Пад час свята.
Як прыцягнуць увагу да папаўнення экалагічных ведаў і развіцця турыстычнай інфраструктуры нашага краю? Адказам на гэтае пытанне і стала грыбное свята. На ім можна было не толькі весела бавіць час, але і сабраць кошык баравікоў-мацакоў. Таму ўдзельнікаў завітала шмат. А пачалося ўсё з каманднага грыбнога чэмпіянату сярод сельсаветаў “Па грыбное шчасце”. Ён доўжыўся чатыры гадзіны. Перамаглі — усе! Потым гасцей сустракаў крыніцкі Пан Багновік.
Ладзіліся конкурсы кухараў, лесарубаў, фатографаў. Апошнія павінны былі адлюстраваць сваю лясную здабычу на здымку. Інтэрактыўны напал свята не зніжалі Лесавік, а таксама — народныя майстры, што зладзілі для ахвотных майстар-класы па пляценні зграбных кошыкаў і па аквагрыме. Пад адкрытым небам працавала галерэя твораў юных мастакоў…
А заключны “экагрыбны” канцэрт прэзентаваў, у тым ліку, і вакальны гурт “Цаглінкі”, спецыяльна запрошаны з польскага горада Нарэўка.
Вольга ШЭПЕЛЬ, дырэктар РАМЦ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама