпрэзы на зусім іншую тэматыку.
У Беларусі ж імпрэзы, звязаныя з традыцыйнай культурай, выціснуты на перыферыю культурнага жыцця. Хто ведае пра “Вясновы букет”, акрамя саміх майстроў? Дзе атрымаць інфармацыю пра рэгіянальныя рамесныя і фальклорныя фестывалі? Хто адкажа на гэтыя пытанні?..
Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі
Наша кудзеля ў Польшчы
Талент заўсёды запатрабаваны. І не толькі ў тым месцы, дзе чалавек стварае рукачынныя шэдэўры. Гэта засведчыў чарговы ўдзел маларытчан у Ягелонскім кірмашы. У ім па запрашэнні Цэнтра культуры ў Любліне ў другі раз прынялі ўдзел дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец і народны майстар Рэспублікі Беларусь, жыхарка вёскі Дарапеевічы Сцепаніда Сцепанюк. Мерапрыемства праходзіла ў Старым Горадзе, мікрараёне Любліна.
— Адна з мэт кірмашу, — распавядае Валянціна Мікалаеўна, — прэзентацыя рамесных і рукадзельных вырабаў майстроў народнай творчасці з Польшчы, Украіны, Беларусі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама — абмен багатай праграмай культурных мерапрыемстваў. Мы са Сцепанідай Аляксееўнай, зразумела, прадстаўлялі тое, што складае асаблівы гонар маларыцкай зямлі: вышытыя ручнікі і тканыя вырабы. Усе наведвальнікі былі ў захапленні ад прыгажосці ды маляўнічасці ўзораў…
Маларытчане на кірмашы здолелі здзівіць не толькі гэтым: цікавасць у замежнікаў выклікалі вытканыя мужчынскія гальштукі, ручнікі з мясцовым арнаментам…
Валянціна Струнец і Сцепаніда Сцепанюк, як звычайна, давалі ў Польшчы майстар-класы. На іх збіралася шмат людзей, якія з захапленнем назіралі за тым, як твораць цуд рукі майстрых-чараўніц… Сцепаніда Аляксееўна паказвала і вучыла ўсіх ахвотных “рабіць” ільняныя ніткі з кудзелі…
Мікалай НАВУМЧЫК
Маларыта