Чытаючы газету “Культура” ад 8 лютага, звярнула ўвагу на артыкул Міколы Козенкі. Аўтар вельмі заклапочаны лёсам фестывалю “Берагіня” і выказвае слушныя думкі наконт яго захавання. Фальклорны ўзорны калектыў “Знічка” Палатоўскай сярэдняй школы Полацкага раёна таксама мае дачыненне да гэтага форуму.
Апошнімі гадамі мы былі яго актыўнымі ўдзельнікамі і кожны раз з вялікім хваляваннем чакаем гэтае свята. Фестываль знаёміць з вытокамі народнай творчасці — мы больш пашырана ўяўляем, якімі разнастайнымі талентамі і багаццем нацыянальнай культуры валодае кожны рэгіён краіны. Гэтыя таленты — ўнікальныя.
Да фестывалю мы прыйшлі праз заняткі ў этнакласах. Што гэта нам дало? Дзеці вывучалі фальклорны тэатр, мастацтва вуснага слова, побытавыя танцы, ігру на народных музычных інструментах, развучвалі гульні і абрадавыя песні. Тыя, хто прайшоў такую школу, будуць ведаць святы народнага календара, песні бабуль і аповеды дзядуль. Гэта яны стануць зберагаць народныя звычаі ды абрады, перадаваць сваім дзецям, унукам.
Далучэнне дзяцей да народнай культуры фарміруе іх духоўнае багацце. Да ўсяго, у школе ёсць цудоўны Музей каляндарна-абрадавых традыцый. Праводзячы экскурсіі, гурткоўцы суправаджаюць свае аповеды паказам адпаведных абрадаў. Гурткоўцы не толькі вывучаюць фальклор, але і вядуць даследчую работу, якая дапамагае зразумець жыццё нашых продкаў.
Сістэма падрыхтоўкі і ўдзелу ў “Берагіні” — гэта сродак узнаўлення фальклору і этнізацыі, які дае рэальную магчымасць для выхавання чалавека з глыбокай базавай этнамастацкай адукацыяй і навыкамі стваральнай дзейнасці. Фестываль павінен існаваць, бо толькі ён дае магчымасць узнавіць фальклорны скарб кожнага раёна краіны, а мы мусім гэты скарб захоўваць і перадаваць нашчадкам.
Калектыў “Знічка” занепакоены далейшым лёсам унікальнага праекта. Ён далучаецца да ўсіх прыхільнікаў фестывалю “Берагіня” і з вялікай надзеяй спадзяецца, што яго яшчэ запросяць на свята.
Людміла КАЧАРГІНА, кіраўнік фальклорнага ўзорнага калектыву “Знічка”
Полацкі раён
З тэкстам Міколы Козенкі можна пазнаёміцца тут.
Некаторыя іншыя водгукі на публікацыю размешчаны тут і тут.