Юрый Несцярэнка - аўтар і выканаўца, гітарыст і вакаліст, арганізатар і натхняльнік гуртоў "White Night Blues" і "Niestary Band".
Так склалася, што з першым калектывам Юрый удзельнічае ў блюзавых канцэртах і фестывалях на радзіме і за мяжой. З другім жа грае ўсё астатняе, акрамя блюзу (умоўна). Гэта можа быць і праграма ў стылі рэггі, і рок-акустыка, і канцэрт аўтарскай музыкі з запрошанымі інструменталістамі ды вакалістамі, і што-небудзь "пацяжэй" - фанкі-метал, напрыклад.
Са сваімі калегамі-музыкантамі Юрый неаднаразова прымаў удзел у шматлікіх айчынных і замежных фестывалях: "Грыфаманія", "Рок-каранацыя", "Блюз жыве ў Мінску", "Мінск-блюз", "Рок-кола" (Полацк, Наваполацк), "Рок-тайм" (Магілёў), "Рок апоўначы" (Віцебск), "Biala Blues Festival", "Бардаўская восень" (Польшча), "Протяг" (Украіна) і многіх іншых.
Цікавы факт з біяграфіі музыканта - наяўнасць самых рознапланавых дуэтаў. Напрыклад, "Мару ўбачыць гэты дождж" з Пятром Ялфімавым (кавер-версія песні аўтарства Джона Фогерці). Або аўтарскія "Блюз Белай начы", выкананы разам з "Крамай", і "Дзве слязы" з гуртом "Палац" з альбома "Свята Вялікіх дажджоў". А таксама "Восеньскі мінор", запісаны для апошняга альбома з польскай спявачкай Ілонай Карпюк-Дамброўскай. Спіс можна працягваць. З гэтай нагоды хтосьці з музычных знаўцаў трапна заўважыў, што калі сабраць усе дуэты Несцярэнкі, атрымаўся б паўнавартасны альбом.