У яе працоўнай кнізе быў адзіны запіс: “Кіраўнік народнага хору Морацкага сельскага дома культуры Клецкага раёна”. Яна трапіла у Морач у 1980 годзе па размеркаванні пасля вучобы ў Мінскім музычным вучылішчы імя М.І. Глінкі. І творчы калектыў стаў ейнай сям’ёй, раднёй, той самай жыватворнай крыніцай, якая давала моц, гарэнне і творчае натхненне.
Адметнай манерай гучання калектыву цікавіліся знакамітыя творчыя асобы, сярод якіх — Г.І. Цітовіч, А.І. Бальцэвіч, В.Г. Бабачкін, Т.Б. Варфаламеева. А з часам Морацкі народны хор стаў сапраўднай творчай майстэрняй па зберажэнні беларускіх народных пеўчых традыцый, носьбітам і прапагандыстам нацыянальнага песеннага мастацтва. На базе хору праходзілі практыкумы кіраўнікоў харавых і фальклорных калектываў самага высокага кшталту.
За 32 гады працы Яўгеніі Піліпеня назапашаны найкаштоўнейшы песенны матэрыял, сфарміраваны стыль, імідж калектыву, запісаны шэраг тэлеперадач, музычныя альбомы, ёсць вялікая гісторыя перамог у прэстыжных конкурсах, унушальная геаграфія выступленняў, створаны дзіцячы фальклорны калектыў-спадарожнік “Марачаначка”, які носіць ганаровае званне “ўзорны”.
Яўгенія Ніканаўна была абрана дэпутатам Морацкага сельскага Савета дэпутатаў, заўжды мела высокі аўтарытэт як прафесіянал, грамадзянін, чалавек, матуля, жонка, сястра, калега і сябра. За вялікі асабісты ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці рэспублікі, вялікую грамадскую дзейнасць яна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, ушанавана высокім званнем — “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”.
Работнікі культуры Міншчыны заўсёды будуць памятаць аб адметнай творчай асобе — Яўгеніі Піліпеня, якая ўсё сваё жыццё з любасцю шчыравала ў далёкай беларускай глыбінцы.
Мінскі гаркам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры падтрымліваў Яўгенію Піліпеня ў складаныя часы хваробы і зробіць усё магчымае, каб яе творчая дзейнасць не была забыта.
Сябра і калега Галіна ЛЯЙКО, загадчык аргаддзела Мінскага гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў культуры