Але падумалася ў гэтай сувязі пра іншае ды важнае, як падаецца, для нашага іміджа ва ўласных жа вачах і развіцця нацыянальнай культуры наогул. А дзе нашы фестывалі Міхаіла Казінца ці (а лепш — і) Аляксандра Анісімава, Міхася Дрынеўскага ды Міхаіла Фінберга, пры ўмове заснавання якіх мы не станем ужо казаць пра тое, што бракуе пляцовак і падзей для прэзентацыі класічнага і сучаснага нацыянальнага рэпертуару, непаўторных інтэрпрэтацый сусветнай музычнай спадчыны? Так, гэтага ў нас няма, і пытанне пра “калі з’явіцца” пакуль (?) мае рытарычны характар. Але мо варта падумаць пра з’яўленне падобных імпрэз? Прычым — не толькі ў сталіцы.
Скептыкі, вядома ж, выкажуцца адносна перспектыў правядзення піяр-кампаніі падобнага фестывалю: але ж і форумы Башмета ды Співакова не мелі б свайго статусна-элітнага характару, прынамсі, у нас, каб не наяўнасць у іх назвах “персанальнай прывязкі”. А канцэрты нават толькі тых калектываў, якімі кіруюць нашы дырыжоры з названага мной умоўнага “квартэта”, падаецца, ужо даўно не праходзяць без аншлагаў. А пасля некаторых і наогул патрабуюцца дадатковыя выступленні — “на біс”. Публіка ідзе на аркестры Фінберга, Анісімава, называючы іх па прозвішчы кіраўніка, а значыць, і на фестываль пад іх патранатам-куратарствам пойдзе.
Таксама, як сталі б заўважнымі падзеямі выстаўкі ды пленэры пад канцэптуальным кіраўніцтвам альбо куратарствам нашых слынных мастакоў ці дызайнераў, сталыя рэжысёрскія тыдні ці месяцы ў тэатрах, форумы ў фармаце “кампазітар збірае сяброў”, майстар-класы ад выкладчыкаў творчых дысцыплін, праграмы якіх складзены вядучымі профі ў пэўнай галіне… Дый ці мала чаго можна нафантазіраваць? Пакуль такое маем хіба з персанальнымі мастацкімі галерэямі. Справа ж у тым, каб пачаць. А не чакаць, па нашай сумнай традыцыі, нагоды далучыць да падзей прыдатак “імя…”.